Прызёр “Белпошты” — прыхільнік “Народнай газеты”

На РУП “Белпошта” падвялі вынікі другога этапу конкурсу-віктарыны “Як ты ведаеш родную літаратуру?”. Як і на папярэднім этапе, у лік прызёраў увайшоў адданы чытач “Народнай газеты”.

На РУП “Белпошта” падвялі вынікі другога этапу конкурсу-віктарыны “Як ты ведаеш родную літаратуру?”. Як і на папярэднім этапе, у лік прызёраў увайшоў адданы чытач “Народнай газеты”.

Конкурс-віктарына, прысвечаны Году кнігі, стартаваў 1 красавіка і прадоўжыцца да канца лістапада. Яго арганізатар — РУП “Белпошта”. Падтрымлівае спаборніцтва “Народная газета”.

— Конкурс стаў вельмі папулярны сярод людзей самага рознага ўзросту. Пра гэта сведчаць тысячы лістоў, якія зноў прыйшлі на наш адрас, — адзначыла старшыня камісіі конкурсу намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП “Белпошта” Таццяна Гвоздзева. — Удзельнікі дасылаюць не толькі дакладныя адказы на пытанні віктарыны, але і допісы пра сябе, пра свой любы куточак зямлі, пра незабыўныя творы беларускіх паэтаў і празаікаў.

Разам з адказамі цёплыя радкі пра “Народную газету” даслаў гімназіст Георгій Архіпаў з г. п. Шуміліна, што на Віцебшчыне. “Мы, браты Архіпавы, Георгій і Максім, разам з матуляй з задавальненнем чытаем газету, адказваем на заданні і наогул жывём з газетай ужо некалькі год. Цікавая і пазнавальная “Народная газета” падыходзіць кожнаму”.

Георгій, якому адказваць на пытанні дапамагаў брат, а разам з ім яшчэ дзевяць знаўцаў роднай літаратуры будуць адзначаны заахвочвальнымі прызамі ад РУП “Белпошта”. Сям’ю Архіпавых чакае прыемны сюрпрыз і ад рэдакцыі “Народнай газеты”.

А пераможцамі другога этапу творчага спаборніцтва сталі сапраўдныя эрудыты — жыхары горада Жлобіна Гомельскай вобласці Святлана Міхайлаўна Міраеўская і Віталь Мікалаевіч Гнётаў, а таксама Святлана Мядзведская з вёскі Капачы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яны атрымаюць граматы і сувенірныя выданні — кнігі паштовых марак Рэспублікі Беларусь, у якіх змешчаны ўсе паштовыя маркі і блокі, выпушчаныя ў абарачэнне за каляндарны год. У кожным такім наборы размешчана самая прыгожая марка па выніках апытання-конкурсу на лепшую паштовую марку.

Конкурс-віктарына “Як ты ведаеш родную літаратуру?”, арганізаваны РУП “Белпошта”, працягваецца. Інфармацыю пра яго можна паглядзець на сайце www.belpost.by. Наперадзе яшчэ два этапы. Трэці этап завершыцца 30 верасня. Эрудытаў чакаюць прызы ад РУП “Белпошта” і сюрпрызы ад “Народнай газеты”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter