Прыйшоў кiраўнiк Дома культуры да дырэктара школы…

Чаму дзецi аддаюць перавагу эстрадзе, а не нацыянальным традыцыям?

Чаму дзецi аддаюць перавагу эстрадзе, а не нацыянальным традыцыям?

Рэспублiканскi фестываль фальклорнага мастацтва «Берагiня» штогод збiрае некалькi соцень удзельнiкаў з Беларусi i замежжа. Кожны раз у яго адрас гучаць толькi добрыя словы. I толькi пасля таго, як апускаецца заслона, арганiзатары свята i iншыя неабыякавыя людзi пачынаюць абмяркоўваць праблемы. Адна з самых актуальных — традыцыйная культура i дзецi. Днямi гэтую тэму абмяркоўвалi за круглым сталом.

— На маю думку, кожны фестываль цi iншы культурна-адукацыйны праект павiнен завяршацца грунтоўным аналiзам, — адзначыў намеснiк мiнiстра культуры Рэспублiкi Беларусь Тадэвуш Стружэцкi. — На жаль, пакуль гэта рэдкасць. Многiя нашы фестывалi — разавая культурная акцыя, дзе вiдовiшчныя сродкi з’яўляюцца галоўнымi, а iдэя i змест другаснымi. На мой погляд, абавязкова трэба мець навукова-метадычнае суправаджэнне, прыцягваць прафесiйных кансультантаў — усё гэта зробiць праект адметным i насычаным. «Берагiня» — добры прыклад. Гэта адзiн з найбольш цiкавых навукова-культурных праектаў у галiне традыцыйнай культуры, якi мае дакладна адпрацаваную канцэпцыю, цэлы комплекс мерапрыемстваў i г.д. Самае галоўнае — захоўваецца прынцып пераемнасцi: удзельнiкамi з’яўляюцца як носьбiты, так i дзецi.

Лёс традыцыйнай культуры будзе залежаць ад таго, цi зможа цяперашняе пакаленне ў поўнай меры далучыцца да яе i засвоiць, з рук у рукi пераняць побытавыя трады­цыi. Наша задача — спрыяць гэтаму. Мы разумеем гэта i штосьцi робiм, але комплексную сiстэму трэба яшчэ фармiраваць. Хацелася б, каб у сiстэме адукацыi былi больш зацiкаўленыя адносiны. На жаль, школа сёння трошкi адышла ад тых добрых традыцый, што iснавалi дзе­сяцiгоддзi раней. У вынiку выпускнiкi не атрымоўваюць у поўным аб’ёме фундаментальных ведаў, у тым лiку звязаных з традыцыйнай культурай.

— Iснуе таксама праблема кадраў, — лiчыць навуковы i мастацкi кiраўнiк «Берагiнi» Мiкалай Козенка. — Няма спецыялiстаў, якiя б маглi прафесiйна кiраваць i арганiзоўваць дзейнасць аўтэнтычных калектываў. Пачынаеш iх выхоўваць, нешта атрымлiваецца — яны сыходзяць. Ва унiверсiтэце культуры было толькi два выпускi спецыяльнасцi «этнафоназнаўства». Гэта ўсяго каля дзесяцi чалавек. Пагоду яны не зробяць. Тым больш што павiнна быць трохступенчатая сiстэма падрыхтоўкi, а ў нас толькi вышэйшая.

— Я сутыкнулася з такой праблемай, — распавядае дырэктар Пратасевiцкай дзiцячай школы мастацтваў Асiповiцкага раёна Магiлёў­скай вобласцi Наталля Еўда­кiмовiч. — Скончыла унiвер­сi­тэт культуры, некалькi гадоў папрацавала, зацiкавi­лася фальклорам. Захацела займацца iм прафесiйна. Звярнулася ў iнстытут перападрыхтоўкi кадраў, мне прапанавалi толькi эстрадны вакал.

— У нас няма праблемы кадраў, — гаворыць загадчык аддзела i мастацкi кiраўнiк узорнага гурта «Верабейкi» Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка. — У нас праблема ўзаемадзеяння памiж адукацыяй i культурай. Не на дзяржаўным узроўнi — на мясцовым. Дырэктар мясцовага ДК не можа знайсцi паразумення з дырэктарам школы. Да таго ж нашы спецыялiсты часта занятыя зусiм iншымi справамi. Акрамя асноўных абавязкаў, яны павiнны займацца прафiлактыкай наркаманii, барацьбой з гандлем людзьмi ды iншымi. Столькi спраў, што яны не могуць падняць галавы, каб прапагандаваць традыцыйную культуру.

— Многiя спецыялiсты прыкрываюцца платнымi паслугамi, — лiчыць старшыня Нацыянальнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзiмiр Шчасны. — Маўляў, ад нас патрабуюць, каб мы зараблялi грошы. Прапаную выйсце. Трэба зрабiць сайт, як у iншых краiнах, дзе будуць размешчаны звесткi аб нашай традыцыйнай культуры. Напрыклад, замежнiк хоча прыдбаць нейкi адметны беларускi выраб. На сайце ён зможа знайсцi звесткi аб майстры i заказаць, што яму трэба.

— Раней у Беларусi было шмат майстроў, якiя выраб­лялi музычныя iнструменты, — гаворыць Тадэвуш Стру­жэцкi. — Цяпер iх адзiнкi. Ёсць рызыка наогул страцiць традыцыi вырабу гармонiкаў i цымбалаў. Трэба сiс­тэма мер, у тым лiку адпаведная праграма. Зараз распрацоўваецца Дзяржаўная праграма «Культура Беларусi на 2011—2015 гады», дзе ёсць раздзел «Традыцыйная культура». На жаль, яна будзе выглядаць не зусiм так, як нам хацелася б. Прычына — у фiнансаваннi.

Сапраўды, сродкi часта становяцца прычынай знiк­нення розных унiкаль­ных з’яў, да якiх можна аднесцi i традыцыйную культуру. Гэта добра разумеюць усе ўдзельнiкi круглага стала. Таму яны iмкнулiся знайсцi выйсце не толькi ў разрэзе фiнансаў, але i пры дапамозе iншых шляхоў. Выказвалася яшчэ шмат цiкавых прапаноў. Напрыклад, заахвочванне носьбiтаў традыцыйнай культуры, стварэнне асобнай праграмы па нематэрыяльнай культурнай спадчыне i г.д. Намеснiк дырэктара вiлейскай гiмназii № 2 Мiкалай Iваненка прапанаваў вярнуцца да практыкi адраджэння этнашкол. На яго думку, з якой цяжка не пагадзiцца, гэта той асяродак, дзе выхоўваецца сапраўдны грамадзянiн Беларусi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter