Наведаць магілы родзічаў, што пахаваны ў зоне адсялення Магілёўскай і Гомельскай абласцей, можна будзе 18—21 красавіка

Прыехаць пакланіцца

Наведаць магілы родзічаў, што пахаваны ў зоне адсялення Магілёўскай і Гомельскай абласцей, можна будзе 18—21 красавіка. 

Святлана Новікава, галоўны спецыяліст адміністрацыі зон адсялення і адчужэння МНС адзначае, што для таго, каб патрапіць сюды, дастаткова будзе мець пры сабе толькі пашпарт: «У тых, хто прыбывае на машыне, запытаюць яшчэ і вадзіцельскае пасведчанне». Уязджаць на тэрыторыю зоны дазваляецца з раніцы і знаходзіцца там да 17.00. Звычайна жадаючых скарыстацца такой магчымасцю штогод налічваецца прыблізна 11—14 тысяч чалавек. Асноўны паток машын прыходзіцца гадзін на адзінаццаць, таму, раіць спецыяліст, каб не стаяць доўга ў чарзе на кантрольна-прапускным пункце, трэба пад’язджаць крыху раней. 

Ёсць, праўда, акалічнасці, якія датычацца Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў. Нюансы патлумачыў Дзмітрый Уклейка, памочнік камандзіра Гомельскай пагранічнай групы па рабоце са СМІ: «Гэта пагранічная зона, таму для яе наведвання ў сельсавеце неабходна атрымаць даведку, што тут пахаваны вашы родзічы. Калі такога дакумента няма, спатрэбіцца заплаціць пошліну ў 0,2 базавай велічыні». 

Дарэчы, знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю пажадана ў марлевых павязках і пальчатках. Святлана Новікава кажа, што дзяцей у такія паездкі лепш не браць: «Да таго ж, прыхапіце з сабой ваду, не збочвайце з вызначанага шляху і не паліце вогнішчаў».

Кацярына КРЭНЬ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter