Прычыны і следства з дакладных крыніц

Дзмітрый Партон вядзе праграму інтэрнэт-тэлебачання «СБ» «Тваё сёння», а з нядаўніх часоў яшчэ і «Прычыны і следства» на «Альфа Радыё»
Дзмітрыя Партона хтосьці памятае як прэс-сакратара Міністэрства ўнутраных спраў, нехта — як вядучага тэлепраграмы БТ «З дакладных крыніц», а, верагодна, хтосьці — яшчэ і як дырэктара па маркетынгу буйной лагістычнай кампаніі ў Маскве. Усё праўда, але даўняя. Сёння Дзмітрый Якаўлевіч у Мінску і зноў у журналісцкім страі. Акрамя кіруючай работы ў аб`яднанай рэдакцыі, ён вядзе праграму інтэрнэт-тэлебачання «СБ» «Тваё сёння», а з нядаўніх часоў яшчэ і «Прычыны і следства» на «Альфа Радыё».



— Дзмітрый Якаўлевіч, жыццё вас адводзіла ўсё далей і далей ад крымінальнай тэматыкі, але вы ўсё ж вярнуліся да яе. Чаму?


— Прычыны дзве. «Альфа» — першае ў краіне радыё, якое прэтэндуе называцца гутарковым. Гэта значыць, час, калі ў FM-прасторы дзясяткі дыджэяў проста хіхікалі ў эфіры, расказвалі анекдоты, а ў перапынках лілася музыка, паступова сыходзіць. Людзі хочуць слухаць, думаць, абмяркоўваць, атрымліваць карысную інфармацыю, у рэшце рэшт. А любімую музыку можна і з інтэрнэту скачаць. Таму кіраўніцтвам аб`яднанай рэдакцыі і было вырашана зрабіць акцэнт на размоўным радыё. Гэта складаная рэч, бо выказвацца павінны аўтарытэтныя людзі, якім давяраюць. Гэта медыйныя персоны, лідары меркаванняў, кампетэнтныя, разумныя і цікавыя суразмоўцы. Слухач хоча яшчэ і аналізу сітуацыі, цікавых фактаў і адказаў на свае жыццёвыя пы­танні.

Другой прычынай стала іні­цыятыва і прапанова з боку Следчага камітэта, якому вельмі спадабалася канцэпцыя нашага радыё. Вядома, і я не змог адмовіцца стаць вядучым падобнай праграмы, таму што праваахоўная тэматыка мне блізкая. Я з задавальненнем узяўся за гэты праект, бо калісьці на тэлебачанні вёў праграму «З дакладных крыніц». Думаю, што без такой практыкі было б складана працаваць у прамым эфіры, ведучы размову аб прычынах і следстве найбольш гучных злачынстваў. Нават веданне тэрміналогіі тут іграе вельмі важную ролю.

 — Крымінальных праграм на нашым радыё і тэлебачанні дастаткова, прычым на розны густ. Чаму трэба слухаць менавіта вашу?

— Крымінальных аглядаў, тыпу дзесьці кагосьці забілі, нешта скралі і таму падобнае, сапраўды многа. Ужо хай прабачаць мяне калегі, але зачытванне штодзённай зводкі злачынстваў ад МУС і пажараў ад МНС — гэта і праграмай не зусім можна назваць. Проста крымінальныя навіны. А перадач, якія ўздымаюць тэму з пункта гле­джання аналізу сітуацыі, апытанняў грамадскай думкі, прафілактыкі правапарушэнняў, пошуку прычын і аповеду пра асаблівасці расследавання, вельмі мала. Мы думалі, якім чынам падаць гэты праект? Я добра памятаю, як яшчэ ў маю бытнасць прэс-сакратаром МУС усе журналісты вымольвалі аператыўныя зводкі здарэнняў, а потым проста зачытвалі іх у эфіры. На жаль, гэта мае вялікі рэйтынг, але не зніжае колькасць гэтых самых правапарушэнняў. Таму мы вырашылі зрабіць праект «Прычыны і следства з Партонам і Ганчаровай», мэта якога — папярэ­джанне злачынстваў. Традыцыйна мы даём і парады бацькам, маладым лю­дзям, як не дапусціць таго, каб стаць часткай крымінальнай зводкі.

— Пазнаёмце са сваёй пастаяннай сувядучай.


— Юлія Ганчарова — афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта, былы следчы. Яна вядома і ў журналісцкіх колах як чалавек, якому нельга адмовіць у веданні матэрыялу і юрыдычнай кампетэнцыі. Я ў дыялогу больш выступаю ў ролі прадстаўніка народа. У кожнай праграме мы бяром нейкую вузкую тэму. Напрыклад, апош­няй былі заказныя забойствы. На шчасце, такіх злачынстваў у краіне нямнога, але ўсё ж здараецца нават, што жонкі «заказваюць» сваіх мужоў. Чаму гэта адбываецца? На прыкладзе канкрэтных гісторый мы і разбіраліся ў прычынах, расказвалі пра крымінальную адказнасць за падобныя злачынствы.

— Сёння слухачы і чытачы сталі больш актыўнымі, чым раней. Яны ўжо не могуць здавольвацца атрыманай інфармацыяй, яны хочуць яе абмяркоўваць услых, выказваць сваё меркаванне, часам нават спрачацца.

— Наша праграма выходзіць у прамым эфіры, і было б няправільна не падключаць да размовы слухачоў. У Фэйсбуку ў нас ёсць старонка праграмы, мы анансуем тэмы на сайце Следчага камітэта, у стужках сацыяльных сетак «Альфа Радыё», на партале sb.by і ў газеце «СБ». Гэта робіцца для таго, каб людзі тэлефанавалі, выказвалі свае думкі. Была вельмі яркая праграма па злачынствах супраць сексуальнай недатыкальнасці дзяцей і падлеткаў, калі дзеці праз сацсеткі трапляюць у рукі педафілаў. На жаль, без фактаў тут не абысціся. Часцей за ўсё нам вядомы толькі вынік гісторый. Юлія ж расказвае пра тое, як ішло расследаванне, як бацькам і сваякам прадухіліць падобныя трагедыі на раннім этапе. Таксама малюе паводзінскі партрэт чалавека, які схільны да падобных злачынстваў, характарызуе яго манеру перапіскі і зносін з патэнцыяльнымі ахвярамі. Словам, вядзём прафілактычную, інфармацыйна-аналітычную работу. Але не магу сказаць, што ў нас шмат званкоў. Па-іншаму і быць не можа. Мы ж не адвакаты, каб даваць кансультацыі, і не суддзі, каб адмяняць прысуды. А людзям часцяком менавіта гэта і трэба. Прыемна, калі людзі выказваюць свае меркаванні па той ці іншай праблеме, хай нават вельмі жорсткія.

Яшчэ адзін модны паказчык у інтэрнэтчыкаў — індэкс цытавання. Ён не зусім і ў дачыненні для радыёэфіраў, але цытаваннем праекта «Прычыны і следства» мы ганарымся. Гэта адбываецца дзякуючы Юліі Ганчаровай, якая агуч­вае як расследаванне абсалютна но­вых крымінальных спраў, так і падрабязнасці старых, але вельмі рэзанансных. Напрыклад, у адной з апошніх перадач яна расказвала пра тое, што злачынцу затрымалі толькі праз 14 гадоў. Але гэта была абсалютна свежая інфармацыя. Тут і спрацаваў ланцужок цытавання. Па вялікім рахунку, журналістам іншых СМІ ўжо не трэба было звяртацца ў Следчы камітэт, бо вычарпальная інфармацыя прагучала ў эфіры «Альфа Радыё». Не раз назіраў, як перад эфірам Юліі паступаюць званкі з просьбай пракаментаваць нейкі выпадак, а яна адпраўляе журналіста да нашага эфіру.

— Скажыце, а хто слухачы вашай праграмы?

— «Альфа Радыё» слухае сярэдняе і старэйшае пакаленне: людзі ад 35 гадоў і старэй. На гэта арыентавана і музычная канцэпцыя — песні канца 80-х — 90-х гадоў. Гэта сярэдні клас: адукаваны, думаючы інтэлігентны чалавек, з пэўнай доляй настальгіі па тым часе. Ён едзе за рулём, слухае радыё і разважае. Мяркуючы па званках, гэта ў асноўным бацькі, якія турбуюцца за будучыню сваіх дзяцей, часам пажылыя людзі. Моладзь тэлефануе мала, затое яна актыўна ўдзельнічае ў апытаннях на вуліцах Мінска, якія штотыднёва праводзіць для нашай праграмы студэнтка факультэта журналістыкі Яна Кур`ян. Ведаеце, нельга зрабіць радыёстанцыю, якая будзе падабацца ўсім, пачынаючы ад тынэйджараў і заканчваючы пенсіянерамі. Таму намі абраны менавіта такі сегмент грамадства.

— Чаму не запрашаеце ў праграму экспертаў: следчых, суддзяў і гэтак далей?


— На «Альфа Радыё» сапраўды досыць часта прыхо­дзяць госці. Іх запрашаюць вядучыя Аляксандр Мартыненка, наш доктар Аляксандр Цярэшчанка, спартыўны аглядальнік Сяргей Канашыц і многія іншыя. У праграмы «Прычыны і следства з Партонам і Ганчаровай» іншы фармат, які вызначаны і ў назве. Збольшага прычына ў тым, што праваахоўная тэматыка, і тым больш следчыя дзеянні, — тэма дастаткова закрытая і складаная для шырокай грамадскасці. А Юлія Ганчарова вельмі даступна тлумачыць тую ці іншую сітуацыю, думаю, не кожны следчы мог бы гэта зрабіць. Ды і да таго ж ім звычайна няма часу хадзіць на эфіры, яны ж расследуюць злачынствы і зусім не медыйныя людзі.

— Вось вы сказалі пра занятасць следчых, а самі калі паспяваеце столькі спраў рабіць?


— Мая пасада — намеснік га­лоўнага рэдактара рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», дзе асноўная задача — займацца інтэрнэт-парталам sb.by і нашай радыёстанцыяй «Альфа Радыё». Гэта ў асноўным адміністрацыйная праца. Але я — чалавек творчы. Больш за тое, лічу, што журналіст — гэта не толькі прафесія, але і ўнутраны стан, і гэта выдатна дэманструюць кіраўнікі шэрагу СМІ. Сапраўды, мне падабаецца гэтая праца, тым больш што ў маладосці я пачынаў з радыё. Асабліва імпануе прамы эфір на тэлебачанні ці радыё. Няма нічога цікавейшага за жывые зносіны са слухачамі і гледачамі. Тут ёсць свой адрэналін, які дае яшчэ і зарад бадзёрасці. Але калі шчыра, сумяшчаць досыць складана.

Праграма «Прычыны і следства з Партонам і Ганчаровай» выходзіць на «Альфа Радыё» ў Мінску (107,9 FM), Брэсце (100,8 FM), Віцебску (107,6 FM) і Гродне (98,4 FM) па аўторках у 17.00. Тэлефануйце, выказвайце меркаванні і задавайце пытанні ў прамым эфіры. Тэлефон у студыі ў Мінску 20-20-103

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter