Праз таямнiцу Пасхi да духоўнага прабуджэння

Пастырскае пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2013

Пастырскае пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Вялiкдзень 2013

 

Глыбокапаважаныя святары, браты i сёстры, людзi добрай волi!


«Хрыстус уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»


1. Гэтымi словамi пасхальнага заклiку вiтаю i вiншую ўсiх вас з радасным i збаўчым святам Уваскрасення Езуса Хрыста, святам, якое з’яўляецца падмуркам нашай веры, бо калi б Хрыстус не ўваскрос, то марным было б нашае прапаведванне i марнай была б наша вера (пар. 1 Кар 15, 14), — як заўважае св. апостал Павел. Гэта азначае, што без Уваскрасення наша вера была б падобнай да пабудаванага на пяску дома, якi разбурылi б дажджы i ветры (пар. Мц 7, 24–27). У той жа час наша вера засноўваецца на Уваскрасеннi Хрыста.


2. Пацвярджэннем Уваскрасення Езуса быў як пусты гроб, да якога прыйшлi жанчыны, якiя прынеслi алей, i апосталы Пётр i Ян, так i прысутнасць сярод апосталаў уваскрослага Хрыста. Яны сустрэлi Яго ў Вячэрнiку i па дарозе ў Эмаус i таксама пазналi Яго падчас супольнага пасiлку каля Галiлейскага возера. Святы Тамаш дакрануўся да Яго ранаў. Ён аб’явiўся больш чым пяцiстам чалавек.


Гэта былi рэальныя сустрэчы, якiя адбылiся ў рэальны час i ў рэальных месцах. Яны былi апiсаны сведкамi, многiя з якiх пацвердзiлi iх праўдзiвасць мучанiцкай смерцю.


3. Падзея, якая адбылася дваццаць стагоддзяў таму, працягваецца i дакранаецца да кожнага з нас у сакрамэнце хросту, у якiм мы памiраем для граху i ўваскрасаем да жыцця ў Божай ласцы. У iм мы акунаемся ва Уваскрасенне Хрыста, якi адкрывае нам доступ да новага жыцця (пар. Рым 6. 3–4. 11–14). Без гэтага ўваходжання ў таямнiцу цярпенняў, смерцi i Уваскрасення Езуса мы б глядзелi на таямнiцу Пасхi, як турыст глядзiць на горад праз акно аўтобуса. Гэтым самым не дазволiлi б пасхальнай падзеi ахапiць усе вымярэннi нашага жыцця i ўвайсцi ў яго. У той жа час дзякуючы Пасхальнай таямнiцы мы становiмся дзецьмi Божымi, i апошняе слова адносна нашага лёсу належыць не да смерцi, але да жыцця. Уваскрасенне Хрыста змянiла прыроду чалавека i свету, у якiм прысутнiчае Збаўца. Мы можам Яму давяраць i ў Iм мець надзею, бо Ён не належыць да мiнулага, але ёсць сучаснасцю i вядзе ў будучыню. Прыгожа аб гэтым нагадвае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, якi заклiкае да жыцця надзеяй, у якой мы збаўлены (пар. SS 1).


Уваскрасенне Хрыста ёсць пераход да жыцця ў новым вечным вымярэннi. У гэтым крыецца перамога Пасхi як наша збаўленне! Таму разам са св. Аўгустынам можам казаць, што Уваскрасенне Хрыста ёсць нашай надзеяй, бо ўводзiць нас у новую будучыню.


Такiм чынам праўда аб Уваскрасеннi Хрыста адкрывае перад чалавекам новую перспектыву яго жыцця, у якое ўваходзiць подых вечнасцi. Таму апошнiм вымярэннем жыцця чалавека з’яўляецца не тленнасць, але вечнасць. Святы апостал Павел кажа: «Калi ж вы ўваскрэслi з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзiць праваруч Бога» (Кал 3, 1). Як вучнi Хрыста мы павiнны быць сведкамi гэтага заклiку з мэтай паказваць значэнне Уваскрасення Хрыста ўсiм людзям, каб свет паверыў.


4. Для гэтага святло Уваскрасення найперш павiнна перамяняць нас, каб мы маглi быць яго сведкамi. Наша краiна патрабуе гэтага ажыўляючага святла Езуса Хрыста, якi ёсць знакам нашай гiсторыi i яе моцай. Наш народ заўсёды чэрпаў сiлы з пасхальнай праўды i да яе павiнен цяпер прыбягаць, найперш у справе свайго маральнага аднаўлення.


Да свабоды веравызнання наш народ iшоў шляхамi цярпенняў i малiтвы. Сёння пакрыху забываемся аб тых цяжкiх часах. Але цi ў той жа час наша жыццё мы заўсёды будуем з Богам?


На самой справе ў сучасным свеце ўсё больш i больш праяўляецца практычны матэрыялiзм i папулярызуецца стыль жыцця без Бога. Нярэдка чалавек становiцца як быццам прадметам, так што яго вартасць часта мерыцца рахункам у банку, неўтаймаванай пагоняй за багаццем, здольнасцю арганiзаваць бiзнэс, здароўем цi спраўнасцю дастаўляць прыемнасцi i г.д. Да гэтага далучаецца прапаганда лiбералiзму, уседазволенасцi, пазасужэнскага сексу, парнаграфii, насiлля, неабмежаванага спажывецтва i шопiнгу. З вялiкай хуткасцю далей распаўсюджваецца алкагалiзм, наркаманiя i чума нашага часу — СНIД. Сям’я, як галоўная клетка грамадства, перажывае нябачны дагэтуль крызiс да такой ступенi, што прапагандуюцца аднаполыя саюзы з правам усынаўлення дзяцей. Самы вялiкi i бясцэнны Божы дар, якiм ёсць жыццё, абясцэньваецца, i iм манiпулююць. Свет падзелены. Чалавек усё часцей становiцца на шлях эгаiзму, усё больш клапоцiцца пра сябе самога i забываецца аб любовi да блiжнiх.


Словам, пануючы ў сучасным свеце секулярызм заключаецца ў паступовым пазбаўленнi спадчыны чалавека, як Божага твору. Ён пазбаўляецца Бога, сям’i, сужэнства, дзяцей, свайго мiнулага, адпушчэння грахоў i веры ў Божую мiласэрнасць i г.д.


Сучасная культура вельмi часта падобна да культуры падлеткаў. Важна, каб толькi штосьцi круцiлася, гудзела, шумела i блiшчала. Чалавек, асаблiва малады, iмкнецца адрознiвацца ад iншых i быць арыгiнальным сваiмi далёка не заўсёды маральнымi паводзiнамi, адзеннем, прычоскай, татуiроўкай i г.д. Сучаснымi тэхналогiямi людзi стараюцца змянiць сваё цела. Яны змяняюць дыеты, асяроддзе, памяшканне i г.д. Некаторыя нават становяцца транссексуаламi. Такiм чынам сучасны свет усё больш становiцца падобным да велiзарнага гiпермаркета, якi запоўнены разнастайнымi касцюмамi. Перад iм натоўп людзей, якiя ў iх шукаюць свайго ўласнага «я». У гэтым пошуку, якi адбываецца без адносiн з Богам, яны бясконца пераапранаюцца ў новыя адзеннi, што, аднак, не дапамагае iм да канца зразумець самiх сябе. Такiм чынам, пошук магчымасцi стаць iншым у наш час з’яўляецца знакам адыходу ад Бога, як нашага Творцы i Збаўцы, у вынiку чаго чалавецтва акунаецца ў духоўную цемру, не могучы адрознiць дабро ад зла.


Духоўным анамалiям сучаснасцi неабходна супрацьпаставiць праўду аб годнасцi i святасцi чалавека як створанага па вобразу i падабенству Божаму (пар. Быц. 1, 26) i адкупленага цярпеннямi i Уваскрасеннем Хрыста (пар. 1 Петр 1, 19).


5. Каб гэта ўчынiць, трэба мець моцную i непахiсную веру, якая выплывае з праўды Уваскрасення. Менавiта яна мае фундаментальнае значэнне хрысцiянству i з’яўляецца ключом да разумення хрысцiянскага бачання свету. Хрысцiянства — гэта не толькi i не столькi фiласофская сiстэма, этыка, культура цi збор маральных норм, але сустрэча з уваскрослым Хрыстом, якi з’яўляецца яго крынiцай. Уваскрасенне Хрыста — гэта праўда, у якую верым, i адначасова галоўная прычына, для якой верым.


У падзеi Уваскрасення знаходзiць сваё тлумачэнне драма крыжовай смерцi Хрыста. Сам крыж не мог бы абгрунтаваць хрысцiянскай веры. Больш за тое, ён назаўсёды застаўся б трагедыяй. Сутнасцю пасхальнай таямнiцы ёсць тое, што ўкрыжаваны Езус уваскрос на трэцi дзень (пар. 1 Кар 15, 4).


Вера ва Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца сутнаснай справай нашага рэлiгiйнага жыцця, бо яна надае яму канчатковы накiрунак. Без яе мы сталiся б падобнымi да капiтана карабля, якi ведае, як iм упраўляць на моры, але не ведае, куды плысцi. Што з таго, што карабель яму паслухмяны i ён ведае, як сябе паводзiць падчас шторму, калi не можа даплысцi да порту прызначэння?


На працягу ўсёй сваёй гiсторыi чалавецтва шукала элiксiру вечнасцi, лекаў ад смерцi. Але гэтыя лекi iснуюць ад велiкоднага паранку. Яны перамяняюць нашае жыццё знутры i твораць у нас новае, якое заслугоўвае вечнасцi. Яны змяняюць нас так, што смерць ужо больш не з’яўляецца канцом, але пачаткам жыцця ва ўсёй паўнаце. Навiна хрысцiянства ў тым, што яно дае лекi нясмяротнасцi. Мы iх атрымлiваем у сакрамэнце хросту, якi распачынае ў нас новае жыццё, якое даспявае ў веры i якое не будзе знiшчана смерцю.


6. Калi жанчыны, якiя неслi алей, прыйшлi да грабнiцы Езуса i ўбачылi, што яна пустая, то з вуснаў анёла пачулi, што Хрыстус уваскрос (пар. Мц 28, 5). Такiм чынам, анёл стаў для iх першым вестуном Уваскрасення. Жанчыны, распавядаючы аб гэтым апосталам, у сваю чаргу, сталi для iх вестунамi гэтай рэвалюцыйнай i неспатыканай весткi, што памерлы Хрыстус паўстаў з гробу. Далей апосталы атрымалi ад Езуса наказ iсцi i абвяшчаць Евангелле па ўсiм свеце (пар. Мц 28, 19). Хрыстус iм выразна сказаў: «Як паслаў Мяне Айцец, так i я пасылаю вас» (Ян 20, 21). Гэта азначае, што як Езус быў вестуном любовi нябеснага Айца, таксама i мы павiнны быць вестунамi любовi Сына. Хаця мы i застаёмся далей людзьмi, аднак праз хрост i канфiрмацыю нам была даручана мiсiя быць вестунамi ўваскрослага Хрыста.


Абвяшчэнне ўваскрослага Езуса ёсць прынцыповай справай нашай веры, якая перажывае крызiс i агонь якой неабходна распалiць нанова. Гэта галоўнае заданне Касцёла на сучасным этапе яго развiцця. Наша вера засноўваецца на пастаянным i верным абвяшчэннi Добрай Навiны. А гэта патрабуе новага мiсiйнага запалу i поўных энтузiязму адважных сведкаў Евангелля.


Звестка аб новым жыццi ва ўваскрослым Хрысце найперш павiнна знайсцi месца ў нашым асабiстым жыццi. Яна павiнна перамянiць нашы сэрцы i ўсё наша жыццё. Уваскрасенне мае нешта супольнае з адмаўленнем ад граху. З псiхалагiчнага пункту гледжання многiя лiчаць за лепшае заставацца ў грабнiцы сваiх грахоў, боязi i адрачэння, расчараванняў i ранаў. Яны выбiраюць грахоўны гроб, бо баяцца духоўнага жыцця.


Таму сёння мы, слабыя i грэшныя людзi, звяртаемся да Цябе, уваскрослы Езус, словамi малiтвы благаслаўлёнага Яна Паўла II (17 красавiка 1999 г.):


Ойча, адчынi нашы грабнiцы!


Бо без Уваскрасення будучыня няпэўная,


без Уваскрасення вера пазбаўлена падмуркаў,


без Уваскрасення перамагло б зло,


без Уваскрасення толькi сучаснасць ёсць усiм,


без Уваскрасення цемра застаецца без свiтанку,


без Уваскрасення чалавецтва не мае альтэрнатывы,


без Уваскрасення смерць перамагае,


без Уваскрасення гарызонт застаецца абмежаваны,


без Уваскрасення сэнс жыцця застаецца таямнiцай.


Таму пасланне Пасхi заўсёды застаецца жывым i актуальным. Яно дае нам новую надзею як у зямным жыццi, так i ў вечнасцi; заклiкае нас яго абвяшчаць i быць яго сведкамi, а таксама ўмацоўвае нашу веру.


7. Сёлетнi Вялiкдзень вельмi знакавы. Гэта першы Вялiкдзень, якi мы святкуем з новым Папам Францiшкам. Менавiта яму Бог даручыў заданне кiравання Паўсюдным Касцёлам у наш, поўны розных выклiкаў, час. Працягваючы справу благаслаўлёнага Яна Паўла II i Бэнэдыкта XVI, ён паклiканы весцi нас да духоўнага абуджэння i ўмацавання веры. У гамiлii падчас святой Iмшы, якую новы бiскуп Рыма цэлебраваў 14 сакавiка ў Сiкстынскай капэле разам з Калегiяй кардыналаў у iнтэнцыi Касцёла, ён падкрэслiў неабходнасць разам з Хрыстом крочыць наперад, будаваць Касцёл i вызнаваць веру. Але дзеянне без Хрыста не вядзе да добрых мэтаў. Будаванне без Хрыста нагадвае пясочныя замкi, якiя рассыпаюцца, а вызнаванне чагосьцi iншага, апроч Хрыста, становiцца служэннем сатане.


Усiм вядома, што дзеянне з’яўляецца прыкметай жыцця. Таму гэтая заўвага Папы з’яўляецца надзвычай важнай. У гамiлii падчас святой Iмшы iнаўгурацыi Пантыфiкату 19 сакавiка Папа Францiшак падкрэслiў, што Хрыстус з’яўляецца цэнтрам хрысцiянскага паклiкання, i заклiкаў не баяцца ўражлiвасцi на праблемы сучаснага свету з мэтай не дапусцiць, каб знакi знiшчэння i смерцi яму спадарожнiчалi.


Сёлетнi Вялiкдзень адзначаецца падчас Года веры, i таму мы павiнны нанава адкрываць значэнне пасхальнай праўды i ёю ўмацоўваць нашу веру.


Гэты год — таксама год, калi адзначаецца 1700–годдзе славутага Мiланскага эдыкту, якi прызнаў хрысцiянству роўныя правы з iншымi рэлiгiямi i гэтым самым даў пачатак яго буйному развiццю, што мела сваю крынiцу ў таямнiцы Уваскрасення Хрыста.


У гэтым годзе мы таксама адзначаем 1150–годдзе ўвядзення славянскага пiсьменства святымi Мятодам i Кiрылам. Гэтая сапраўды рэвалюцыйная падзея дала магчымасць славянскiм народам мець Божае слова на славянскай мове.


Сёлета мы святкуем юбiлей 400–годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Мацi ў Будслаў. На працягу чатырох стагоддзяў Марыя была з намi, падтрымлiвала нас i вяла да свайго Сына Езуса Хрыста. Яна стаяла з намi пад крыжам ганенняў на Касцёл, каб прывесцi да радасцi яго Уваскрасення. Сёння, у час свабоды веравызнання i адначасова крызiсу веры, мы звяртаемся да цябе, Мацi Божая Будслаўская, абаранi нас ад зла секулярызму i выпрасi ў свайго Сына ласку вернасцi нашаму хрысцiянскаму паклiканню i жыццю праўдай Яго Уваскрасення.


Мы верым, што Ён выслухае твае просьбы i ўчынiць нас удзельнiкамi сваёй пасхальнай перамогi, адродзiць да новага жыцця ў духу i праўдзе, умацуе веру, дасць новую надзею i ажывiць любоў!


8. Глыбокапаважаныя браты i сёстры!


Яшчэ раз ад усяго сэрца вiншую вас са святам Вялiкадня. Вiншую сваiх адзiнаверцаў i тых хрысцiян, якiя сёння адзначаюць гэтае збаўчае свята. Вiншую праваслаўных. Сёлета рознiца календароў вельмi вялiкая (Пасха ў праваслаўных 5 мая), але вера ва Уваскрасенне Хрыста застаецца адной i адказнасць за яе — супольнай. Вiншую людзей добрай волi. Хрыстус збавiў усiх, i ўсе паклiканы прымаць удзел у Яго перамозе.


Ад пустой грабнiцы Збаўцы з надзеяй i адвагай разам з новым Пантыфiкам Францiшкам пойдзем сведчыць праўду Уваскрасення, пойдзем у будучыню — нашу асабiстую i нашай краiны, верачы, што яна будзе шчаслiвай, бо ўваскрослы Езус ёсць з намi. А калi Бог з намi, то хто супраць нас? (пар. Рым 8, 31)


Поўных Божай ласкi, духоўнай радасцi i супакою святаў Вялiкадня Хрыстовага ўсiм вам!


Няхай пасхальны заклiк «Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» гучыць на нашай зямлi i будзiць людзей да новага жыцця ва ўваскрослым Езусе.


Давяраючы ўсiх вас апецы Божай Мацi, гэтыя пажаданнi ўмацоўваю благаслаўленнем у iмя Айца, + i Сына, i Духа Святога. Амэн.


Арцыбiскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВIЧ, Мiтрапалiт Мiнска–Магiлёўскi.


Мiнск, 2013 г.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter