Кніга казак украінскага пісьменніка Міхайлы Слабашпіцкага выйшла па-беларуску

Праз Афрыку — у свет душы

Усё шырэйшай становіцца прастора беларуска-ўкраінскіх літаратурных зносін. На старонках беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыкі з’яўляюцца новыя артыкулы пра стасункі дзвюх славянскіх літаратур, новыя пераклады ўкраінскай паэзіі, прозы. Галіна Тарасюк, Уладзімір Даніленка, Яраслава Паўлычка, Анатоль Дзімараў, Васіль Парцяк — іх творы ў апошні час з’явіліся на старонках часопіса “Полымя”, газеты “Літаратура і мастацтва”.



А ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет кніга казак празаіка Міхайлы Слабашпіцкага “Ці далёка да Афрыкі?”. Пад адной вокладкай — сем казак: “Ці далёка да Афрыкі?”, “Нашчадак тарпанаў”, “Слаўка і Жако”, “Папугай з асенняй галінкі”, “Дрэва на тратуары”, “Цінь-Цвірынь”, “Цінь-Цвірынь у заапарку”. 

Украінскі пісьменнік з чуйным слыхам пранікае ў дзіцячую псіхалогію, апісвае стасункі дзятвы з навакольным светам. Скажам, казка “Дрэва на тратуары” — пра ўсе выдаткі гарадской экалогіі, пра абыякавасць і чуласць людзей, якія часам зусім не заўважаюць плыні жыцця. Твор яшчэ раз нагадае, наколькі мы залежныя ад змен у прыродзе, ды, разам з тым, наколькі мы ўсе адказныя за наваколле, за прыроду, што патрабуе ўвагі і павагі.

“Нашчадак тарпанаў” — шчымлівы расповед пра любоў да жывёл. Сюжэт даволі просты: хлопчык прыязджае з горада ў вёску на летаванне, пачынаецца яго сяброўства са старым канём. Малы ўспрымае жывёлу як сябра, непакоіцца станам “нашчадка тарпанаў”... А казка “Ці далёка да Афрыкі?” — сапраўдны ўрок любові да роднага і разам з тым павагі да чужога. Кніга казак Міхайлы Слабашпіцкага — вялікае віртуальнае падарожжа, спакойная школа асветніцтва і выхавання, пазбаўленая лішняй дыдактыкі.

Да знаёмства з М. Слабашпіцкім нагадаем: нарадзіўся ён у 1946 годзе. Закончыў факультэт журналістыкі Кіеўскага дзяржуніверсітэта. Працаваў рэдактарам аддзела крытыкі газеты “Літературна Україна”. З 1995 года — выканаўчы дырэктар Лігі ўкраінскіх мецэнатаў, дырэктар выдавецтва “Ярославів Вал”. З 2006 года — сакратар рады Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Аўтар публіцыстычных, дакументальных, гістарычна-літаратурных твораў, аповесцяў і апавяданняў, адрасаваных дзецям. Вось некаторыя з яго кніг: “Поет із пекла (Тодось Осьмачка)” (за гэты твор ён адзначаны Нацыянальнай прэміяй імя Т. Шаўчэнкі за 2005 год), “Українець, який відмовився бути бідним” (пра Пятра Яцыка), “З голосу нашої Кліо”, “Марія Башкирцева” (гэты раман быў перакладзены на рускую і французкую мовы), “Що записано в книгу життя. Михайло Коцюбинський та інші”. Міхайла Слабашпіцкі — лаўрэат літаратурных прэмій імя Аляксандра Білецкага, Лесі Украінкі, Алены Пчолкі, Міхайлы Кацюбінскага, братоў Лепкіх. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter