Правілы законнай рыбалкі

З 26 чэрвеня штрафы для браканьераў вырастуць у тры разы

З 26 чэрвеня штрафы для браканьераў вырастуць у тры разы — у краіне пачнуць дзейнічаць новыя Правілы палявання і рыбалоўства.

«Напрыклад, паляванне на лася каштуе 95 базавых велічынь, раней амаль такім жа быў і штраф за яго незаконнае забойства. Цяпер браканьеру прыйдзецца вылажыць 300 базавых. Думаю, гэтая сума прымусіць яго задумацца: паляваць легальна ці не, — тлумачыць сітуацыю Аляксандр Драгун, кіраўнік упраўлення аналізу і кантролю за аховай і выкарыстаннем аб,ектаў жывёльнага і расліннага свету Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. — Увогуле, новыя сумы штрафаў за забойства жывёл і рыб мы распрацоўвалі ў залежнасці ад унікальнасці віду».

Дарэчы, пра рыб. Па новых правілах тэрмін забароны на яе лоўлю зменены і адрозніваецца па рэгіёнах. Так, на Брэстчыне і Гомельшчыне лавіць рыбу вясной нельга будзе з 20 сакавіка па 18 мая, на Міншчыне, Магілёўшчыне і Гродзеншчыне — з 1 красавіка па 30 мая, на Віцебшчыне — з 10 красавіка па 8 чэрвеня.

Дазвол на арэнду рыбалоўных угоддзяў зараз пачнуць выдаваць аблвыканкамы. Прычым тэрмін арэнды павялічаны з пяці да дзесяці гадоў.

Што ж датычыць паляўнічых, то цяпер, каб атрымаць дзяржпасведчанне, ім спатрэбіцца прайсці падрыхтоўчыя курсы і здаць спецыяльны экзамен. А яшчэ ім неабходна будзе мець картку ўліку парушэнняў і выплаты дзяржпошліны. Плаціць яе трэба раз у каляндарны год у памеры адной базавай велічыні.

Акрамя таго, з 26 чэрвеня паляўнічыя пуцёўкі плануецца пачаць прадаваць праз Інтэрнэт. «Яны будуць сапраўдныя праз гадзіну пасля раздрукоўкі. У дадатак да іх ідзе схема ўгоддзяў, на якіх чалавек мае права паляваць, — працягвае Аляксандр Драгун. — Адзначу, што гэты дакумент будзе ахоўвацца трайной сістэмай кантролю». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter