«Пiнгвiны» за пазухай у Вялiкага Свiна

Яны добра  палавiлi  акуня  i  ўдала  правялi  хiрургiчную  аперацыю  пад  мясцовай  анестэзiяй

Яны добра  палавiлi  акуня  i  ўдала  правялi  хiрургiчную  аперацыю  пад  мясцовай  анестэзiяй

«Не сядзiцца ў хаце хлопчыку старому», — сказала жонка, калi даведалася, што зноў збiраюся паехаць лавiць рыбу. Сказала даволi памяркоўна — што, маўляў, чалавеку гаварыць, калi ў яго дыягназ. Лагоднасцi, праўда, паменела, калi даведалася, што не шчупака на спiнiнг лавiць сабраўся, а акуня па першым лёдзе i што рабiць гэта збiраюся не ў сталiчных ваколiцах, а, трымайце мяне, людцы, ажно ў Гарадоцкiм раёне. Прыйшлося ўступаць  з гэтай нагоды ў няпростыя, як той казаў, дыпламатычныя перагаворы i абгрунтоўваць сваю пазiцыю. Не стаў даводзiць, што для сапраўднага рыбака трыста вёрст, у прынцыпе, не круг. Затое вельмi натхнёна i палымяна апiсаў гаротны стан вынiшчаных ушчэнт прыгарадных вадаёмаў, дзе больш рыбакоў, чым рыбы, а апошняя так спешчана рознымi далiкатэсамi, што лавiць яе ўвогуле сэнсу няма. Наконт жа наяўнасцi самога лёду, а размова гэта, патрэбна зазначыць, мела месца акурат напярэдаднi каталiцкiх Каляд, калi ўсе больш-менш знаёмыя азёры, рачныя старыкi i закабаi яшчэ «гулялi», меў дакладную аператыўную iнфармацыю —  менавiта ў Гарадоцкiм раёне азёры ўжо пад лёдам, рыбакi па поўнай праграме адцягваюцца на першалёддзi. Даведаўшыся, што крынiца iнфармацыi — гэта мой швагер Хведар, кабецiна, нарэшце, падпiсала дазвол на выезд.

 

— Мальцы, калi вы збiраецеся лавiць добрага акуня, а не «матросiкаў», то вам на Свiна, Вялiкае Свiна, i толькi туды, — параiла Валянцiна.

 

Хведар, гэта пачуўшы, спрачацца з кабетай не стаў, але паглядзеў на яе неяк падазрона, а ў мяне чамусьцi спытаўся пра… зубы — яны, маўляў, у цябе моцныя?

 

Прычына такога «анатамiчнага» iнтарэсу высветлiлася ранкам, калi мы i яшчэ два мальцы загрузiлiся ў «гольфiк» i кранулiся ў бок Свiна, якое знаходзiлася на мяжы Пскоўскай вобласцi i да якога, як высветлiлася, было паўсотнi вёрст. Што гэта за вёрсты i чаму Хведар цiкавiўся станам маiх зубоў, стала зразумела, варта было звярнуць з шашы i крыху паглыбiцца ў лес. Дарогi больш не было! Не было, як у той самай Расii, i напрамкаў. Было нешта нi на што не падобнае, прадзёртае цяжкiмi трактарамi-тралёўшчыкамi, па чым наш «гольфiк» i заскакаў, як той архар у гарах Каўказа. Было некалькi момантаў, калi я вельмi пашкадаваў аб адсутнасцi капы, якую баксёры кладуць сабе ў рот, калi б’юцца на рынгу. Уражанне было такое, што тут не тое што ўчора цi заўчора, а спрадвеку людзей не было — суцэльны лес, дзе густы змрочны ельнiк, дзе светлы бор з карабельнымi соснамi, дзе вясёлы, чорна-бела-плямiсты бярэзнiк.

 

Нарэшце за чарговым пагоркам адкрылася  Свiна.

 

— Правей ад нас — Вялiкае Свiна, злева, за перашыйкам, — Малое Свiна. Мы пойдзем на Вялiкае, пашастаем па пазухах, — Хведар паказаў рукой на парослыя трыснягом даволi шыракаватыя языкi, якiмi амаль круглае па форме возера было даволi часта падрэзана. — Глыбiня — да двух метраў, на дне пясочак, акунь тут вельмi любiць тусавацца.

 

Калi любiць, значыць, будзем лавiць. Толькi вось на што? Мармышка з матылём? Нi ў якiм разе! Кляваць, канешне, будзе, але ў асноўным дробязь. А я што, чорт ведама куды ехаў «матросаў» лавiць? Блясна? Гэта можна, але якога, жоўтага цi белага, колеру? Можа, на балду — такую пафарбаваную ў чорна-чырвоны колер свiнцовую баўцюльку с двума кручкамi, якая даволi ўдала iмiтуе рух жука-плывунца? На балансiр — металiчную рыбку, якая балансуе, вельмi добра гуляе, выпiс­вае пад вадой адмысловыя зiгзагi?

 

Толькi пакуль я чухаў патылiцу i перабiраў свой акунёвы арсенал, мальцы хутка насвiдравалi лунак, абселi iх i сталi  рытмiчна махаць рукамi — каб злавiць акуня, любую з пералiчаных мной прылад патрэбна апусцiць на дно, разы тры па ёй стукнуць, потым рэзка падняць сантыметраў на трыццаць, зноў апусцiць i так… цэлы дзень на некалькiх дзесятках лунак. Бывае, што пройдзеш палову возера, прасвiдруеш гэтых самых лунак штук сорак, а клюне толькi ў трыццаць дзевятай. Бывае, калi пашэнцiць напасцi на чародку паласацiкаў, будзеш цягаць iх адзiн за другiм з адной. Чыстая латарэя,  захапляльная i непрадказальная,  i зусiм не факт, што менавiта ты i менавiта сёння ў яе выйграеш.

 

Вось i зараз. Мальцы ўжо выцягнулi па некалькi ладных акунёў (першы лёд ён i ёсць першы), а я без усялякага толку махаю балдой ужо ў пятай лунцы i бачу краем вока, як на такое непатрэбства касавурыцца Хведар:  што ж ты, няўмека, мяне саромiш перад таварышамi?

 

Ну раз так, то сабраўся я з сiламi i стаў думаць, як… акунь. Вось сам сабе пад нос мармычу: калi я акунь вялiкi, паласаты, вельмi злосны i галодны, дзе б я быў? Напэўна, атабарыўся б ля вось гэтай грыўкi трыснягу, адкуль так зручна цапнуць якую-небудзь сяляўку цi печкурка. Што ж, праверым. Свiдрую лунку ля той самай грыўкi, чапляю замест балды блясну, апускаю яе на дно, рэзка падымаю. Раз, два, тры… цоп! Я лёску сюды, рыба — туды, я сюды, яна — туды, я зноў сюды, i вось на лёдзе ўжо трапечацца, ваяўнiча растапырыўшы плаўнiкi  i калючы грэбень, паўкiлаграмовы акунь-пясчанiк. Раз, два… ёсць! Яшчэ раз, яшчэ раз... ёсць!

 

Пятнаццаць акунёў, усе адзiн у адзiн, усе пад паўкiлаграма, выцягнуў я з-пад той самай грыўкi. Потым як абрэзала. Не, яшчэ з дзесятак (але ўжо меншых) рыбiн хапануў з другiх лунак, але вiдавочна было, што кляваць перастае. Гэта значыць, рыба адышла, трэба iсцi ў другую пазуху, правяраць глыбiнi, водмелi, скосы i перакаты. Пайшлi, засвiдра­валiся, правяраем. «Нiц нема, пан», — кажа ў такiх выпадках адзiн мой знаёмы. Пайшлi далей —  марны лёс. Iдзём амаль у другi канец возера, хаця прыцемкi ўжо побач, зноў бяромся за буры (добра яшчэ лёд сантыметраў дзесяць, а калi б паўметра быў, тут бы нам i дух вон), спрабуем. Клюе, дакладней, паклёўвае, як у такiх выпадках кажуць, па чайнай лыжцы ў гадзiну. Раз такая справа, раз акунь такi, так бы мовiць, абыякавы, трэба, значыць, яго нечым зацiкавiць, раздражнiць. Адзiн бярэ мармышку i чапляе матыля. Другi ладзiць на кручок акунёвае, прабачце за натура­лiзм, вока. Я чапляю новенькi, не ўжываны яшчэ балансiр. Снасць у нашых краях яшчэ даволi рэдкая, але, кажуць, вельмi эфектыўная, на яе i шчупака злавiць можна.

 

Казалi праўду. Лiтаральна праз некалькi iмгненняў я цягнуў на лёд такога акуня, у параўнаннi з якiм усе раней злоўленыя паказалiся такой драбязой. Хаўруснiкi мае зыркалi на яго з непрыхаванай зайздрасцю, а я (ведай, маўляў, нашых!) ганарыста гэдак стаў таго акуня адчапляць. I атрымаў! Моцная рыбiна разы са два тузанулася, i кручок, выраблены з адмысловай японскай сталi, тройчы заточаны лазерным чынам, амаль па самае вушка ўвайшоў у палец ля пазногця.

 

Во, думаю, жыццё: як што, птамаць, добрае, дык адразу мне. I ў каторы раз. Было ж аднойчы, што прыйшлося кручок-трайнiк з рукi выразаць. Было, што з пяты яго выкалупваў (па шчырасцi, гэта хоць i непрыемна, але дробязь, сябар мой аднойчы сабе блясну трыццацiграмовую на вуха павесiў — во гэта была завушнiца!).

 

Кансiлiум рыбакоў-медыкаў аднагалосна вырашыў: да бальнiцы далёка, будзем самi рэзаць. Пад мясцовай анестэзiяй. Выглядала гэта так. Я апускаю палец у ваду i трымаю яго там, колькi можна трываць. Дастаю, а мальцы напiль­нiкам адпiлоў­ваюць… вушка кручка. З дзесятага, можа, разу гэта ўдалося. Далей зноў анестэзiя, i мальцы зацята прапiхваюць кручок праз увесь палец, каб дзюбка яго выйшла с другога боку. Ага, паказалася нарэшце. «Хворы, зараз вам дабрэнна забалiць», — ласкава i спагадлiва кажа мне Хведар i бярэцца за пласкагубцы… Што вам з гэтай нагоды сказаць? Кубло раз’ятраных змеяў наўрад цi магло так зашыпець, як гэта ўдалося мне.

 

Шыпеў не адзiн раз я i потым. Калi прыехаў дахаты i стаў рыбу сваю чысцiць — надта яно балюча i пякуча атрымлiваецца, калi ў акунёвы грэбень раптам тыцнешся. Але гэта ўжо такiя дробязi, што i ўспамiнаць не варта. Бо каб кожны з нас на такое ўвагу звяртаў, шкадаваў сябе, харошага i спешчанага, то наўрад цi можна было пабачыць зiмой на нашых рэчках i азёрах рабыкоў-пад­лёднiкаў, якiх за тое, што ходзяць нязграбна, перавальваючыся, за iх цiкаўнасць i няўрымс­лiвасць называюць пiнгвiнамi.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter