Перамены самі не прыходзяць

Расонскія кааператары летась забяспечылі аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у 629 мільёнаў рублёў

Расонскія кааператары летась забяспечылі аб’ём інвестыцый у асноўны капітал у 629 мільёнаў рублёў – на 220 % вышэй адпаведнага перыяду года папярэдняга. Для невялікага раёна з насельніцтвам менш за12 тысяч чалавек паказчык прыстойны. Здавалася б, пры такой напружанай дынаміцы цяжка ўжо “ўздымаць планку” яшчэ вышэй. Але на пашыраным пасяджэнні праўлення райспажыўтаварыства ў пачатку года з улікам усіх вывучаных рэзерваў і невыкарыстаных магчымасцей было вырашана дасягнуць аб’ёмаў інвестыцый у асноўны капітал не меней за 774 мільёны рублёў.

Аднак кругі ад сусветнага эканамічнага крызісу разыходзяцца не толькі да вялікіх гарадоў. Таму своеасаблівым выратавальным кругам можна лічыць укараненне энергазберагальных тэхналогій. А накірунак у гэтым дае Дырэктыва № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.

На першы план выступае крытэрый хутчэйшай акупнасці інвестыцый. Рэальна эфектыўнасць укладання ўласных сродкаў адлюстроўваецца ў паказчыках энергазберажэння. Не адразу, але ў хуткім часе чакаюцца прыбыткі ад пераводу халадзільнага абсталявання вытворчай базы па мясаперапрацоўцы на больш сучасныя агрэгаты. Так званыя спліт-сістэмы дазваляюць выводзіць з эксплуатацыі энергаёмістыя і экалагічна шкодныя АХУ. Важнае пытанне – дэталёвы разлік эфектыўнасці выкарыстання спліт-сістэм. У першую чаргу для выключэння выпадковых энергазатрат з улікам сезоннасці іх эксплуатацыі. Расонцы перакананы, што гэта зусім не дробязны рэзерв энергазберажэння.

І не толькі. Яшчэ са снежня мінулага года і да цяперашняга часу ў кааперацыі ажыццяўляецца перавод на аўтаномныя крыніцы энергазабеспячэння (мясцовыя віды паліва) трох найбольш энергаёмістых аб’ектаў. Маюцца на ўвазе магазін тавараў штодзённага попыту, універмаг і рэстаран у райцэнтры.

Не менш важнае пытанне па рэалізацыі Дырэктывы №3 – удасканальванне методыкі разліку паказчыка энергазберажэння. Пакуль што ўлічваюцца тоны ўмоўнага паліва ў суадносных цэнах. Але без уліку, напрыклад, што пераход на аўтаномнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва павялічвае іх спажыванне ў цэлым па арганізацыі. Іншымі словамі, не ўлічваецца эканамічны эфект пры значнай эканоміі грашовых сродкаў. У сувязі з гэтым расонскiя кааператары выказваюць слушную прапанову. Пры распрацоўцы норм спажывання энергарэсурсаў спажывецкія таварыствы звяртаюцца ў мноства арганізацый. Было б дужа салідна аблспажыўсаюзу праз Белспажыўсаюз выйсці з адпаведнымі прапановамі да галіновай навукі. Канкрэтна, каб нормы спажывання энергарэсурсаў, механізм разліку аптымальных норм распрацавалі вучоныя НДI Белспажыўсаюза. Карысць тут відавочная: і грошы застаюцца ўнутры сістэмы спажыўкааперацыі, і разлікі не дазволяць прымяняць нейкія “двайныя стандарты”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter