Пазітыўная «Сустрэча»

Цэнтральны раён Гомеля арганізаваў акцыю для дома-iнтэрната

Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Гомеля арганізавала дабрачынна-культурную акцыю

Мерапрыемства прымеркавана да чарговай 69-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Партнёрскую падтрымку арганізатарам акцыі аказаў калектыў кандытарскай фабрыкі «Спартак». У дом-інтэрнат «Васільеўка», якi размяшчаецца недалёка ад абласнога цэнтра, накіраваліся разам з прадстаўнікамі органа раённай улады члены аматарскага тэатральнага калектыву «Сустрэча», якi дзейнічае на базе аб’яднання «Гомельскі абласны яўрэйскі дабрачынны цэнтр «Хэсэд бацья». Гэтая інтэрнатная ўстанова сёння з’яўляецца другім домам для 136 састарэлых і інвалідаў, трэць з якіх — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы. Душэўнае цяпло гэтым людзям, што па розных прычынах пазбавіліся клопату аб сабе родных людзей, сёння надзвычай патрэбна. Гэта і ўлічылі аматары-тэатралы, прапанаваўшы пастаяльцам «Васільеўкі» спектакль «Рэтра» паводле п’есы драматурга Аляксандра Галіна. А напачатку тэатральнай дзеі да гледачоў звярнуўся рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, акцёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Аляксей Бычкоў. Павіншаваўшы іх са святам вызвалення абласнога цэнтра ад захопнікаў, ён прадставіў дзеючых асоб пастаноўкі, расказаў аб працы над ёй. Выступленне акцёраў-аматараў, а яно, што называецца, прайшло на біс, пераканала: раскрытая імі тэма чалавечай адзіноты, пошуку родных душ у неспагадлівым свеце, заснаваным на матэрыяльным дабрабыце, сустракае жывы водгук у людзей розных узростаў. Падчас завяршэння сустрэчы заслужаным людзям, за спіной якіх вялікі жыццёвы, а для многіх і ратны шлях, уручаны салодкія падарункі ад гомельскіх кандытараў.

— Аматарскі калектыў «Сустрэча» актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю, — распавяла «Р» начальнік аддзела культуры адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Гомеля Алена Маставенка. — Не так даўно ён быў прадстаўлены публіцы на сцэне абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, выступалі ўдзельнікі самадзейнага тэатра і перад чытачамі гомельскіх бібліятэк, персаналам і адпачываючымі санаторыя-прафілакторыя Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Паспяхова прайшлі гастролі акцёраў-аматараў у расійскім горадзе Сольцы Наўгародскай вобласці. Напярэдадні ж сустрэчы з ветэранамі вайны і працы ў «Васільеўцы» такі дабрачынны «тур» здзейснілі людзі, улюбёныя ў тэатр, да асаблівай аўдыторыі — асуджаных, што становяцца на шлях выпраўлення ў сценах калоніі № 4 абласнога цэнтра.

На здымку: удзельнікі дабрачыннай акцыі перад выступленнем.

Фота: аддзел культуры адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter