Калекцыянер асабліва адносіцца да паслярэвалюцыйнага перыяду, калi можна прасачыць традыцыі святкавання Каляд і Новага года.
Увесь апошні тыдзень Чэслаў Міхайлавіч сартаваў калекцыю. Адклаў больш за 300 паштовак толькі на навагоднюю тэматыку.
— Больш за 30 гадоў збіраю самыя розныя паштоўкі, — паказвае калекцыянер на пульхныя альбомы. — Тэматыка шырокая: Вялiкдзень, Каляды, Новы год, дзіцячыя, жаночыя, партрэты, лінія кахання. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі перыядаў. Да 1917 года — царскі, з 1919-га па 1939-ты — польскі. Ёсць карткі кароткага перадваеннага перыяду — да 1941 года. Гэта вельмі рэдкія паштоўкі. Яны заўсёды ў цане. Ну i, вядома ж, карткі ваеннага і пасляваеннага часу. У 1970-х гадах, калі віншавальная паштоўка набыла масавы характар і, адпаведна, атрымала мільённыя тыражы, яна перастала быць для мяне цікавай у сэнсе калекцыянавання. Хоць, безумоўна, трапляюцца і ў гэтым перыядзе вельмі цікавыя экзэмпляры.
Біблейскія сюжэты пра дары вешчуноў і Віфлеемскую зорку. Пасля рэвалюцыі такіх сюжэтаў ужо не знайсці. Цікава, што з 1919-га па 1921 год на паштоўкі не наклейвалі маркі, а проста ставілі штампы. У 1911 годзе (у год Металічнай Свінні) выпусцілі паштоўкі з выявай трох парсючкоў, якія павіслі на пасярэбраных ланцужках гадзіннiка з маятнікам. Да рэвалюцыі ў Расiі паштовак рабілі няшмат. Але іх тады маглі сабе дазволіць толькі вельмі заможныя людзі.
— Вось цэлы пачак картак, некаторыя з якіх датуюцца 1903 годам, — перабірае калекцыянер пажоўклыя паштоўкі. — Сябры прывезлі мне з Калінінграда. Яны былі напалову гнілыя. Прыйшлося аднаўляць. Але сюжэты тут проста цудоўныя. Звярніце ўвагу, што пакланіцца Хрысту прыйшлі і афіцэры, і гусары, і розныя народы.
Вось карткi з выявай багатага навагодняга стала. Не скажаш, што людзі дрэнна жылі ў той час. Чытайце віншаванне: «Петя, я бы не против совместно с тобой посидеть за таким столом. Не забывай своего друга Сашку». I дата — 1939 год. Вельмі цікавыя польскія і нямецкія паштоўкі-фатаграфіі. Дамы і кавалеры каля святочных ялінак з падарункамі.
Біблейскія сюжэты — пра дары вешчуноў і Віфлеемскую зорку. Пасля рэвалюцыі такіх сюжэтаў ужо не знайсці
Вельмі цікавая тэма, якая вылучаецца асобна, — гэта пошта Вялікай Перамогі. Калекцыя гэтая атрымала сярэбраны медаль філатэлістычнай выставы, якая праходзіла ў Брэсце. Салдацкія трохвугольнікі, сакрэткі, паштовыя карткі, сувенірныя лісты. Апошнія — рэчы рэдкія. Простыя салдаты на такіх не пісалі. Пад грыфам «Смерць нямецкім акупантам» з франтоў прывітанні дадому перадавалі толькі афіцэры. У 1942 годзе выдалi спецыяльны тыраж навагодніх паштовак з надпісам: «Мои родные! Мы, бойцы Красной Армии, решили: новый 1942 год будет последним годом для грабьармии».
— Такая вось сакрэтачка, якая проста склейваецца, а ўнутры яе — навагодняе віншаванне, — паказвае рарытэт Чэслаў Міхайлавіч. — На кожнай штэмпель «Прагледжана ваеннай цэнзурай». Для нас, філакартыстаў, каштоўны адваротны бок, дзе ёсць знакі паштовай аплаты. У дадзеным выпадку віншавальныя паштоўкі знаходзілі адрасатаў бясплатна.
Пасля заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны паштоўкі сталі даступныя кожнаму савецкаму чалавеку. Такія яшчэ можна знайсці ў сямейных архівах. Вось на картцы просты зваршчык віншуе ўсю краіну. Вось касмічная тэма. У віншавальнай тэлеграме ракета ляціць да Месяца, на якiм устаноўлены сцяг СССР. Вось галоўныя будоўлі вялікай краіны. «Толя! Поздравляю с Новым годом! Желаю тебе всего того, что нужно для полного счастья человеку. 3-й курс, медучилище. Анатолию от Зои. 30.12.1959». На абароце працаўніца размахвае чырвоным сцягам, на якім надпіс «З Новым годам!» За ёю будуецца завод і слоган «Сямігодку выканаем датэрмінова!».
Вельмі цікава пагартаць старонкі альбома, прысвечаныя дзіцячай навагодняй тэматыцы. Ёсць знакамітыя паштоўкі, якія пад рознымі вугламі мяняюць малюнак. Напрыклад, на ёлцы загараюцца агеньчыкі.
Усе паштоўкі з калекцыі Чэслава Багдзевіча вельмі якасныя. Так званыя трохслойкi. Пасярэдзіне — шчыльны кардон. Хтосьці скажа, што ў цяперашні час таксама робяць выдатныя паштоўкі ручной работы. Ды і тыя, што прадаюць у аддзяленнях сувязі, вельмі добрыя. Але ці можна па іх прасачыць гісторыю нашага жыцця, як гэта магчыма зрабіць па старых картках? Верагодна, праз сто гадоў хто-небудзь менавіта так і зробіць. Адзінае адрозненне — у тыя часы паштоўкі, напэўна, будуць рарытэтамі, бо сёння мы пасылаем іх сваякам, сябрам i знаёмым не так ужо і часта. І вельмі шкада.
Савецкія дзеці на паштоўках маляваліся ў асноўным за гульнёй у снежкі, з санкамі і лыжамі.
Так званыя свецкiя паштоўкi. Такiмi на захадзе краiны часта абменьвалiся перад святамi да 1939 года.
kondratieva@sb.by
Фота аўтара