Мінгандаль і ЖКГ выпрацавалі ўзгодненую пазіцыю аб прымяненні жыллёвага заканадаўства да праваадносін па тэхнічным абслугоўванні дамафонных сістэм

Парадак пачынаецца з дома

Мінгандаль і ЖКГ выпрацавалі ўзгодненую пазіцыю аб прымяненні жыллёвага заканадаўства да праваадносін па тэхнічным абслугоўванні дамафонных сістэм
Замена дамафона — тэма для некаторых жыхароў балючая. Як правіла, апошніх проста ставяць перад фактам: трэба абсталяванне замяніць, таму ўсім неабходна тэрмінова сабраць грошы на гэтую добрую справу. Людзі часта скардзяцца, маўляў, такія пытанні вырашаюцца без іх згоды, таму Мінгандаль і ЖКГ выпрацавалі ўзгодненую пазіцыю аб прымяненні жыллёвага заканадаўства і заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў да праваадносін па тэхнічным абслугоўванні дамафонных сістэм і замене запорна-перагаворных прыстасаванняў.



У падрабязным дакуменце, які можна знайсці на сайце Мінгандлю, гаворыцца, што абслугоўванне і замена дамафона — паслуга дадатковая, і ад яе можна адмовіцца. Усталёўшчыкі перагаворных сістэм у такім выпадку ўсё роўна абавязаны выдаць ключы жыхарам, якія не аплацілі абсталяванне.

— Пару тыдняў таму прыйшоў хлопец з прыватнай арганізацыі і кажа, што будуць мяняць дамафон. Але мы з сястрой адмовіліся: навошта нам новы, калі і стары працуе спраўна, — расказвае Тамара Мікалаеўна, якая жыве на вуліцы Магілёўскай.

Нягледзячы на нязгоду яшчэ некалькіх суседзяў, у пад’ездзе дамафон усё ж замянілі. За новую перагаворную прыладу, яе ўстаноўку і набор «таблетак» прыйшлося заплаціць. У фірме, якая абслугоўвае гэты пад’езд, патлумачылі, што для замены абсталявання дастаткова згоды 51% жыхароў, а замяніць трэба было таму, што заводы спынілі выпуск запчастак да старых сістэм.

— Дамафон, канешне, рэч неабходная, — працягвае Тамара Мікалаеўна. — Аднак калі ў пад’ездзе ёсць хаця б адзін, так бы мовіць, нядобранадзейны жыхар, парадку ўсё роўна не будзе. Лепш бы відэакамеры ўстанавілі.

Між тым відэакамеры ў мінскіх дамах многія забудоўшчыкі ўсталёўваюць адразу. Жыхары старога жылога фонду аб такой сістэме абароны пакуль толькі мараць, але і ім чакаць засталося нядоўга, бо гарадскія ўлады маюць намер абсталяваць сістэмай відэаназірання літаральна кожную шматпавярхоўку. 

Праўда, да гэтага часу іх усталёўвалі прыватныя фірмы, якія выкарыстоўвалі не заўсёды якасную тэхніку. Таму ў горадзе стварылі рабочую групу, якая складзе спіс патрабаванняў да ўсіх відэасістэм і выключыць магчымасць выкарыстання няякасных прылад. Акрамя таго, будзе створана адзіная база дадзеных інфармацыі з усіх відэакамер горада. Гэта дапаможа міліцыі змагацца са злачыннасцю: відэа з камер у пад’ездах ужо рэгулярна з’яўляюцца ў зводках ГУУС.

Напрыклад, не так даўно відэакамера ў пад’ездзе аднаго з дамоў на вуліцы Нёманскай у мікрараёне Каменная Горка дапамагла знайсці злодзея, які абрабаваў кватэру — вынес з яе тэлевізар. 

Начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Янчык так пазначыў сваю пазіцыю:

— Напрыклад, калі хтосьці падрапаў ваш аўтамабіль, знайсці вінаватага можна будзе, праглядзеўшы запіс камеры. Таксама сістэма відэаназірання дазволіць вырашыць пытанні бяспекі ў дварах.

Праўда, камеры ў пад’ездах з’явяцца толькі са згоды жыхароў, якім прыйдзецца аплаціць самі прылады і іх устаноўку. Што датычыцца фінансавання далейшай працы сістэм, то ўсе выдаткі бярэ на сябе гарадскі бюджэт.

Іна ГАРБАЦЕНКА

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter