Памiж «ты» i «вы»

Усiм нам патрэбна паводзiць сябе цывiлiзавана...

I ў сям’i, i на працы, i ў грамадстве ўсiм нам патрэбна паводзiць сябе цывiлiзавана. Неяк быў сведкам, як адзiн начальнiк распякаў свайго падначаленага, ужо даволi сталага ўзросту iнжынера. Перайшоў на «ты».

— А вы не тыкайце, — нечакана рэзка адказаў той, — бо мы не на вашай кухнi, а на вытворчасцi, будзьце добрыя, адпаведным чынам i звяртацца.

Прызнаюся, устаў на бок падначаленага: як бы ён нi правiнавацiўся, тыкаць нiкому не дазволена. Ёсць «вы», якое звязвае вытворчыя адносiны. Гэта нязменнае правiла, якога варта прытрымлiвацца. Усiм i кожнаму. Выключэнняў не можа быць. Iнакш гэта ўжо не вытворчыя, а нейкiя iншыя адносiны, якiм цяжка i назву падабраць.

Цi вось яшчэ. Прысутнiчаў на футбольным матчы з удзелам каманды «Белшына». У суседнiм сектары размясцiлiся хлопцы-фанаты, якiя выгуквалi свае, ужо традыцыйныя лозунгi. Раптам малады амонавец, якi дзяжурыў ля сектара, пачынае «тузаць» балельшчыкаў: «Эй, што ты там!» Гэта непрыемна разанула вуха: пры службовых абавязках — i вось так… Думаеце, балельшчыкi прыслухоўваюцца да такога вокрыку? Не ўпэўнены.

Не люблю, калi тыкаюць, скажам, у грамадскiм транспарце. Сярод родных, блiзкiх — тваё права, а тут трэба быць больш абыходлiвымi: «Выбачайце, калi ласка, даруйце» i гэтак далей. «Вы» — як бы пароль на ўваходзе да нашага сэрца. Тактоўнасць, вытрымку трэба праяўляць у любой сiтуацыi, бо за iмi наша выхаванасць, культура. Так, лiхiя 90-я мiнулага стагоддзя «падсадзiлi» гэтыя разуменнi. I цяпер iх трэба аднаўляць. Выхоўваць i самiх сябе, i тых, хто вакол нас, болей актыўна наступаць на гэтым полi.

Мне даводзiцца часта прысутнiчаць на рабочых планёрках у гарвыканкаме, i прыемна адзначыць, што тэма дзелавога этыкету ўсё часцей закранаецца на iх. I тут прыклад падаюць самi гарадскiя кiраўнiкi, ад якiх не пачуеш зняважлiвага: «Ты, вось я цябе… «Заўжды на «вы» з павагай, такiм зваротам, мне здаецца, дасягнеш большага эфекту, чым зняважлiвым «ты».

Я з многiмi кiраўнiкамi прадпрыемстваў i арганiзацый горада абменьваўся думкамi на гэты конт. Яны сыходзяцца ў меркаваннях: «вы», канешне ж, павiнна пераважаць у вытворчых адносiнах. Вось адзiн з кiраўнiкоў расказваў: «Неаднойчы дамаўлялiся са сваiм намеснiкам у нефармальнай абстаноўцы звяртацца на працы адзiн да аднаго на «ты», але з’яўляемся на свае рабочыя месцы — зноў на «вы». Вiдаць, i правiльна, бо гэта тактоўнасць, выхаванасць, разуменне таго, што павiнна так быць, а не iнакш.

А таму не магу зразумець пазiцыю аднаго кiраўнiка, якая, як кажуць, прынародна аб’явiла, што тых супрацоўнiкаў, якiх яна паважае (а па сутнасцi, падхалiмаў), будзе называць на «ты», астатнiх — на «вы». Во якое нечаканае раздзяленне людзей!

— Гэтыя самыя «ты» i «вы», — дзелiцца сваiмi думка-мi адзiн са старэйшых кiраўнiкоў — прамыслоўцаў горада, дырэктар завода «Унiверсал-Бабруйск» Уладзiмiр Аўчыннiк, — быццам бы бяскрыўдныя, але вялiкую сiлу маюць. I стваральную, i разбуральную, у залежнасцi ад таго, як iх прымяняць. Таму з iмi трэба далiкатна. Можна i на «ты», але гледзячы калi i з кiм. Урэшце, калi пераходзiш на «ты», дык i ў твайго суразмоўцы ёсць такое ж права. А ў рабочай абстаноўцы, лiчу, фамiльярнасць увогуле недапушчальная. Лепей на «вы», гэта ўзвысiць i вас самiх, i вашага апанента, захаваецца неабходная ў такiх выпадках субардынацыя.

Наша грамадства на ўздыме, мяняецца аблiчча гарадоў, мы самi. Вось чаму, лiчу, у самы час пагутарыць на актуальную тэму. Зрэшты, спадзяёмся, гэту размову працягнеце вы, наш паважаны чытач, дапоўнiце новымi цiкавымi фактамi, назiраннямi.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter