«Памалiцеся… i будзьце мiласэрнымi»

Непадалёку ад пасёлка Азарычы адкрыты мемарыял i каплiца

Непадалёку ад пасёлка Азарычы Калiнкавiцкага раёна, на месцы размяшчэння ў гады Вялiкай Айчыннай вайны фашысцкага лагера смерцi, адкрыты мемарыяльны знак i драўляная каплiца ў памяць аб ахвярах генацыду.

Апрацаваную майстрамi каменную глыбу аздабляе надпiс-зварот да сучаснiкаў: “Памалiцеся за заўчасна адышоўшых i бязвiнна забiтых, будзьце мiласэрнымi да жывых!” У мiтынгу з нагоды адкрыцця аб’ектаў бралi ўдзел старшыня Калiнкавiцкага райвыканкама Яўген Адаменка, кiраўнiк Жлобiнскай раённай грамадскай арганiзацыi малалетнiх вязняў канцлагераў Яўгенiя Краўчук, непаўналетнi вязень лагера Азарычы жыхар Гомеля Аркадзь Захараў, прадстаўнiкi грамадскасцi i школьнiкi Светлагорскага, Жлобiнскага i Калiнкавiцкага раёнаў.

Ажыццяўленне задумы стала магчымым дзякуючы намаганням калектыву прадпрыемства «Гомельаблаўтатранс» i яго кiраўнiку Аляксандру Драпезе, прадпрымальнiку з Гомеля, палкоўнiку ў адстаўцы Аляксандру Ланцэвiчу, а таксама падтрымцы ўдзячнай справы з боку Калiнкавiцкага райвыканкама.

Праз пекла Азарычаў, а таксама падобных суседнiх лагераў Падасiннiкi i Дзерць у студзенi—сакавiку 1944 года прайшло больш за 50 тысяч савецкiх ваеннапалонных i мiр-ных жыхароў Беларусi, а таксама скарыстанага фашыстамi ў якасцi жывога шчыта насельнiцтва Смаленскай, Арлоўскай i Бранскай абласцей Расii. Фашысты адкрыта выпрабоўвалi тут бiялагiчную зброю: сагнаным з 27 перасыльных пунктаў людзям, сярод якiх было каля 16 тысяч дзяцей, уводзiлi вакцыну сыпнога тыфу. Папаўнялi “кантынгент” i за лiк тыфозных хворых, якiх дастаўлялi ў лагер з бальнiц. Ва ўмовах незвычайнай скучанасцi зняволеных (плошча азарыцкага лагера, найбольшага з трох, складала каля 5 гектараў) хвароба распаўсюджвалася з маланкавай хуткасцю. За няпоўныя тры тыднi, якiя праiснавалi лагеры да вызвалення вязняў савецкiмi войскамi, тут загiнула каля 10 тысяч чалавек.

– Сiмвалы памяцi аб пакутнiках стваралiся талакой, гэтак жа рабiлася добраўпарадкаванне вакол знака i каплiцы, – адзначыў, уручаючы сiмвалiчны ключ ад каплiцы старшынi Азарыцкага пасялковага савета дэпутатаў Уладзiмiру Гуку кiраўнiк “Гомельаблаўтатранса” Аляксандр Драпеза. – Такiя акцыi мы ажыццяўлялi ў Лунiнцы i iншых месцах i збiраемся ў далейшым праводзiць для таго, каб усе, каму даравана права жыць пад мiрным небам, не пазабылiся пра бязвiнна загiнуўшых. Каб заўсёды памяталi пра выпрабаваннi, што прынесла людзям вайна...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter