«Пакуль жыву, са мною будзеш ты...»

Пра  сваю  малую  радзiму  пiсьменнiку  Навуму Гальпяровiчу  хочацца  сказаць  вышэй  i  ямчэй. У сваёй творчасцi ён часта звяртаецца да Полацка, яму прысвяцiў нямала пранiкнёных, шчырых радкоў

Пра  сваю  малую  радзiму  пiсьменнiку  Навуму Гальпяровiчу  хочацца  сказаць  вышэй  i  ямчэй 

У сваёй творчасцi Навум Гальпяровiч часта звяртаецца да Полацка, яму прысвяцiў нямала пранiкнёных, шчырых радкоў. 

— Навум Якаўлевiч, якiя ж дзелавыя, творчыя, сяброўскiя стасункi звязваюць вас з малой радзiмай? 

— Не люблю я гэты тэрмiн — «малая радзiма». Наогул, ён правiльны, але ў дачыненнi да Полацка мне хочацца сказаць вышэй, ямчэй. Не можа гэты горад быць для мяне проста малой радзiмай, бо гэта для мяне i маё дзяцiнства, i маё сталенне — усё, што вызначыла мой лёс. Гэта ж калыска дзяржаўнасцi беларускай, месца, святое для Беларусi. Як, дарэчы, i Наваградак — першая сталiца Вялiкага княства Лiтоўскага… Першае, што я ўбачыў у жыццi, — гэта вежы Сафiйскага сабора. Справа ў тым, што раддом, дзе я з’явiўся на свет, знаходзiцца якраз насупраць гэтага славутага сабора. З першых хвiлiн жыцця з родным горадам звязваюць такiя ж пачуццi, як з бацькам, матуляй. Гэта любоў, адданасць — тое, што ў сэрцы заўжды. Тут магiлы маiх бацькоў — месца, куды я заўсёды iмкнуся. Яшчэ ў 4-м класе мы з аднакласнiкам напiсалi паэму пра свой горад, аднеслi ў раёнку. Не надрукавалi, але ўжо тады мы адчулi значнасць тэмы. Полацк — гэта першае каханне, сябры дзяцiнства, юнацтва. I таму я кажу так: Полацк заўсёды са мной — i ў думках, i ў творчасцi, ён часта снiцца мне, i я iмкнуся зрабiць усё, што магу, для свайго роднага горада, яго людзей. 

Лiчу, што карысную справу зрабiў, калi стаў адным з iнiцыятараў серыi кнiг пра Полацк. У першай з iх — «Там, дзе вежы Сафii», укладальнiкам якой я быў, сабраны творы славутых палачан i тых, хто жыў у нашым горадзе, быў звязаны з iм ад часоў Еўфрасiннi Полацкай да сённяшнiх маладых полацкiх лiтаратараў. Гэта, думаецца, найбольш поўнае лiтаратурнае выданне, прысвечанае Полацку, яго людзям, i мне прыемна, што ў школах дзецi карыстаюцца гэтай кнiжкай, вывучаючы прадмет краязнаўства, радзiмазнаўства. 

Але галоўнае тое, што мой любiмы горад дзякуючы намаганням маiх землякоў, пры дзейснай падтрымцы дзяржавы стаў адным з важнейшых культурных, гiстарычных цэнтраў рэспублiкi, якi бы магнiтам прыцягвае экскурсантаў, турыстаў. 

Добра ведаю многiх кiраўнiкоў полацкiх прадпрыемстваў, устаноў — з аднымi вучыўся ў школе, з другiмi лёс зводзiў пазней. Добрыя сяброўскiя, дзелавыя сувязi склалiся са старшынямi Полацкага i Наваполацкага гарвыканкомаў Аляксандрам Камаровым i Уладзiмiрам Тачылам. Гэта iнiцыятыўныя, цiкавыя кiраўнiкi. 

Ганаруся i тым, што i ў Мiнску жыве нямала палачан. Гэта i Алесь Андрэевiч Савiцкi, якога лiчу сваiм духоўным настаўнiкам. Стараюся падтрымлiваць творчыя кантакты з пiсьменнiкамi-палачанамi. Ёсць думка стварыць полацкае зямляцтва ў Мiнску… Наогул, паважаю людзей, якiя, кажучы словамi славутага палачанiна Францыска Скарыны, «вялiкую ласку» маюць да свайго роднага месца. Лiчу, што кожны чалавек, незалежна ад таго, адкуль ён родам, дзе б ён нi жыў i куды б нi заносiў яго лёс, павiнен помнiць, каму ён абавязаны сваiм нараджэннем, сталеннем… Я абавязаны Полацку i таму, пакуль буду жыць, буду iмкнуцца аддзячыць яму сваёй працай. 

— Якое ж адлюстраванне знаходзiць ён у вашай творчасцi? 

— Не памылюся, калi скажу: асноўнае. Я не ставiў мэтай гэта рабiць, але менавiта так атрымалася мiжволi. Калi выйшла ў свет мая першая кнiга «Брама», то на вокладцы была выява Сафiйскага сабора. I ў апошняй па часе маёй кнiзе таксама полацкая сiмволiка. Менавiта яна вызначае галоўную тэму, лейтматыў творчасцi. Я пiшу пра сваё жыццё, свае пачуццi, а паколькi я полацкi чалавек, то перш за ўсё пра маiх дарагiх землякоў. «Гэта ўсё пра цябе» — так называецца кнiжка, у якую ўвайшлi вершы, эсэ, апавяданнi, у тым лiку тыя, што прысвечаны любiмаму гораду. 

— У адным з вершаў вы, звяртаючыся да свайго роднага горада, пiшаце: «Пакуль жыву, са мною бу­дзеш ты…» 

— Гэта шчырае прызнанне ў трываласцi, даўгавечнасцi маiх пачуццяў. Я любiў яго i тады, калi мала дбалi пра гiстарычную памяць. На маiх вачах ён адраджаўся як гiстарычны цэнтр, i я таксама да гэтага прыклаў пэўныя высiлкi. Упэўнены: ён яшчэ не адкрыты цалкам ва ўсёй сваёй велiчы. Яго трэба яшчэ адкрываць i адкрываць. Да прыкладу, тыя фрэскi, якiя аднаўляў выдатны мастак-рэстаўратар Уладзiмiр Ракiцкi ў Спаса-Еўфрасiннеўскiм манастыры, — унiкальны жывапiс яшчэ дарублёўскiх часоў. I добра, што створаны гiсторыка-культурны запаведнiк, бо ўсё гэта — набытак нашага народа, нашай Радзiмы. Гэта слава нашай зямлi, якая дала свету такiх тытанаў духу, як Францыск Скарына, Сiмяон Полацкi, тая ж Еўфрасiння. 

— Вы кiруеце радыёстанцыяй «Беларусь». Як удаецца спалучаць працу на такой сур’ёзнай пасадзе з уласнай творчасцю? 

— Сапраўды, большую частку свайго часу аддаю радыёстанцыi. Яна вяшчае на замежныя краiны на пяцi мовах. Значнае месца адводзiцца беларускай лiтаратуры. У праграмах чытаюцца творы Якуба Коласа, Iвана Мележа, Уладзi­мiра Караткевiча, iншых лiтаратараў, у тым лiку маiх полацкiх землякоў. Гэтыя творы гучаць на англiйскай, нямецкай, польскай мовах. Што датычыць уласнай лiтаратурнай творчасцi, то яна цесна звязана з журналiстыкай. Рыхтую творы лiтаратуразнаўчага, культуралагiчнага кiрунку. Хацелася б напiсаць пра заўчасна пайшоўшага ад нас сябра — выдатнага пiсьменнiка Алеся Пiсьмянкова. I, зразумела, не расстаюся з паэзiяй… 

-------------------------------

Навум Гальпяровiч нарадзiўся ў Полацку. Скончыў Вiцебскi педагагiчны iнстытут. Працаваў у Новаполацку на радыё, уласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё па Вiцебскай вобласцi, намеснiкам старшынi Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, цяпер — галоўны рэдактар радыёстанцыi «Беларусь». Друкуецца з 1967 года. Адзiн з аўтараў калектыўнага зборнiка «Сцяжына». Выдаў кнiгi паэзii «Брама», «Востраў душы» i iнш. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter