Пакуль жыве памяць

З Марыяй Пятроўнай Каньковай вiтаюцца i малыя, i старыя...

У вёсцы, нават такой вялiкай, як Глыбачка, ведаюць адзiн пра аднаго ўсё. I не толькi ведаюць: тут кожнаму ёсць справа да ўсiх i ўсiм да кожнага, бо менавiта на павазе i ўвазе, на ўзаемавыручцы i падтрымцы iснуе наша святая беларуская талака.

З Марыяй Пятроўнай Каньковай вiтаюцца i малыя, i старыя, хоць яна даўно ужо на пенсii i амаль увесь час праводзiць у кватэры. Што зробiш – гады дыктуюць сваё. Але амаль дзевяностагадовая бабулька прыветлiвая i неабыякавая.

А жыццё яе часта было халаднаватым i нават жорсткiм. Толькi не скардзiцца яна на свой лёс, апавядаючы пра яго, а спакойна i мудра ўсмiхаецца.

Дзяцiнства Марыi Шастапалавай прайшло ў сяле Шахмань, што на Тамбоўшчыне. Першыя паслярэвалюцыйныя гады, разруха, холад i голад, тыф. Не ўбераглася ад хваробы, якая касiла людзей направа i налева, i яна, але перахварэла, перадужала.

— Цяжка жылося, нават жалезны дах з дома прадалi, а потым i паўдома, каб гадаваць i вучыць дзяцей. А я вучыцца вельмi хацела i любiла!

Жаданне няўрымслiвай, таварыскай i дапытлiвай дзяўчынкi збылося: дзевяць класаў да вайны i педагагiчны тэхнiкум скончыла ў Паўночным Казахстане, куды завербаваўся на заробкi бацька.

А потым была вайна. Актыўная камсамолка па заклiку сэрца трапляе ў Кемераўскае вучылiшча авiяспецыялiстаў i у званнi малодшага сяржанта нясе службу электраманцёра 783-га штурмавога авiяцыйнага палка, iдзе i ляцiць з iм па ваенных шляхах-дарогах. На асабiстым рахунку Марыi няма нiводнага забiтага ворага. Але не пералiчыць iх, знiшчаных яе палком.

Злiтаваўся лёс над маладым байцом – нiводнага ранення не атрымала.

— Неяк раз вельмi пакусаў вартавы сабака. Перавязалася i ваявала далей, сабаку ж застрэлiць не дазволiла, маўляў, свой, не нямецкая аўчарка… — расказвае яна.

I дайшла Марыя са сваiм палком да нямецкага горада Рэбеля, дзе сфата­графавалася адна i з баявымi сябрамi.

На вайне сустрэла яна сваю пала­вiнку — маладога афiцэра-ардэнаносца Леанiда Канькова, якi павёз яе ў родную Беларусь. Спачатку на Сенненшчыну, а потым накiравалi былога франтавiка на Ушаччыну, дзе яны аселi моцна i трывала. На жаль, Леанiда Паўлавiча даўно ўжо няма ў жывых. Але памяць пра яго, сумленнага, чулага, прынцыповага чалавека, былога саўгаснага парторга, жыве i сёння.

— Калi б усе былi такiмi партыйцамi, як Каньковы, то камунiзм быў бы пабудаваны задоўга да гарбачоўска-ельцынскага здраднiцтва, — сказаў мне неяк у размове пра гэтую сям’ю адзiн з iх аднавяскоўцаў.

Што ж, кожны мяркуе па-свойму. А мая субяседнiца працавала ў мясцовай дзесяцiгодцы, гадавала сына i дачку. Не забываюць дзецi сваю матулечку: сын Валодзя з нявесткай прыязджаюць да яе з Вiцебска часта. I не па тэлефоннаму, а сардэчнаму званку – любяць старэнькую, цешаць чым могуць. Радзей наведвае дачка Надзея, але цяпер Стаўраполле стала ўжо далёкiм.

Прабачце, што забег крыху наперад i не сказаў таксама важнага i iстотнага – дванаццаць гадоў адпрацавала Марыя Пятроўна сакратаром Глыбачанскага сельсавета. Колькi людзей з рознымi сваiмi патрэбамi перабывала ў яе, цяжка пералiчыць. I кожнаму яна старалася дапамагчы, для кожнага знайсцi параду, патрэбнае слова, бо сама зведала добрае i дрэннае ў сваiм жыццi.

Здаецца, зусiм нядаўна была яна ў самай гушчы жыцця, сярод дзяцей i дарослых i аддавала iм усю сябе без астатку, атрымаўшы на старасцi iх спагаду i падтрымку. Вось толькi адзiн, але вельмi паказальны прыклад таго са слоў Марыi Пятроўны:

— Страцiла неяк прытомнасць. Суседзi занеслi ў кватэру. Калi ачуняла, то хуткую дапамогу выклiкаць не стала – памру дык памру. А час быў познi. Даведалася мясцовая моладзь, якая бавiла час на клубнай дыскатэцы. Дык што вы думаеце: па чарзе цэлую ноч прадзяжурылi ля мяне!..

Так, хоць дзецi i ўнукi не побач, яна не адна. Асаблiва дапамагае ветэранцы Галiна Мукштанава: i пенсiю атрымае, купiць з яе ўсё неабходнае для жыцця, прынясе, пасобiць. Не стаяць убаку мясцовыя ўрачы i сацыяльныя работнiкi.

Чалавек жыве датуль, пакуль жыве ягоная памяць. А яна, i мiрная, i ваенная, заўсёды з гэтай упартай i прагнай да жыцця жанчынай, мудрай i спагадлiвай да кожнага. Разам з усiмi сустрэне Марыя Пятроўна 65-годдзе Вялiкай Перамогi ля помнiка воiнам i партызанам у роднай Глыбачцы, успомняць разам пражытае, i ўсмешка са слязой абмые i яе добры старэнькi твар.

На здымку: малодшы сяржант Марыя Шастапалава ў нямецкiм горадзе Рэбелi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter