Паклон табе, Перамога!

Мы маем права ганарыцца мiрным небам

Мы маем права ганарыцца мiрным небам

У час Вялiкай Айчыннай вайны народны паэт Беларусi Янка Купала звярнуўся з заклiкам у вершы “Беларускiм партызанам”: “Партызаны, партызаны, беларускiя сыны, за нядолю, за кайданы бiце гiтлерцаў паганых, каб не ўскрэслi век яны”. Гэтыя словы натхнялi народных мсцiўцаў на новыя гераiчныя подзвiгi.

Мужным змагаром з фашыстамi быў Фёдар Рыгоравiч Маркаў, якога ў пачатку вайны пакiнулi ў тыле для арганiзацыi камунiстычнага падполля i партызанскага руху.

У вераснi 1941 года Маркаў стаў камандзiрам партызанскай спецгрупы. Амаль праз год ён камандаваў атрадам iмя Суворава, партызанскай брыгадай iмя Варашылава. Адначасова ўзначальваў ваенна-аператыўны аддзел Вiлейскага партызанскага злучэння. Брыгада дзейнiчала на акупiраванай тэрыторыi Вiлейшчыны, у Швянчонскiм i Куранецкiм раёнах.

4 лiпеня 1944 года брыгада iмя Варашылава злучылася з Чырвонай армiяй.

Пасля вайны палкоўнiк запасу Маркаў скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. Працаваў намеснiкам старшынi Вiлейскага i Маладзечанскага аблвыканкамаў.

Нашай сям’i добра вядомы мясцiны змагання гэтага героя. Сястра Жэня, скончыўшы геа-графiчны факультэт БДУ, выйшла замуж за аднакурснiка Годфрыда Бокуна, i iх накiравалi працаваць у Куранецкую сярэднюю школу. Мы з сястрою Таняй i дзецьмi часта прыязджалi ў Куранец. У вольны час разам з намi завiтвалi i Павел, i Танiн муж Ратмiр Пяржхала. Яны абодва майстры спорту СССР, а пазней заслужаныя трэнеры Беларусi па футболу. Павел заўсёды насiў з сабою газету “Чырвоная змена” за 24 кастрычнiка 1954 года. У ёй змешчаны сяброўскiя шаржы на мiнскiх спартакаўцаў, якiя занялi трэцяе месца ў чэмпiянаце краiны. Тэкст да шаржаў напiсаў паэт Артур Вольскi. Вось пра Паўла: “Як багатырская заслона, стаiць надзейна абарона. Яе ўзначалiў i праславiў футбольны вiцязь Мiмрык Павел”. Намалявалi яго са шчытом на грудзях, вялiкай пяцiкутнай зоркай пасярэдзiне. Сапраўд-ны вiцязь. Ён i ў час Вялiкай Айчыннай вайны быў сапраўд­ным вiцязем, байцом Чырвонай армii, адважным воiнам. Дайшоў да Усходняй Прусii, ваяваў на III Беларускiм фронце пад камандаваннем генерал-палкоўнiка Iвана Данi­лавiча Чарняхоўскага. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi, медалямi “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнiг­сберга”.

Памятаю матч спартакаўцаў з куйбышаўскiмi “Крыламi Саветаў”, якiм у першым тайме нашы прайгравалi з лiкам 0:2. У другiм тайме футбалiсты прыклалi ўсе намаганнi i выйгралi з лiкам 3:2!

Пад вечар нечакана да нас завiтаў Фёдар Рыгоравiч Маркаў, якi прыехаў з Маладзечна на сесiю Вярхоўнага Савета БССР. Павiншаваў Паўла з перамогай. Доўга не за-трымлiваўся: трэба было рыхтавацца да выступлення, i ён паспяшаўся ў гасцiнiцу “Беларусь”.

З газеты мы даведалiся пра смерць Фёдара Рыгоравiча i вельмi перажывалi. Было яму толькi 45 гадоў. Калi ездзiлi ў Куранец, спынялiся ў Маладзечне ля бюста, устаноўленага на вулiцы, названай iмем героя, клалi букет кветак. Цяпер няма нi Жэнi, нi Годзiка. Засталася толькi пляменнiца Галiна з дачкою…

Шэсцьдзесят гадоў я жыву побач з плошчай Перамогi ў Мiнску. Перада мною адкрываецца цудоўная панарама: велiчны помнiк-манумент, устаноўлены у 1954 годзе, калi плошча называлася яшчэ Круглай, i Вечны агонь, запалены ў 1961 годзе на ўшанаванне памяцi воiнаў Савецкай армii, партызан i падпольшчыкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter