Паглядаем адзiн на аднаго. I на цэны

Кошт  i  якасць  паслуг  у  сядзiбах  Бабруйскага  раёна  заўсёды  пад  кантролем

Кошт  i  якасць  паслуг  у  сядзiбах  Бабруйскага  раёна  заўсёды  пад  кантролем 

Адной з першых у Бабруйскiм раёне ўзнiкла сядзiба «Iзабэла». Яе збудавалi на месцы былога панскага маёнтка. Двухпавярховая, з мноствам пакояў, утульным холам, лазняй унутры будынiны. Гаспадары яе — муж i жонка Сiдаровiчы — усё рабiлi з любоўю i густам. Прыемна тут знаходзiцца. Тым больш наўкол маляўнiчая прырода: возера, лес, на Ваўчанцы, што непадалёк, — бабровыя хаткi. Цiшыня, спакой. А яшчэ можна адправiцца ў падарожжа па 30-кiламетровым турыстычным маршруце, якi ўключае пахавальны склеп паноў Забэлаў, Курган Славы ў Сычкаве, дзот, што захаваўся з часоў вайны, раённы краязнаўчы музей. 

Турыстаў у «Iзабэле» бывае нямала, у тым лiку з Мiнска, Бабруйска, Жлобiна, Рагачова. Гаспадыня Тамара Iгнатаўна, якой дапамагаюць дачка, зяць, унук, прымае людзей заўжды гасцiнна. Тут i пражыванне, i харчаванне. Звычайна клiенты ў выхадныя прыязджаюць: хто на шыкоўных iншамарках — таму даражэй, а хто з аўтобуса цi цягнiка — таму танней. 

— Як зменшыць кошт паслуг? — перапытвае Тамара Iгнатаўна. — Ды я i так, як бачыце, iмкнуся людзей не крыўдзiць. А каб былi завоблачныя цэны, дык нiхто б да нас не iшоў... Тут многае значыць канкурэнцыя. Вунь у недалёкай Пад’ясенцы з’явiлася яшчэ адна сядзiба — Iслама Базаева, у яго — дом, лазня, каўказская кухня. Таксама прывабныя мясцiны. I да яго турыст пайшоў. Вось мы ўжо i паглядаем адзiн на аднаго, каб цэ­ны не вышэй, а нi­жэй, паслуг болей i лепшай якасцi. Сам час, розныя сiтуацыi падштурхоўваюць нас да такога спаборнiцтва. 

Сядзiба «У дзядзькi Фёдара» размешчана ў вёсцы Новай Шараёўшчыне. Яе гаспадар Анатоль Фёдараў (на здымку) пасялiўся на радзiме продкаў. Аднавiў з дапамогай жонкi, мацi, сына пабудовы, якiя мелiся, нямала чаго яшчэ ўзвёў. Напрыклад, лазню ў памеры дзвесцi квадратных метраў, аж з трыма басейнамi, з гарачай i халоднай вадой — для дарослых i дзяцей. Аблюбавалi яе наведвальнiкi. Калi яшчэ тры гады таму гаспадар даваў аб’явы з запрашэннем наведаць сядзi­бу, то цяпер гэтага не робiць — ад чалавека да чалавека перадаецца. Няма праблемы з клiентурай, сюды едуць i едуць. 

«Наконт цэн, — расказвае, — нiколi iх не завышаў. Усё рабiў па-чалавечы. Ды i як з таго цi iншага клiента дзерцi, калi ён ужо добра знаёмы, двойчы-тройчы бываў? Канешне, трэба весцi справы так, каб i на развiццё заставалася. Спыняцца на дасягнутым не збiраюся. Вось хачу маленькую ферму, на некалькi галоў буйной рагатай жывёлы, адкрыць, каб не купляць мяса на тыя ж шашлыкi, а сваё мець. Тады i з’явiцца магчымасць панiжаць цэны». 

Кiраўнiк ужо добра вядомай у раёне сялянска-фермерскай гаспадаркi «Фiш-Лiдэр», якая займаецца арганiзаваным адпачынкам, Андрэй Клянчанка расказвае, што прэйскурант цэн на паслугi зацвярджае абласны аддзел цэнаўтварэння. Высока ўзнiмаць iх не дазволяць, а змяншаць можна. I ён бачыць такую магчымасць у расшырэннi сферы паслуг. Выношвае планы стварэння цэнтралiзаванай паркоўкi транспартных сродкаў, узвядзення лодачнай станцыi, будаўнiцтва для адпачывальнiкаў яшчэ адной лазнi, задумалi арганiзаваныя паездкi на былую сядзiбу графа Варанцова-Вельямiнава, якi быў жанаты на ўнучцы Пушкiна, у вёску Цялуша, дзе яна пахавана. Больш сродкаў – магчымасць змяншаць кошт паслуг. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter