Паехалi, «Вiтаўт»

Адкрытая ў Гомелi тралейбусная лiнiя вырашыць транспартную праблему жыхароў двух новых мiкрараёнаў

Адкрытая ў Гомелi тралейбусная лiнiя вырашыць транспартную праблему жыхароў двух новых гарадскiх мiкрараёнаў

Першы тралейбус (паказальна, што iм стала машына прынцыпова новай мадэлi завода «Белкамунмаш» АКСМ-420 «Вiтаўт») праклаў у Гомелi шлях па новай лiнii — праз вулiцы Агарэнкi, Свiрыдава i Чачэрскай да канчатковага прыпынку «Мiкрараён Клёнкаўскi». Урачыстае адкрыццё лiнii працягласцю 2,5 кiламетра адбылося ў абласным цэнтры з удзелам кiраўнiкоў абласной i гарадской выканаўчай улады, шматлiкiх жыхароў валатаўскага мiкрараёна.

Падзея значная не толькi тым, што навасёлы з ускраiнных спальных раёнаў № 20А i 21, дзе актыўна вядзецца жыллёвае будаўнiцтва, атрымалi надзейную транспартную сувязь з цэнтрам i iншымi часткамi горада (дагэтуль яны спадзявалiся толькi на аўтобусныя маршруты). Гэтай падзеяй, па вялiкiм рахунку, адзначаны чарговы этап станаўлення гарадскога электратранспарту. Як вядома, пачатак гэтай справе быў пакладзены 48 год таму, калi ў горадзе над Сожам (трэцiм з абласных цэнтраў) быў адкрыты першы тралейбусны маршрут «Вакзал» — «Тралейбусны парк». Цяперашняя ж сетка тралейбусных зносiн складае ў Гомелi больш як 145 кiламетраў.

— Гэта яскрава сведчыць, што транспартная галiна не спынiлася ў сваiм развiццi, — адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон. – Добрым мабiлiзуючым фактарам у гэтай справе стала патрабаванне кiраўнiка дзяржавы аб штогадовым (не менш 10 працэнтаў) абнаўленнi пасажырскага транспарту краiны i адпаведная рэспублiканская праграма па забеспячэннi гарадоў рэспублiкi наземным электратранспартам.

Доказам сталi параўнальныя лiчбы. Калi за 2000—2005 гады на Гомельшчыне было набыта каля 430 тралейбусаў i аўтобусаў, то за бягучую пяцiгодку гэта колькасць павялiчылася амаль удвая – 730 адзiнак. 

 Паводле выказвання старшынi гарвыканкама Вiктара Пiлiпца, праца па падрыхтоўцы новай лiнii была няпростай, перш за ўсё ў сувязi з запозненым вызначэннем крынiц фiнансавання. Разам з тым аб’ём работ быў значны: толькi на расшырэннi i ўстаноўцы кантактнай сеткi на вулiцы Агарэнкi асвоена звыш 10 мiльярдаў рублёў. Але ўсе, хто меў дачыненне да гэтай справы, перш за ўсё будаўнiкi, транспартнiкi, энергетыкi, камунальшчыкi, справiлiся з пастаўленай задачай паспяхова. Неабходныя работы выкананы якасна i ў кароткi тэрмiн. У вынiку ўмовы для камфортных паездак вадзiцеляў i пасажыраў трох тралейбусных маршрутаў, якiя пройдуць па новай лiнii, тут створаны выдатныя.

...Услед за традыцыйным пераразаннем стужкi ўдзельнiкi мерапрыемства ненадоўга сталi пасажырамi камфартабельнага эксперыментальнага нiзкапольнага «Вiтаўта» шаснаццатага маршрута. Быў сярод iх i запрошаны на ўрачыстасць вадзiцель аднаго з першых гомельскiх тралейбусаў Мiкалай Гуменнiкаў. Можна толькi здагадвацца, якiя думкi адольвалi ветэрана гарэлектратранспарту, калi ён разам з iншымi размясцiўшыся ў прасторным салоне сучаснага тралейбуса назiраў праз шырокiя вокны машыны за вулiчнымi пейзажамi пераднавагодняй Валатавы...

На здымку: падчас адкрыцця новай тралейбуснай лiнii.

Фота: Iгар ЯРОМКIН

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter