Падарунак за годную службу

Уздзенская міліцыя пераехала ў новы адміністрацыйны будынак

Уздзенскія міліцыянеры перасяліліся ў новы адміністрацыйны будынак

Гэта падзея была прымеркавана да юбілейнай даты — 75-годдзя з дня заснавання Мінскай вобласці. Адкрыццё будынка РАУС прайшло вельмі ўрачыста, сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі міністр унутраных спраў Беларусі генерал-маёр Ігар Шуневіч і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.

«Гэта падзея стала магчымай дзякуючы клопату кіраўніцтва Мінскай вобласці. Органы ўнутраных спраў павінны бездакорна выконваць свае абавязкі па ахове правапарадку і інтарэсаў нашых грамадзян. Створаныя ўмовы паспрыяюць яшчэ большай эфектыўнасці службовай дзейнасці супрацоўнікаў», — адзначыў міністр.

Дагэтуль райаддзел размяшчаўся ў трох невялікіх прыстасаваных будынках. Але нязручнасці не ўплывалі на якасць нясення службы. Калектыў Уздзенскага РАУС — згуртаваны і высокапрафесійны. Па выніках работы за 2011 год ён быў прызнаны лепшым у рэспубліцы сярод аддзелаў другой катэгорыі (з колькасцю асабовага саставу да 100 чалавек) і ўзнагароджаны пераходным прызам імя батальёна міліцыі Уладзімірава «За высокую эфектыўнасць узаемадзеяння служб унутраных спраў у папярэджанні і раскрыцці злачынстваў». І па выніках 2012-га райаддзел застаўся на высокіх пазіцыях. Відавочна, што міліцыянеры заслужылі, каб працаваць у такой сучаснай пабудове, якая і ўзведзена спецыяльна для іх. Таму натуральна, што настрой ва ўсіх быў прыўзняты.

«Гэта сімвалічна, што новы адміністрацыйны будынак для ўздзенскай міліцыі мы адкрываем юбілейнымі днямі. Міншчына сустрэла 75-годдзе добрымі дасягненнямі ў працы і стабільнасцю, і гэта стабільнасць у многім забяспечваецца вашай службай. Для таго каб супрацоўнікі з максімальнай эфектыўнасцю выконвалі свае абавязкі, мы і ствараем адпаведныя ўмовы», — адзначыў старшыня аблвыканкама Барыс Батура (на здымку). Разам з тым ён паведаміў, што гэтым аб’ектам пачынаецца вялікая работа па ўладкаванні Узды як сучаснага раённага цэнтра. «Мы збіраемся сур’ёзна папрацаваць у горадзе і ў раёне, улажыць немалыя сродкі ў добраўпарадкаванне і будаўніцтва. Ужо ў гэтым годзе будзе ўведзены ў эксплуатацыю Дом культуры, работа пойдзе і на іншых аб’ектах. Але і ад жыхароў Уздзеншчыны мы чакаем напружанай і плённай працы, каб зрабіць свой годны ўнёсак і апраўдаць інвестыцыі, што плануе ўкласці вобласць», — падкрэсліў Барыс Батура.

Пасля цырымоніі адкрыцця ўсе прысутныя накіраваліся на своеасаблівую экскурсію. І сапраўды, будынак даволі адметнай архітэктуры. Літаральна за два гады генеральны падрадчык — будаўнічае ўпраўленне № 55 знакамітага слуцкага Будтрэста № 3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі — узвёў яго з незавершанага аб’екта. Светлыя ўтульныя кабінеты для супрацоўнікаў забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем для эфектыўнай і аператыўнай работы, нават прадугледжана памяшканне для музея, які будзе адкрыты ў хуткім часе.

Наваселле не прайшло без падарункаў. Міністр унутраных спраў уручыў начальніку РАУС падпалкоўніку Андрэю Бярозку ключы ад новага службовага аўтамабіля, шэраг супрацоўнікаў былі ўдастоены нагруднага знака «За выдатную службу» і іншых узнагарод.

Фота: Павел ПРАХАРЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter