Пад нумарам шаснаццаць...

Бабруйчанін праз 70 год даведаўся, дзе пахаваны яго бацька

Бабруйчанін Уладзімір Балабаеў праз семдзесят год даведаўся, дзе загінуў і пахаваны яго бацька

— Уладзя, — патэлефанавала Уладзіміру Васільевічу яго стрыечная сястра, якая пражывае ў Дрыбінскім раёне, — тут на мяне выйшлі члены пошукавай патрыятычнай арганізацыі з Санкт-Пецярбурга і паведамілі: устаноўлена імя твайго бацькі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, і месца яго гібелі. Знайшлі астанкі пад горадам Колпіна Ле-нінградскай вобласці, ужо адбылося перазахаванне.

Тэлефонная размова абарвалася, а Уладзімір Васільевіч не мог да канца ўсвядоміць пачутае: няўжо праз сем дзясяткаў гадоў ён даведаецца, дзе пахаваны яго бацька? І пяці гадкоў не было, калі бачыў яго ў апошні раз... Тады Балабаевы жылі ў вёсцы Нова-Ельня Краснапольскага раёна. Тата, які меў вышэйшую адукацыю, працаваў дырэктарам школы ў мястэчку. Потым яго забралі ў раённы аддзел адукацыі. У Краснаполле пераехала і ўся сям’я. Жылі на кватэры ў адной зычлівай жанчыны. Новыя абставiны, новыя людзі, а галоўнае, побач тата і мама. Аднак неўзабаве тату, які прайшоў фінскую вайну, зноў забралі ў армію. Было гэта ў 1940 годзе. Служыў ён у Пскове. Прыязджаў у водпуск. Тады ж адвёз сям’ю да дзядулі ў вёску Беразуга таго ж Краснапольскага раёна. Ад’язджаючы, доўга трымаў яго і ягонага брата на руках...

А тут, як тая чорная хмара, вайна... Ужо ў мястэчку і немцы, злыя, насупленыя. «Вось каб быў тата, — думаў хлопчык, — я б нікога не баяўся!» Толькі дзе ён? Вестак ніякіх. Даходзілі чуткі, што быццам бы ваяваў пад Ленінградам. Ужо немцаў патурылі з родных мясцін, здавалася, вось-вось прыйдзе, а тут, бы апякла, пахаванка з раённага камiсарыята: чырвонаармеец Васіль Балабаеў лічыцца прапаўшым без вестак... Не хацелася ў гэта верыць, у іншых таты, а ў яго не было... Валодзя ўжо скончыў ваеннае вучылішча і ўсё часцей задумваўся над тым, каб адшукаць хоць якія сляды бацькі. Аднойчы напісаў у Падольскі архіў Міністэрства абароны. Адтуль прыйшоў адказ: чырвонаармеец Балабаеў загінуў пры абароне Ленінграда, пахаваны на брацкіх могілках Балканы. Неадкладна выехалі з маці на месца, але там не знайшлі дарагое імя...

Ён дзесьці тут, адчувалі, але дзе? Ішоў год за годам, мiналi дзесяцігоддзі, здавалася, ужо ніколі не даведацца, дзе знайшоў апошні зямны прытулак самы дарагі чалавек. Але нездарма кажуць, што надзея памірае апошняй. І вось такая вестка!

Ледзь дачакаўся наступнага дня. А тут і раздаўся тэлефонны званок. На сувязі быў прадстаўнік пошукавай арганізацыі Сяргей Харланцьеў. А ўслед за гэтым ён і сам з’явіўся.

— Ленінградская зямля, як вы ведаеце, — пачаў Сяргей, — густа палітая крывёй. Шмат яшчэ не ўлічаных безыменных магіл. Дык вось на адну з іх у раёне горада Колпіна і натрапілі байцы нашых пошукавых атрадаў «Рубін-2» і «Беркут». У ёй былі выяўлены астанкі 44 чырвонаармейцаў. Пачалі іх даследаваць. І раптам бачым — ордэн Чырвонай Зоркі. Пачалі ўстанаўліваць яго ўладальніка. Гэта заняло каля двух гадоў. І тым не менш удача нам спадарожнічала: уладаль-нікам узнагароды аказаўся лейтэнант стралковага палка 70-й ордэна Леніна дывізіі 55-й арміі Ленінградскага фронту Ніва Вайнерман. Пры далейшым вывучэнні баявога шляху афіцэра былi ўстаноўлены дата і месца гібелі, а таксама яшчэ 43 загінуўшыя воіны. Гэтаму дапамагло данясенне штаба 70-й дывізіі ад 16 мая 1942 года, у якім паведамляецца, што ў раёне горада Колпіна пахаваны 44 чырвонаармейцы. Там жа спіс тых, каго аддалі зямлі. Сярод іх пад нумарам шаснаццаць значыўся Васіль Фёдаравіч Балабаеў, 1912 года нараджэння, ураджэнец Магілёўскай вобласці. Ваш, Уладзімір Васільевіч, бацька...

— Дык, а дзе пахаваны тата?

— Ваш бацька, які да канца выканаў свой воінскі абавязак і загінуў як герой, 17 лістапада 2007 года ўрачыста пахаваны на Воінскім мемарыяле горада Нікольскае Ленінградскай вобласці. Там на мармуровай пліце разам з іншымі высечана і яго прозвішча. Вось дакументы, якія аб гэтым сведчаць: паведамленне міжрэгіянальнай гісторыка-патрыятычнай арганізацыі «Доблесць», копія архіўнай даведкі, відэаматэрыялы.

— А калі можна туды паехаць?

— У любы час, калі ў вас будзе магчымасць, вас там сустрэнуць.

Потым Уладзімір Васільевіч расказваў аб сабе. Аказалася, ён скончыў дзве ваенныя навучальныя ўстановы, служыў на Кольскім паўвостраве, у Германіі і іншых месцах. Апошняе месца службы — Бабруйск, тут у чыне падпалкоўніка выйшаў у адстаўку. У яго дзве дачкi, прычым адна, бы па волі лёсу, жыве каля Санкт-Пецярбурга, амаль у тым месцы, дзе загінуў дзядуля. Мае чатырох унукаў, дваіх праўнукаў. Маці, якая засталася ўдавой, пражыла амаль дзевяноста гадоў і памерла не так даўно. «Шкада, — зазначыў Уладзімір Васільевіч, — што так і не даведалася, дзе пахаваны муж, пра якога яна заўсёды ўспамінала».

— У спісе 44 чырвонаармейцаў, астанкі якіх выяўлены ў безыменнай магіле, дзесяць чалавек — беларусы, — зазначыў Сяргей. Ён і сам родам з Беларусі. — Лічу сваім абавязкам знайсці іх родзічаў. Хаця гэта часам вельмі і вельмі складана, бо многіх ужо няма ў жывых.

Вось і ў выпадку з устанаўленнем родзічаў Балабаева: ён родам з той вёскі, якая трапіла пад зону адсялення, жыхароў перасялілі ў Дрыбінскі раён. Вось чаму спачатку выйшлі на стрыечную сястру Уладзіміра Васільевіча, а потым і на яго самога.

— Падключаем мясцовыя пошукавыя арганізацыі, — дадае Сяргей, — актывістаў у гэтай справе, у прыватнасці, цесныя сувязі падтрымліваем з вядомым магілёўскім краязнаўцам Мікалаем Барысенкам і іншымі.

На здымку: Сяргей ХАРЛАНЦЬЕЎ разам з Уладзімірам БАЛАБАЕВЫМ.

Фота: Мікалай ДАВІДОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter