Пад гукі карнавалу

У Гродне ў чацвёрты раз пройдзе навагодні лёгкаатлетычны прабег

«Навагодні прабег» пройдзе ў Гродне.

Забег, які завяршае лёгкаатлетычны сезон, пройдзе тут ужо ў чацвёрты раз. Гэтай зімой у спаборніцтвах прымуць удзел больш за трыста спартсменаў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Выйдуць на старт і многія вядомыя спартсмены, а таксама бегуны з Літвы і Польшчы.

— Увогуле, кожнаму, хто хоча стаць удзельнікам забегу, дастаткова толькі зарэгістравацца на сайце Гродзенскага аблвыканкама і атрымаць нумарок, — адзначыў Алег Андрэйчык, арганізатар мерапрыемства. — Спаборніцтвы пройдуць на тэрыторыі Цэнтральнага спартыўнага комплекса «Нёман». Прабег будзе суправаджацца забаўляльнай праграмай з Дзедам Марозам і акцёрамі ў карнавальных касцюмах.

Адначасова будуць праводзіцца і спаборніцтвы для дзяцей. У праграму ўключаны скачкі ў вышыню і з шастом. Цікава, што прыз атрымае не толькі той, хто прыбяжыць першым, але і той, хто пераступіць фініш апошнім.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter