Па законах якасцi

— З нецярплiвасцю чакаю дня, калi мы разам збяромся ў зале народнага форуму...

Дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу начальнiк аддзела збыту i маркетынгу ЗАТ «Добрушскi фарфоравы завод» Аксана ГАЛАГАНАВА:

— З нецярплiвасцю чакаю дня, калi мы разам збяромся ў зале народнага форуму. Таму з вялiкай цiкавасцю ўчытвалася ў радкi праекта Асноўных напрамкаў развiцця рэспублiкi на 2011—2015 гады. Не магу не выказаць задавальнення тым, што прыярытэт у гэтым перспектыўным плане развiцця нашай краiны надаецца не толькi павелiчэнню аб’ёмаў вытворчасцi прадукцыi, але i павышэнню яе якасцi, пераходу айчынных прадпрыемстваў на iнавацыйныя тэхналогii. Зразумела кожнаму: толькi так мы зможам зрабiць нашы тавары канкурэнтаздольнымi ў свеце. На прадпрыемстве я ўзначальваю аддзел збыту i маркетынгу. Вынiкi нашай работы ацэньваюцца па такiх паказчыках, як выкананне плана адгрузкi фарфоравых вырабаў, паступленне сродкаў за рэалiзаваную прадукцыю, экспартны продаж, захаванне нарматыву рэшткаў гатовай прадукцыi на складзе. Заўважу, у кастрычнiку—лiстападзе каля 60 працэнтаў вырабаў з маркай ДФЗ накiроўваецца замежным спажыўцам. Асноўныя пастаўкi – у Расiйскую Федэрацыю. Наш фарфор карыстаецца вялiкiм попытам у краiнах СНД – Азербайджане, Украiне, Малдове, Казахстане, Туркменiстане, а таксама дзяржавах далёкага замежжа – Германii, Фiнляндыi, Лiване, Канадзе. Мiсiя замацавання ранейшых рынкаў i асваення новых няпростая. Пра гэта яскрава сведчаць, напрыклад, нядаўнiя «кадмiева-свiнцовыя» прэтэнзii Расспажыўнагляду. У вынiку iх пад надуманае сумненне была пастаўлена пацверджаная гадамi якасць нашых фарфоравых вырабаў. Нападкi з’явiлiся лагiчным працягам вядомых «малочных i мясных войнаў» расiйскiх кантралёраў якасцi з беларускiмi вытворцамi. Але ж у вынiку справядлiвасць аказалася вышэй... Мы даказалi, што ўкаранёная на прадпрыемстве сiстэма кантролю якасцi стандарта СТБ ISO 9001-2009 дзейнiчае надзейна, а сыравiна i матэрыялы (дарэчы, каля 80 працэнтаў iх пастаўляем з той жа Расii) праходзяць жорсткi кантроль. Урэшце, лагiчную кропку ў гэтай валтузнi паставiлi спажыўцы, не збавiўшы попыт на наш посуд. З поспехам прапаноўваць i рэалiзоўваць свой тавар нам удаецца за кошт аптымальных суадносiн цаны i якасцi, узважанай маркетынгавай палiтыкi. 80 працэнтаў нашай прадукцыi адносiцца да сярэдняга цэнавога дыяпазону i разлiчана на шырокага пакупнiка. Такая пазiцыя вытворцаў не мае нiякiх адносiн да дэмпiнгу.

Нягледзячы на эканамiчны крызiс, нашаму калектыву ўдалося зрабiць сур’ёзныя крокi па тэхнiчным пераўзбраеннi вытворчасцi, значна зэканомiць палiўна-энергетычныя рэсурсы, а ў канчатковым вынiку захаваць заваяваныя рынкi збыту.

Фарфор мае такi паказчык якасцi, як бялюткасць. У добрушскiх вырабах яна дасягае 72 працэнтаў. Фарфор з такiмi характарыстыкамi, без перабольшвання, не вырабляе нiводнае прадпрыемства на постсавецкай прасторы. I калектыў гэтым ганарыцца. Радуе, што ў апошнi час нам удалося пазбегнуць некаторых вiдаў браку, пастаянна аднаўляем асартымент прадукцыi. Штогод малюнкi i дэколь на фарфоравых вырабах абнаўляюцца на 70 працэнтаў. Але ж важна не толькi вырабiць якасны тавар, патрэбна падабраць яму яшчэ i прываблiвую абалонку. Раней на прадпрыемстве ўпакоўвалi ў абгортачную паперу. Цяпер вырабы рознiчнага асартыменту ўпакоўваем не ў паперу, а ў гафрыраваныя скрынкi, што забяспечвае iх высокую захаванасць пры транспарцiроўцы. А вось прадукцыя прэмiум-класа наогул запакоўваецца ў прыгожую шматколерную тару.

Карта паставак нашых вырабаў уключае вялiкiя тэрыторыi, у той жа Расii яны карыстаюцца попытам ад Калiнiнграда да Уладзiвастока. Новая задача, што стаiць перад фарфарыстамi, не менш адказная: каб нашы тавары ведалi гэтак жа на ўсёй еўрапейскай прасторы. Цяжкасцi на гэтым шляху нас не пужаюць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter