Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прэзентацыя поўнага факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Францыска Скарыны прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага

Па-сяброўску, па-суседску

У Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага захоўваецца нямала даўніх, арыгінальных выданняў Францыска Скарыны – а цяпер там ёсць і поўнае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны першадрукара. Прэзентацыю тамоў у Кіеве на пачатку верасня зрабіў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Ён жа й перадаў у фонды бібліятэкі 20-томны камплект выдання, пры тым падзяліўся досведам таго, як цягам пяці гадоў быў рэалізаваны гэты буйны праект.

Нацыянальная біблія-тэка Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага менш чым праз год будзе адзначаць 100-гадовы юбілей. Яе генеральны дырэктар Уладзімір Попік адзначыў: дзейнасць беларускіх калег па падрыхтоўцы, святкаванні  500-годдзя беларускага кнігадрукавання не проста заслугоўвае вялікай павагі – гэта патрыятычны ўчынак, які прымушае ўсіх бібліятэкараў з суседніх краін актывізаваць працу й па вывучэнні, папулярызацыі сваёй роднай кніжнай спадчыны.

На этапе падрыхтоўкі 20-томніка беларускія і ўкраінскія бібліятэкары цесна супрацоўнічалі. У адпаведнасці са зваротамі, запытамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі цягам 2014–17 гадоў былі алічбаваны ўсе выданні Францыска Скарыны, якія захоўваюцца ва Украіне. А ёсць яны, нагадаем, у Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя Уладзіміра Вярнадскага, Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаныка, Адэскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы, Нацыянальным музеі імя Андрэя Шаптыцкага ў Львове і Закарпацкім абласным краязнаўчым музеі імя Тывадара Лягоцкага ў Ужгарадзе. Адсканаваныя копіі былі перададзены НББ для выкарыстання ў выдавецкай дзейнасці ды ў складзе электронных калекцый.

На прэзентацыі Алесь Суша выказаў шчырую ўдзячнасць украінскім калегам за супрацоўніцтва. Ён мае таксама ўпэўненасць: перадача лічбавых копій з Украіны ў Беларусь і факсімільнага выдання з Беларусі ва Украіну будуць стымуляваць далейшыя культурныя й навуковыя сувязі нашых краін.

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter