Па радыёграме — у Быхаўскі раён

Па рукапісу камандзіра разведатрада выдадзена кнiга

Рукапіс камандзіра разведатрада «Сямёрка» Рыгора Варожышчава праляжаў у школьным музеі амаль тры дзясяткі гадоў, а нядаўна на аснове яго выдадзена кніга

Калі мне трапілася ў рукі кніга Варожышчава «Па радыёграме — у Быхаўскі раён», прачытаў яе не адрываючыся. У гэтым выданні адлюстраваны тыя падзеі, якія адбываліся на Быхаўшчыне ў 1943 годзе. Сюды разведгрупа ў колькасці сямі чалавек была накіравана па загадзе Цэнтра з Бранскай вобласці. Дабіраліся на конях, давялося перасякаць рэкі, чыгунку ў напрамку Унеча—Крычаў, Варшаўскую шашу. Небяспечны шлях па тылах ворага, тым не менш ён скончыўся паспяхова.

Разведгрупа спынілася ў раёне рэчкі Ухлясць, вёсак Смоліца, Дабужа, Ваўкі, Аляксандраўка. У яе складзе знаходзіўся былы загадчык Быхаўскага райспажыўтаварыства Максім Сівагракаў, які добра ведаў раён і на першым часе дапамагаў усталёўваць сувязі з падпольшчыкамі, усімі тымі, хто гатовы быў душу і сэрца аддаць за вызваленне роднай зямлі ад фашысцкай нечысці. Абрасталі сувязнымі. У прыватнасці, надзейнымі агентурнымі данымі забяспечваў свой чалавек — стараста сяла Чырвоная Слабада Іван Паюкоў, які, на вялікі жаль, быў схоплены гестапаўцамі і закатаваны. На чыгуначнай станцыі свае «вушы» — былая настаўніца Ганна Салановіч, на Быхаўскім аэрадроме — камсамольска-маладзёжная група на чале з былым шафёрам аддзела КДБ Віктарам Скіданавым і іншыя. «Нашымі памочнікамі, — падкрэслівае аўтар, — станавіліся простыя хлопцы і дзяўчаты, учарашнія навучэнцы, для якіх барацьба з акупантамі была жыццёвай неабходнасцю». Многія маладыя людзі папаўнялі партызанскія атрады, у тым ліку і «Сямёрку». Аднымі з першых да яе далучыліся Ціт і Уладзя Бычанковы з пасёлка Радзькавічы (абое загінулі ў час няроўных баёў з фашыстамі), Алег Баранчук, Валянцін Галаўнёў і былы ляснічы Трафім Шарамецьеў з вёскі Прыбор, Мікола Гаршкоў з пасёлка Новы Свет, Уладзімір Кучук з сяла Ветранка і іншыя. Неўзабаве разведгрупа вырасла ў разведатрад, які налічваў больш за дзве сотні «штыкоў».

Аднак галоўнае было — збор інфармацыі аб варожых гарнізонах, Быхаўскім аэрадроме, перамяшчэнні войск праціўніка па аўтамагістралі і чыгунцы Гомель—Магілёў. Звесткі перадавалі на Вялікую зямлю.

Неўзабаве сюды пасунуўся і ўсталяваўся на лініі Проня—Сож, у якіх-небудзь двух дзясятках кіламетраў, фронт. У тыле фашысцкіх войск аказаліся адразу некалькі партызанскіх атрадаў, у тым ліку і полк «Трынаццаць», якім камандаваў былы школьны настаўнік, Герой Савецкага Саюза С.В. Грышын. Канешне, немцы не маглі дапусціць такой блізкасці: пачалася блакада. Партызаны, уз’яднаўшыся пад адзіным камандаваннем, мужна яе вытрымалі, хаця не хапала зброі, боепрыпасаў, самага неабходнага. А тым больш іх бамбілі, абстрэльвалі з гармат, звузілі да мінімуму абарону. Нечалавечыя ўмовы, як піша аўтар, нават лес быў так пабіты, што нагадваў жывую рану, ужо не кажучы пра людзей… Амаль месяц у гэткай асадзе знаходзіліся народныя мсціўцы, забіралі зброю ў забітых фрыцаў, дзялілі апошні кавалак хлеба, але трымаліся. А потым, калі адчулі, што часці Чырвонай арміі затрымліваюцца, пайшлі на прарыў…

Каму ўдалося выжыць у той смяротнай схватцы, а каму і не… Варожышчаў з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю гаворыць пра беларусаў-быхаўчан.

Разведатрад і пасля прарыву блакаднага кольца, праўда ў зменшаным складзе, заставаўся на акупіраванай тэрыторыі. Пакуль не «заглух» радыёперадатчык, і тады вымушаны быў прабірацца праз лінію фронту да сваіх. Аднак яго баявы шлях на гэтым не скончыўся: Варожышчаў і яго таварышы былі дэсантаваны ў Заходнюю Беларусь, дзе працягвалі разведдзейнасць да поўнага выгнання адсюль фашыстаў.

У пасляваенны час Варожышчаў, нягледзячы на тое, што жыў у далёкім Камсамольску-на-Амуры, неаднойчы наведваўся ў Быхаўскі раён, дзе, як казаў, нарадзіўся другі раз. Тут ён сустракаўся з баявымі таварышамі, занатоўваў іх успаміны, папаўняў свой літаратурны запаснік.

А потым і з’явіўся рукапіс, які Рыгор Аляксеевіч перадаў адной са школ раёна. Тут ён праляжаў амаль тры дзясяткі гадоў, пакуль яго не выявілі Васіль і Андрэй Баранчукі. Узяліся выдаваць кнігу: дапоўнілі пісьмовы матэрыял фотаздымкамі таго часу, картамі мясцовасцей, пра якія ўпамінае аўтар.

Што казаць, кніга атрымалася змястоўнай. Днямі ў Быхаве адбудзецца яе прэзентацыя з удзелам ветэранаў вайны, моладзі, усіх зацікаўленых асоб. А потым выданне паступіць у школы, бібліятэкі, стане добрай дапамогай у ваенна-патрыятычным выхаванні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter