Пісьменнік заўжды ў даўгу перад Радзімай

Дэлегацыя беларускіх літаратараў пабывала ў Брэсцкай вобласці

Брэсцкая вобласць стала пятым рэгіёнам, які наведала дэлегацыя беларускіх літаратараў

Хто яны, героі нашага часу?

— Людзі, якія добрасумленнай працай памнажаюць багацце краіны, даказваючы такім чынам любоў да роднай зямлі. Менавіта такіх прататыпаў мы хочам бачыць на старонках вашых кніг, — гаварыў на сустрэчы з беларускімі празаікамі, паэтамі і публіцыстамі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар і шчыра жадаў пісьменнікам знайсці такіх герояў у час паездкі па рэгіёне.

Падкрэсліўшы справядлівасць выказвання “Будзе хлеб — будзе і песня”, Канстанцін Андрэевіч расказаў пра надзённыя клопаты па стварэнні ўстойлівай эканамічнай базы. Аказваецца, для патрэб вобласці дастаткова 40 працэнтаў таго, што тут вырабляюць, астатняе можна экспартаваць, прадаваць. І Брэстчына штогод прадае прадуктаў харчавання прыкладна на мільярд долараў, гандлюючы з 14 краінамі свету. Зыходзячы з даручэнняў Прэзідэнта, адраджаюцца вёскі, мадэрнізуецца вытворчасць... Па магчымасці тут дапамагаюць і ў фінансаванні некаторых кніг. Так, пры падтрымцы аблвыканкама ўбачыла свет “Літаратурная карта Берасцейшчыны” — унікальнае выданне, прысвечанае пісьменнікам, якія нарадзіліся і пражывалі на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, аблвыканкам заснаваў літаратурную прэмію імя земляка Уладзіміра Калесніка, якая з 2006 года ўручаецца ў рамках традыцыйнага свята “Лунінская восень”.

— Калі чыноўнік такога высокага рангу душой і сэрцам разумее пісьменніка, клапоціцца пра літаратуру і ўсебакова садзейнічае, каб яна развівалася і была здабыткам падрастаючага пакалення, то заслугоўвае ўсемагчымай пахвалы, — адзначыў старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, уручаючы Канстанціну Сумару медаль “ За вялікі ўклад у літаратуру” і хрустальнага “Пегаса”, які, як вядома, лічыцца сімвалам мэтанакіраванасці, натхнення і імкнення да перамогі.

Несумненна, што ўражанні ад сустрэчы з Брэстчынай абавязкова знойдуць працяг на старонках будучых кніг, прысвечаных хараству роднай зямлі. Напрыклад, вядомы майстар дэтэктыўнага жанру Віктар Праўдзін выказаў трывогу за сённяшні стан малых рэк. Творчы непакой пісьменніка падтрымала кіраўніцтва вобласці і падзялілася планамі па дапамозе рачулцы з казачнай назвай Ведзьма на Ляхаўшчыне. У рамках падрыхтоўкі райцэнтра да абласных дажынак на маляўнічым русле Ведзьмы пабудуюць шлюзы...

— Брэсцкая вобласць — фарпост на граніцы з Еўропай. А ў Еўропе ўсё больш прыхільнікаў нашай краіны, — заўважыў Мікалай Чаргінец. — Сёння нам трэба звярнуць вялікую ўвагу на моладзь. У час, калі размываюцца маральныя арыенціры, у літаратуры на першае месца павінна выйсці сям’я з яе традыцыйнымі каштоўнасцямі...

Так атрымалася, што візіт пісьменнікаў на Брэстчыну супаў з першай у вобласці канферэнцыяй бацькоў, на якую ў абласны цэнтр з рэгіёнаў з’ехалася каля 500 чалавек, аднадушных у меркаванні, што роля школы — навучаць і сацыялізаваць дзяцей, а сям’я адказвае за духоўнае выхаванне і самарэалізацыю нашчадкаў.

— Значэнне кнігі ў асяродку сям’і — вельмі важная тэма. І каму, як не тату з мамай, прывіваць свайму дзіцяці любоў да чытання? — разважаў Андрэй Смятанін, лаўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў, пераможца Міжнароднага конкурсу паэтычных твораў для дзяцей “Ад 7 да 12”.

Скажам шчыра, імкнення чытаць, культурна гаварыць і граматна пісаць сучаснай моладзі падчас нестае. І гэта хвалюе пісьменнікаў. На думку доктара філалагічных навук, прафесара НАНБ Івана Саверчанка, у любой прафесіі вельмі важна быць адукаваным і неабыякавым да гістарычнай спадчыны свайго народа. Як добры прыклад повязі мінулага і сучаснага менавіта ў Брэсце Іван Васільевіч назваў манументальны помнік ігумену Свята-Сімяонаўскага манастыра Афанасію Брэсцкаму (у міру Філіповічу), які палымяным словам і духоўным мячом бараніў праваслаўную веру і літаратурная спадчына якога яшчэ чакае асэнсавання даследчыкамі і чытачамі...

Што першасна: культура ці мараль? Мы даволі часта чуем выказванне: “Без культуры няма маралі”. А вось вядомая журналістка, першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Белая вежа” Ніна Чайка пераканана: наадварот — менавіта з маралі і духоўнасці пачынаецца ўсё высокае, у тым ліку і культура.

У кантэксце тэмы бацькоў і дзяцей Ніна Цімафееўна прыгадала эпізод, сведкам якога яна была некалькі гадоў назад у Брэсцкай крэпасці ў ноч на 22 чэрвеня. Сотні сямей прыехалі сюды з розных куткоў Беларусі і ўзрушана чакалі світання, слухаючы дзівосныя салаўіныя спевы. Усіх аб’ядноўвала памяць, гордасць за Айчыну і бязмежная ўдзячнасць мужным абаронцам. Хочаце даць свайму сыну альбо дачцы урок патрыятызму — прывядзіце яго ў легендарную цытадэль!

Дэлегацыя пісьменнікаў усклала кветкі да Вечнага агню ў крэпасці-героі і пасля экскурсіі па мемарыяле накіравалася ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Пушкіна, дзе ў студэнцкіх аўдыторыях прадоўжылася размова пра літаратуру, культуру і любоў да Бацькаўшчыны. Як нараджаюцца вершы? Што для вас крыніца натхнення? Як пісаць, каб творы краналі душу? На шчырыя пытанні юнакоў і дзяўчат гучалі шчырыя адказы літаратуразнаўцы і паэта, дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага педуніверсітэта імя М. Танка Міколы Шабовіча, паэта Генадзя Пашкова, публіцыста Славаміра Антановіча, галоўнага рэдактара часопіса “Белая вежа” Васіля Шырко, кіраўніка абласнога аб’яднання пісьменнікаў Анатоля Крэйдзіча, паэтэсы Ганны Міклашэвіч, паэта Рагнеда Малахоўскага, барда Дзмітрыя Пятровіча...

У Брэсце пісьменнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з работай і прадукцыяй прадпрыемстваў «Санта Брэмар», «Белалка», пабывалі ў аграсядзібе “Рынькаўка”, пабудаванай на ўзбярэжжы лясной ракі ў гістарычным стылі.

Старадаўні і малады горад над Бугам зачароўваў квеценню акацый і каштанаў. Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык правёў для гасцей-літаратараў захапляльную экскурсію, паказаў новыя мікрараёны, храмы, спартыўныя комплексы, масты, атэлі і бульвары, якія носяць імёны Гогаля, Пушкіна, Міцкевіча... А на развітанне падарыў пісьменнікам надзвычай захапляючы рамантычны сюжэт!

Пра пераемнасць традыцый, беражлівыя адносіны да гістарычнай праўды і спадчыны ішла гаворка і ў Баранавічах, дзе шаноўных гасцей сардэчна прымаў старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі.

Віктар Іванавіч пазнаёміў пісьменнікаў з прадукцыяй самых паспяховых прадпрыемстваў. Па-першае, гэта мэбля. Попыт на яе адчуваецца не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. Пацвярджэнне таму — тэлесюжэты з афіцыйных прыёмаў, у час якіх не раз даводзілася бачыць, што ў крэслах, вырабленых у Баранавічах, сядзяць прэзідэнты іншых краін… Новае дыханне павінна набыць у бліжэйшы час і некалі славуты на ўвесь СССР баваўняны камбiнат, цiкаўнасць да прадукцыi якога не змяншаецца і сёння. У лідарах — марка баранавіцкіх бытавых рухавікоў і папулярная мука “Гаспадар”, вытворчасць якой вядзецца на самым сучасным нямецкім абсталяванні. І, канешне ж, тутэйшае ААТ “558 Авіяцыйны рамонтны завод”. Прадпрыемства спецыялізуецца на рамонце і мадэрнізацыі сучаснай баявой авіяцыйнай тэхнікі, што знаходзіцца на ўзбраенні не толькі паветраных узброеных сіл Беларусі, а і больш чым 20 краін Еўропы, Азіі, Бліжняга Усходу, Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі. Партнёры высока цэняць надзейнасць і якасць працы баранавіцкіх авіярамонтнікаў.

Асобная тэма — будаўніцтва, тэмпы якога прыемна ўражваюць. Уявіце: за дзесяць гадоў у горадзе ўведзена звыш 700 тысяч квадратных метраў жылля! Пабудаваны і ўніверсітэт, якім па праву можна ганарыцца. Студэнцкі гарадок БарДУ — гэта сучасны вучэбны будынак і тры студэнцкія інтэрнаты, пакоі ў якіх — паўнацэнныя двухпакаёвыя кватэры…

— Выконваючы даручэнне Прэзідэнта, пісьменнікі падарожнічаюць па краіне, сустракаюцца з людзьмі, якія клапоцяцца пра заўтрашні дзень Беларусі, — гаварыў, выступаючы перад вялікай аўдыторыяй, старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец. — Вы — будучыя гаспадары краіны, і ад таго, наколькі адукавана і выхавана наша моладзь, залежыць будучыня.

Мікалай Іванавіч расказаў пра вялікі ўклад беларусаў у культуру свету. Перасцярог ад скажонага ўспрымання сэнсу жыцця, дзе аднаполыя шлюбы і забарона на словы “мама” і “тата”. А на пытанне пра галоўную задачу літаратуры заўважыў, што адна з задач — дапамагчы моладзі не спатыкнуцца, разабрацца, дзе дабро і дзе зло. Вялікая адказнасць ляжыць сёння на дзіцячай і юнацкай літаратуры. Зрэшты, не толькі на ёй. Пісьменнік заўжды ў даўгу перад Радзімай”.

На здымку: экскурсія ў Брэсцкай крэпасці-героі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter