«Няхай жанчын берагуць Бог i мужчыны»

Нiна Жалязнова — старшыня прыватнага унiтарнага прад­прыемства «Азярыцкi-Агра»...

Што за работа ў няў­рымслi­вай Нiны Жалязновай? Пасада самая адказная i патрэбная на зямлi: разам са сваiмi калегамi творыць вялiкi цуд, iмя якому — хлеб. Яна старшыня прыватнага унiтарнага прад­прыемства «Азярыцкi-Агра», што ў Смаля­вiцкiм раёне. Праца ў вёсцы, да таго ж у кi­раўнiка буйнога, шмат­­галiновага сельгас­прад­прыемства, вядома якая: з самай ранiцы i да позняга вечара там, дзе ёй неабходна быць — сярод людзей, у клопатах… Тым больш, калi хутка вясна, абу­дзяцца палеткi, для хлебароба надыдзе пара i надзвычай адказная, i радасная… Але ж святочнае iнтэрв’ю таксама важнае i патрэбнае. Вось i гутарым, шчыра i адкрыта.

— Нiна Вiкенцьеўна, чаму працуеце на зямлi?

— Думаю, iнакш i не магло быць. Бо я — дачка, унучка, праўнучка працалюбiвых сялянскiх сем’яў. Яны мелi ўласную зямлю, нерухомасць на Нясвiжчыне i Капыльшчыне. У свой час зямлю перадалi дзяржаве. А сваiм нашчадкам як мудры наказ — павагу да сялянскай працы, уменне вырошчваць хлеб гожа i з радасцю…

— Цi лёгка цяпер жанчыне быць кiраўнiком сельгаспрадпрыемства?

— На такой пасадзе нялёгка i мужчыну, i жанчыне. Я ўпэўнена i пераканана: у маiх калег-жанчын гаспадарчай хваткi, арганiзацыйных здольнасцей, аператыўнасцi i прафесiйнай рызыкi нiколькi не менш, чым у калег-мужчын. Праўда, жанчына любую негатыўную сiтуацыю, праблему спачатку прапусцiць праз сэрца для сябе, а потым аналiзуе сваiм розумам для iншых. Нiчога не зробiш, такая наша псiхалогiя. Для мужчыны прасцей нейтралiзаваць праблемныя эмоцыi.

— У чым прынцыпы вашага кiраўнiцтва?

— Адзiнства слова i справы — для мяне галоўнае. Асабiстая арганiзаванасць i самадысцыплi­на. Патрабаванне спачатку да самой сябе, потым да падначаленых. Строгасць i справядлi­васць, уменне працаваць у камандзе.

— Цi шмат жанчын працуе ў вашай гаспадарцы?

— 302, у водпуску па доглядзе дзiцяцi — 36. Кожная з iх заслугоў­вае добрага слова i дастойнага жыцця. Але ж хачу назваць Алену Аксенчык, Алу Сагiраву, Людмiлу Быстрык, Людмiлу Цiханоўскую, Валянцiну Пажыток, Валянцiну Мультан, Наталлю Невяровiч, Веру Голад, Iрыну Усцiновiч, Лiлiю Купрэчык, Юлiю Iгнатовiч, Таццяну Славiнскую, Наталлю Букацiч, Таццяну Шымановiч, Наталлю Бароўскую, Таццяну Самойленка. Яны не толькi выдатныя прафесiяналы, пяшчотныя i адданыя мацi. Яны ўмеюць цанiць мужчын, па-гаспадарску трымаць свой дом, проста жанчыны, з якiмi светла, прыемна i ўтульна.

— Што вы скажаце пра жаночую долю ў вёсцы?

— Думаеце, што стану скардзiцца, маўляў, якiя мы нешчаслiвыя: рана ўстаём, позна кладзёмся спаць, фiзiчна цяжка працуем, мала зарабляем, не маем такiх бытавых паслуг, як у гора­дзе… Не. Жанчына цяпер у вёсцы свабодная, непасрэдная, жыццёва мудрая, прыстасаваная да складаных умоў працы. Не хныкаем, умеем знаходзiць пазiтыў i радасць у паўсядзённых справах. Безумоўна, прыгожыя i аблiччам, i душой. Жанчына з самай шчырай, сардэчнай усмешкай — гэта менавiта сялянка. Няхай берагуць яе Бог i мужчыны, як i ўсiх нашых жанчын.

— Мама ў вашым жыццi?

— Яе, самай дарагой i любай для мяне, Кацярыны Фёдараўны Таратуты, на вялiкi жаль, даўно няма ў жывых. Дзякуй Богу, добрыя рысы i яе, i маёй свекрывi, Ганны Рыгораўны Жалязновай, я з любоўю i задавальненнем бачу на тварах маiх трох сыноў. Упэўнена, нады­дзе час, мацярынская аснова гэтых дзвюх святых для мяне жанчын будзе жыць у маiх унуках, праўнуках…

— Ваша любiмая песня пра жанчын?

— Жанчына сама як песня. Былi б толькi дастойныя слухачы i выканаўцы.

— Што пажадаеце, Нiна Вiкенць­еўна, жанчынам у свята?

— Любiмых мужчын. Здаровых дзяцей. Цiкавай работы. Дастойнай зарплаты. Спакойных выхадных. А наогул, Веры, Любовi i Надзеi!

На здымку: старшыня прад­прыемства «Азярыцкi-Агра» Нiна Жалязнова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter