“Няхай Бог благаславіць Беларусь!”

Гэтыя словы новапрызначанага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча падчас яго кананічнага ўступлення на пасаду 10 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з удзячнасцю сустрэлі каля дзвюх тысяч вернікаў з розных куткоў Беларусі, якія прымалі ўдзел ва ўрачыстасці.

Святочную літургію, якую правялі два кардыналы, дзевятнаццаць біскупаў з розных краін, амаль усе святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, святары — госці з іншых дыяцэзій Беларусі і з-за мяжы, распачаў Апостальскі нунцый Марцін Відавіч. Ён прывітаў Тадэвуша Кандрусевіча, пасля чаго запрасіў канцлера архідыяцэзіі абвясціць Апостальскі ліст Святога Айца Бенедыкта XVI, якім Папа прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Урачыстасць праходзіла пад гукі аргана на лацінскай і беларускай мовах.
Прыняўшы паўнамоцтвы, новы арцыбіскуп 11 лістапада правёў святую Імшу ў Будслаўскім касцёле. Усё жыццё Тадэвуша Кандрусевіча напоўнена асаблівай пашанай да Найсвяцейшай Багародзіцы. У найбольш важныя, вызначальныя моманты менавіта Марыя кіравала яго лёсам. Пра гэта арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сказаў падчас святой Імшы, якую ён разам з кардыналам Казімірам Свёнтакам правёў перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter