Кто такая Марена и зачем ее сжигать

Нягоды прэч

Хто такая Марэна і навошта яе спальваць

Ужо зусім хутка — у панядзелак — у праваслаўных пачнецца Вялікі пост. Апошні тыдзень перад ім носіць назву Масленічны. У народзе гэты перыяд лічыцца вясёлай парой. Цягам яго прынята пячы бліны, хадзіць у госці, спяваць песні, танцаваць... Асноўнае святкаванне прыходзіцца на нядзелю. Кульмінацыяй гэтага дня з’яўляецца спальванне пудзіла Марэны — вялікай смешнай і адначасова страшнай лялькі, якую вырабляюць з саломы або ануч і звычайна прыбіраюць у жаночую вопратку.


Марэна абазначае зіму, маразы і злыя сілы. А агонь лічыцца сімвалам ачышчэння, абнаўлення, жыцця. Нашы продкі верылі, што спальванне пудзіла забяспечыць хуткі надыход лета і добры ўраджай, абароніць паселішча ад павадкаў, пажараў, хвароб і смерці, а дзяўчатам гарантуе добрае замужжа. Цікава, што сама назва «Марэна» абазначае досыць старажытнага жаночага міфалагічнага персанажа, звязанага з сезоннымі абрадамі памірання і аднаўлення прыроды.

Спальванне Марэны — вельмі захапляльнае дзеянне. Паназіраць за ім можна і сёння. Напрыклад, заўтра гэты абрад правядуць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Арганізатары свята абяцаюць, што, гледзячы на ачышчальны агонь, можна будзе пазбавіцца ад усіх нягод і няшчасцяў, якія суправаджалі ў мінулым, і з надзеяй чакаць прыходу сонечных вясновых дзён.


У праграме свята таксама прадстаўлены масленічныя гульні і забавы для дзяцей і дарослых, паказы беларускага ценявога тэатра «Вяртэп» і лялечнага тэатра «Батлейка», правядзенне розных майстар-класаў для дзяцей і дарослых, рэканструкцыя абрадаў «Пахаванне Дзеда», «Немка», «Наведванне маладухі», «Наведванне жанчыны-павітухі», масленічны слуп з прызамі і іншае.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter