Ну, Дзед Мароз, паскачы!

У Гомелі завяршыўся конкурс Дзедаў Марозаў і Снягурак

У Гомелі завяршыўся «Ёлка-фэст-2012»

Рэгіянальны тур конкурсу Дзедаў Марозаў і Снягурак, што прайшоў на сцэне абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, ператварыўся ў вясёлую масавую тусоўку любімых навагодніх персанажаў. Выступленні каманд, а ў іх складзе былі педагогі школ і ўстаноў дадатковай адукацыі з усіх раёнаў Гомельшчыны і абласнога цэнтра, нярэдка нагадвалі захапляючыя міні-спектаклі з удзелам не толькі галоўных навагодніх герояў, але і выхаванцаў адукацыйных устаноў. Нягледзячы на строгія рамкі выступленняў — усяго 10 хвілін, навагоднія пары паказалі сябе ва ўсёй красе. З’яўляліся на сцэне «музычныя» Дзядулі і з саксафонам, і ў незвычайным індыйскім антуражы, а таксама з двухметровымі «офіснымі» валёнкамі.

Нягледзячы на некалькі сур’ёзных заявак на перамогу, сімпатыі журы ўрэшце аказаліся на баку Дзеда Мароза і Снягуркі з Петрыкаўскай гімназіі, ролі якіх удала выканалі настаўнік біялогіі Аляксандр Чычыкайла і выкладчыца рытмікі Юлія Кулак.

— Петрыкаўчане прымаюць удзел у пераднавагоднiм «марафоне» не ўпершыню, — паведаміла Любоў Калацэй, загадчыца арганізацыйна-масавага аддзела Палаца творчасці дзяцей і моладзі. — У мінулым годзе, заняўшы другое месца на абласным этапе конкурсу, яны атрымалі прыз за арыгінальны касцюм у фінальным спаборніцтве. Сёлета Аляксандр і Юлія маюць намер вярнуцца з перамогай і са сталіцы.

Другое месца занялі канкурсанты з Акцябрскага цэнтра дзіцячай творчасці, трэцяе падзялілі між сабой іх калегі з Уваравіч і Рэчыцы. Тры пераможцы абласнога этапу «Ёлкі-фэсту» будуць абараняць гонар рэгіёна на заключным этапе конкурсу ў Мінску 14 снежня.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter