Раскошны Самод месціцца сярод недаступных скал

Ноч у палацы Махараджаў

У той дзень мы адкрывалі для сябе індыйскі штат Раджастхан, і гасцінныя гаспадары падрыхтавалі нам нешта асаблівае. Амаль суткі правялі ў гістарычным Самодзе, былым палацы калісьці магутных махараджаў. На кожным кроку тут нас чакалі незвычайныя сюрпрызы, асабліва вечарам, які ператварыўся ў шматкаляровае шоу, дзе разам сышліся і дух далёкіх часоў, і загадкавыя індыйскія абрады, і чароўная экзотыка, што нас, беларусаў, незвычайна ўразіла.



Раскошны Самод месціцца сярод недаступных скал, вонкава ён выглядае магутна і ўнушальна. Па высокай, даволі шырокай лесвіцы падымаемся наверх. Тут нас цёпла вітаюць гаспадары і кожнаму на шыю вешаюць багатыя гірлянды жывых кветак незвычайна густога водару. Прыемны і нечаканы рытуал.

А які Самод унутры! Вузенькія ступені вядуць на трэці паверх, дзе нам адвялі пакоі. Цёмна-карычневыя сцены, ад якіх патыхае сівой даўніной, і мы ў доўгім калідоры. З аднаго яго боку — пакоі, з другога — адкрыты, унізе — утульны дворык. Адчыняю дзверы свайго нумара, уваходжу ў прасторную залу, падобную на арку. Тут шмат розных пакояў, калідорчыкаў, арыгінальнай мэблі і іншага, што спачатку нават не ўспрымаецца.

Калісьці ў раскошным Самодзе жылі багатыя і знакамітыя махараджы. Цяпер іх тут няма, а Самод ператвораны ў гатэль-палац. Ён надзвычай прывабны для замежных турыстаў, у першую чаргу з Еўропы. Мой нумар — гэта мудрагелістыя калоны, столі, утульныя куточкі, мноства розных сталоў, шырокі ложак у старым стылі… На сценах — шматлікія старыя фотаздымкі. У ваннай — ужо не даўніна, а самы поўны сучасны камфорт, усё блішчыць і не ўпісваецца ў агульны партрэт старажытнага Самода.



Толькі надышоў вечар — і пачалося прадстаўленне. Крочу па сцяжынцы. Вельмі хутка сцямнела, на небе высыпалі яркія зоркі, а тут, на тэрыторыі палаца, густая цемра пранізана агромністымі гірляндамі агнёў, напоўнена музыкай, песнямі, гукамі.

Раптам я ўздрыгнуў і ледзь не самлеў. На сцяжынку, па якой іду, высунулася нешта доўгае жывое — прама перада мной. Дык гэта ж галава вярблюда! А вось і ён сам — ляжыць на невялічкай пляцоўцы сярод кустоў. Стаю і не разумею, што гэта азначае, і не ведаю, што мне рабіць. Шыя вярблюда перагарадзіла ўсю сцяжынку, сам жа ён — размаляваны да неверагоднасці — невядома як успрымае мяне. Вось быў бы нумар, калі б я спатыкнуўся аб яго галаву. А між тым да такога кур`ёзу заставаўся толькі адзін крок, і я са зразумелай асцярогай павярнуўся назад, каб не турбаваць вярблюда. Праўда, крыху пазней я зноў убачыў яго:   удзельнікам вячэрняга шоу. Размаляваны вярблюд ступаў паволі і велічна, быццам падкрэсліваў, што гэты палац — яго вотчына.

Вячэраем у рэстаране, і гэта цэлае прадстаўленне, якое гаспадары Самода падрыхтавалі замежным турыстам. Галоўныя, так бы мовіць, дзеючыя асобы — двое хлопчыкаў і сталы мужчына. Хлопчыкі былі апрануты, як калісьці сапраўдныя махараджы: у зялёнай вопратцы, перавязанай чырвонымі паясамі, на галовах шыкоўныя турбаны, вопратка густа перабрана рознымі ўпрыгажэннямі.



Гэтыя маленькія сучасныя «махараджы» спявалі гасцям песні. I як! Паводзілі сябе надзвычай свабодна, быццам сапраўдныя прафесіяналы з багатым вопытам такіх выступленняў. Само ж выкананне было цікавай імправізацыяй. Старэйшы хлопчык падышоў да нас і заспяваў. Яго трапяткім голасам, поўным цёплай пя- шчоты, здаецца спявае душа індзійца. Але ж у яго поглядзе я бачу іншае, быццам хлопчык кажа: «Я цешу вас, чужыя людзі, і рупіі, якія вы дасце, вельмі мне патрэбны. Як і майму малодшаму браціку, і ўсёй нашай беднай сям`і». Яго ж брацік пачынае рухаць брывамі і паказвае на свой турбан. Што такое: турбан на галаве хлопчыка таксама рухаецца. І гэтыя, і іншыя смешныя нумары, што паказваюць нам юныя «махараджы», — для іх, канешне, работа. А за любую работу трэба плаціць, што мы і робім.

Меню ў рэстаране — суцэльная экзотыка, стравы такія, пра якія мы ніколі і не чулі, таму іх і не называю. Але ж нешта трэба заказаць, не пойдзеш жа з рэстарана галодным. Ды афіцыянты цябе не зразумеюць, ты ж іншаземец, а па цвёрдым перакананні індзійцаў, усе, хто прыяз-    джае ў іх краіну з-за рубяжа, — багатыя людзі. Таму мы заказваем страву, якую ўжо не раз спрабавалі, падарожнічаючы па Індыі: каралеўскія крыветкі. Надзвычай смачныя, багата прыпраўленыя кіславата-салодкім соусам. Да таго афіцыянт прыносіць іх такую вялізную талерку, што спачатку міжволі думаеш: ці адолееш? З`ясі, як гаворыцца, за мілую душу…

Раптам вечар уздрыгнуў яркім феерверкам. Цемра ажыла, азарылася дзівоснымі гірляндамі рознакаляровых агнёў. Вячэра зацягнулася. Вярнуўшыся ў свой нумар, я не лёг адпачываць, хаця і вельмі стаміўся за доўгі дзень. Выйшаў на балкон, каб «адчуць» былы палац махараджаў яшчэ і ноччу. На небе выспелі зоркі, сярод іх ззяў вялікі месяц, поўны нейкага асаблівага бляску. Палац спаў, а я доўга стаяў на балконе, зачараваны таямнічасцю і загадкавасцю індыйскай экзотыкі.

Раптам раздаўся прарэзлівы крык. Ага, нешта спугнула малпаў, якіх вакол палаца ў густых зарасніках мноства. Удзень яны ледзь не «абакралі» нас: убачылі пакінутыя на тапчане ля басейна нашы фотаапараты і мой дыктафон — і мігам падскочылі сюды. Мы ледзь адагналі свавольніц…

У Індыі шмат такіх атэляў, размешчаных у былых багатых палацах. Але ж гэты, Самод, асаблівы, бо намаганнямі новых гаспадароў вельмі рацыянальна ператвораны ў камфартабельны атэль. Па вялікiм рахунку, у гэтых старадаўніх палацах куды больш цікава пражываць турыстам, чым у самых шыкоўных сучасных атэлях. І я, беларус, пры тым начлезе ў Самодзе поўнасцю гэта паспытаў на сабе. Ад усведамлення гэтага мая вандроўка па Індыі стала яшчэ больш непаўторнай. 

Міхаіл ШЫМАНСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter