«Не можа быць, каб у нас не атрымалася!»

Жлобінская швейная ледзь лiпела, а цяпер працуе з прыбыткам!

Яшчэ нядаўна Жлобінская швейная фабрыка была галаўной боллю для «Беллегпрама», а цяпер працуе з прыбыткам!

Пытанне стаяла востра: быць прадпрыемству ці не? Крэдыторская запазычанасць перавышала мільярд рублёў... Менавіта тады ля руля прадпрыемства стала Ніна Масю-ціна, якая раней узначальвала камерцыйную службу. З чаго пачала новы кіраўнік? З таго, што ўсяліла ў людзей веру. Склалі праграму выхаду з крызісу. У ёй усё дэталёва прапісалі. Давялося дамовіцца аб давальніцкай схеме на сыравіну. Стаўку зрабілі на выпуск прадукцыі, якая запатрабавана: мадэльнае школьнае адзенне, плашчы, курткі, дзіцячыя зімовыя паліто... Пашырылі выязны гандаль, у тым ліку і ў Расію. Увялі ў практыку рэгулярнае абнаўленне асартыменту. На першым плане — якасць і эканомнае выкарыстанне сыравіны. Па сутнасці, усё ішло ў справу: з рэшткаў тканіны шылі шапачкі, панамкі, рукавічкі...

Паступова, крок за крокам, адваёўвалі сябе ў працяглага крызісу. Адкрылі секцыі па продажы прадукцыі ў Гомелі, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах. Нават пачалі працаваць з папярэдняй аплатай з пастаўшчыкамі сыравіны. Асвоілі выпуск 250 найменняў прадукцыі, абнаўленне асартыменту склала 85—90 працэнтаў за год. Пачалі шыць сукенкі, штаны, іншае адзенне па замове мінскай «Элемы», салігорскай «Калінкі» і іншых прадпрыемстваў.

Мінулы год быў вызначальным у плане росту. Больш чым удвая павялічылася вытворчасць прадукцыі, упершыню за доўгі час дасягнуты прыбытак амаль у мільярд рублёў. Тройчы павышалі заробак, выплацілі, чаго даўно не было, трынаццатую зарплату... Частку грашовых сродкаў пусцілі на закуп тэхналагічнага абсталявання, кампрэсара, абнавілі фасад будынка прадпрыемства, адрамантавалі санітарныя памяшканні, пакоі прыёму, узяліся за рамонт цэхаў.

— Колькі давялося ўсяго выпрабаваць, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар. — Аднак мы ўпарта і настойліва ішлі да мэты: «Не можа быць, каб у нас не атрымалася!» І свайго, лічу, дабiліся.

Цяпер фабрыку пераабсталёўваюць на сучасны лад. Так, эксперыментальны цэх, які размяшчаўся на першым паверсе, пераводзяць вышэй, а на яго месцы адкрыецца фірменны магазін агульнай плошчай 250 квадратных метраў.

Ёсць, праўда, і праблемы. Яны звязаны з неабходнасцю выкарыстання наяўнага парка швейных машын. Не хапае кадраў. Не можа дапамагчы вырашыць гэтую праблему і мясцовы ліцэй, з якім заключаны пагадненні. Швачак трэба ў тры-чатыры разы болей...

На здымку: у швейным цэху.

Фота: Мiалай ДАВIДОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter