Как снимали фильм "Часы остановились в полночь"

Не магу я знайсці тое слова

Гісторыя знішчэння генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ вядома ўсім. У пасляваенныя гады з вуснаў у вусны яе перадавалі ўдзельнікі спецаперацыі і проста жыхары Мінска. Сёння пра яе нагадваюць школьныя падручнікі і некалькі кінастужак, знятых па матывах той гісторыі. Першым жа фільмам, які расказаў пра подзвіг Алены Мазанік, быў «Гадзіннік спыніўся апоўначы», які выйшаў у 1958 годзе.  Яго стваральнікі ўжо даўно пайшлі з жыцця, але засталіся ўспаміны і іх нашчадкі, якія і дапамаглі намаляваць карціну стварэння гэтай кінастужкі. Дарэчы, у той год яе паглядзелі 35 мільёнаў гледачоў. Фільм шмат у чым не адпавядае сапраўдным падзеям, але ў яго стваральнікаў і не было такой мэты, яны здымалі героіка-патрыятычную карціну.


У 50-х гадах п’еса Алеся Кучара «Гэта было ў Мінску» з поспехам ішла ў Купалаўскім. Таму для Мікалая Фігуроўскага, якому было даручана зняць фільм па сцэнарыі, напісаным на аснове гэтага твора, задача па пошуку акцёраў не выглядала складанай. Ён і сапраўды запрасіў шмат людзей з тэатра, але ў галоўных ролях бачыў зусім іншых артыстаў. Па яго ўяўленні Марыну Казаніч (Алену Мазанік) павінна была іграць яго суседка па акцёрскім доме Рыта Гладунка, тады жонка аператара Андрэя Гуліцкага. 


Гэта кандыдатура адразу не спадабалася мастацкаму савету: па-першае, не мае акцёрскай адукацыі, зусім маленькі кінематаграфічны вопыт, па-другое, на дзесяць гадоў старэйшая за галоўную гераіню, па-трэцяе, непераканаўча глядзелася на пробах. Але рэжысёр цвёрда стаяў на сваім і насуперак усім пачаў здымаць 30-гадовую актрысу. Дакладна невядома, былі пачуцці ў Фігуроўскага да Гладунка яшчэ да здымак у фільме ці яны з’явіліся ў працэсе, але факт застаецца фактам: пасля «Гадзінніка» яны сталі мужам і жонкай.


Дарэчы, па ўспамінах дачкі актрысы Людмілы Гладунка, маці не была ўпэўнена ў тым, што зможа сыграць Алену Мазанік. Яны былі розныя не толькі знешне, але і па характары. Актрыса ў адрозненне ад разведчыцы была чалавекам адкрытым, камунікабельным. Але Фігуроўскі і не шукаў падабенства. 


Яшчэ больш складана было з другім галоўным героем — Вільгельмам фон Каўніцам (прататыпам Кубэ). З успамінаў вядомага артыста Дзмітрыя Арлова зразумела, што ён не адразу пагадзіўся на роль гаўляйтара. Яму здавалася, што гэта не яго персанаж. Дарэчы, так думалі і многія спецыялісты ад кіно. Яны былі ўпэўнены, што фон Каўніцам павінен стаць Уладзімір Уладамірскі, які выконваў гэтую ж ролю ў Купалаўскім тэатры. Ён не толькі быў, што называецца, патрэбны тыпаж, але і выдатна іграў на сцэне.


Але Фігуроўскі вырашыў стварыць больш складаны вобраз. Ра­зам з Арловым яны ўбачылі яго двухаблічным: жорсткае, халоднае сэрца схавалі пад мілай знешнасцю. Пасля выхаду фільма на экран гледачы і крытыкі скажуць, што лепшага Каўніца, чым Дзмітрый Арлоў, было знайсці немагчыма. Усіх, дарэчы, уразілі яго вочы, па якіх можна было чытаць думкі і пачуцці героя.


Сам жа акцёр (дарэчы, на той час ён назаўсёды развітаўся са сцэнай і канчаткова перайшоў на выкладчыцкую дзейнасць) узгадваў, што здымкі нельга было назваць лёгкімі. Арлоў меў невялікі кінематаграфічны вопыт, да таго ж разумеў, што «Гадзіннік спыніўся апоўначы» — «плевок в вечность» (па выразе Ранеўскай), які ў тым ліку будуць абмяркоўваць і яго студэнты. Таму ён не проста адпрацоўваў ролю, а пражываў яе, дзеля чаго шмат рэпеціраваў. Таму ўявіце сабе, як крыўдна  было, калі пасля здымак сцэны, у якой ён цалкам выкладваўся, праз дзень выяўлялася, што пры зарадцы плёнкі недакладна ўстанавілі рамку. Прыходзілася пераздымаць. На досвітку савецкага кінематографа такія недарэчнасці здараліся на кожным кроку.


Ці вось яшчэ адзін успамін Арлова:

— Працавалі на натуры. Здымалі сцэну прыезду фон Каўніца. Зрабілі панараму Мінска, якая рухалася. Восем гадзін мы прасядзелі ў машыне з артыстам Адоскіным (Бушманам). Натуру «заядала» — дрэнна рухаліся барабаны. Да таго ж на машыну пастаянна накідвалі снег. Мы так яго наеліся, што я потым тры дні кашляў.


Словам, поспех карціне ў першую чаргу забяспечылі Арлоў і Гладунка. Апошняй на фестывалі ў Кіеве далі першую прэмію. І гэта нягледзячы на тое, што многія крытыкі таго часу лічылі, што актрыса справілася з роллю ў большай ступені менавіта дзякуючы сваёй знешнасці. А гледачы Рыту палюбілі. Яе дачка ўзгадвае, што лісты ў іх дом прыносілі велізарнымі скрынямі. Фігуроўскі таксама быў задаволены  гэтымі акцёрамі, таму запрасіў іх і ў свой наступны фільм «Веснавыя навальніцы». Але «Гадзіннік» застаўся самым яркім кінематаграфічным вопытам і Арлова, і Гладунка.


Тое ж можна сказаць і пра Фігуроўскага. Сямейнае жыццё рэжысёра і яго музы было нядоўгім, хутка Рыта з’ехала да іншага мужа ў Маскву. Праз некалькі гадоў там апынуўся і Фігуроўскі. З ім звязаны скандал з адстаўкай міністра культуры СССР Мікалая Міхайлава. З высокай трыбуны ад імя сваіх калег Фігуроўскі прапанаваў яму пакінуць сваю пасаду. Рэжысёр не баяўся наступстваў, ён, чалавек, які прайшоў вайну, быў паранены і ледзь не загінуў, лічыў, што нічога страшнейшага ўжо не можа быць. Міхайлаў сышоў, Фігуроўскаму таксама прыйшлося развітацца з прафесіяй. Але ён не кінуў кінематограф: працягваў пісаць сцэнарыі, потым узначаліў адну з майстэрань УДІКа. 


Несправядлівым будзе не ўзгадаць і іншых акцёраў «Гадзінніка». Беларусы павінны быць удзячнымі Фігуроўскаму за тое, што ён захаваў твары цэлай плеяды выдатных дзеячаў таго часу. У акцёрскай пары народных артыстаў СССР Лідзіі Ржэцкай і Леаніда Рахленкі на дваіх ледзь назбіраецца з дзясятак фільмаў. У гэтай карціне яны, што называецца, былі па розныя бакі барыкад: яна — прыслужніца, ён — адзін з паплечнікаў фон Каўніца. Сыгралі пераканаўча. Тое ж можна сказаць і пра купалаўцаў Паўла Пекура, Здзіслава Стому, Стэфанію Станюту, Зінаіду Браварскую. Асобна трэба ўзгадаць Анатоля Адоскіна, які стварыў выдатны вобраз нямецкага салдафона Бушмана. Гэта адзіны акцёр з асноўнага саставу, які жыве да гэтага часу, нават калі-нікалі выходзіць на сцэну.

Цікава, што песня «Не магу я знайсці тое слова», якую галоўная гераіня выконвае ў фільме, на доўгія гады стала адным з самых любімых музычных твораў беларусаў. Кампазіцыю Ісака Любана і Адама Русака і сёння можна пачуць на канцэртах пасляваеннай музыкі.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter