Учора прыхільнікам вечнай класікі выдалася магчымасць атрымаць асалоду ад чароўнай музыкі Пятра Чайкоўскага

Не дачнае лета

Учора прыхільнікам вечнай класікі выдалася магчымасць атрымаць асалоду ад чароўнай музыкі Пятра Чайкоўскага і спектакля «Лебядзінае возера». Партыю белага лебедзя Адэты і яе антаганіста Адыліі выканала заслужаная артыстка Расіі прыма-балерына тэатра «Крамлёўскі балет» Аляксандра Цімафеева. Сёння вечарам яна зноў на сцэне. Станцуе чароўную Жар-птушку ў аднайменнай харэаграфічнай казцы Ігара Стравінскага, у спектаклі, прымеркаваным да 125-годдзя вялікага рэфарматара балета Міхаіла Фокіна.

На сцэне Аляксандра ЦIМАФЕЕВА
На сцэне Аляксандра ЦIМАФЕЕВА

Класіка, сучасныя пастаноўкі, прэм’еры, удзел зорак сусветнай велічыні — у Мінску пачаўся маштабны марафон харэаграфічнага мастацтва «Балетнае лета ў Вялікім», ён будзе доўжыцца цэлы тыдзень. 

Гледачы ў прыемным чаканні. Што пакажуць?

У пары з казачнай «Жар-птушкай» сёння даюць жамчужыну дзягілеўскіх «Рускіх сезонаў» — балет «Шэхеразада». Гэтая пастаноўка — сумесны праект нашага Вялікага тэатра і знакамітага танцоўшчыка  Андрыса Ліепы, які аднавіў легендарны спектакль. У далёкім 1910-м «Шэхеразада» ўзарвала парыжскую Grand Opera: балет, станцаваны дзягілеўскай трупай, меў каласальны поспех, а выканаўцы галоўных партый Іда Рубінштэйн і Вацлаў Ніжынскі назаўсёды ўвайшлі ў балетны пантэон. Сёння ўсходнія страсці на сцэне Вялікага разыграюць зоркі нашага тэатра. 

У прэм’еры бягучага тэатральнага сезона — балеце «Лаўрэнсія» Аляксандра Крэйна галоўную жаночую партыю выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў салістка Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета iмя Паліяшвілі, запрошаная прыма-балерына Каралеўскага балета Швецыі Лалі Кандэлакі.

Лаўрэнсiя — Лалi КАНДЭЛАКI
Лаўрэнсiя — Лалi КАНДЭЛАКI

Тэатр балета імя Леаніда Якабсона прадставіць «Рамэа і Джульету» Сяргея Пракоф’ева. Пастаноўшчыкі адмовіліся ад класіч-нага лібрэта і перанеслі дзеянне з вуліц Вероны на тэатральныя падмосткі і ў закуліссе, дзе сапернічаюць не кланы, а цэлыя мастацкія сістэмы — класіка і мадэрн, дзе Джульета — прыма на пуантах, лепшая выпускніца балетнага класа, а Рамэа носіць джынсы і танцуе кантэмпарары... У новым прачытанні старой шэкспіраўскай гісторыі нязменнай засталася толькі трагічная развязка.

Сцэна з балета «Хто Я?»
Сцэна з балета «Хто Я?»

Гледачоў чакае сустрэча з заслужанай артысткай Расіі Кацярынай Борчанка, з 2003-га па 2007 год яна служыла ў трупе нашага Вялікага, а сёння — салістка балетнай трупы Міхайлаўскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. У праграме «Балетнага лета» яна станцуе партыю Жызэлі.

Вечар сучаснай харэаграфіі прадставіць два спектаклі нашага тэатра: прэм’ерны аднаактовы балет «Хто Я?» на музыку Сяргея Картэса і «Шэсць танцаў» Вольфганга Амадэя Моцарта. А фінальным акордам харэаграфічнага марафону стане гала-канцэрт зорак сусветнага балета з удзелам вядучых артыстаў з Расіі, Швецыі, Азербайджана, Фінляндыі, Эстоніі, Германіі.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter