Летам правілы паводзін для дзятвы нібыта не існуюць

Навошта бабульку пакрыўдзілі?

Лета — вольніца для дзятвы. І хлопчыкі з дзяўчынкамі нярэдка забываюць не толькі пра ўрокі, але і ўвогуле, як сказала мая знаёмая, дзічэюць. Правілы паводзін для іх нібыта не існуюць. Вось днямі ў аўтобус, на якім я вярталася з работы, забеглі некалькі падлеткаў-гарэзнікаў. Яны ехалі з пляжа, і, па ўсяму відаць, зусім ачмурэлі ад купання ў Дзвіне і сонечных працэдур. Ля ўваходу сядзела бабулька. Гэткі сівенькі дзьмухавец: ільняная сукенка, саламяны капялюшык, белыя шкарпэткі, а ў руках маленькая сумачка і букет лілей.

У салоне хапала свабодных месцаў, але сябрам захацелася сесці разам. А для гэтага трэба было пасунуць бабульку. Яны пачалі яе літаральна выціскаць з занятага месца. Бабулька войкала, а падлеткі насядалі. Ды так, што бабульчын капялюш ківаўся ў такт букета лілей. Свавольнікі былі настолькі ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці, што зусім не звярталі ўвагі на пасажыраў. А народ і не ўмешваўся — сёння многія не хочуць звязвацца з гэтымі непрадказальнымі цінэйджарамі.

І раптам да іх падышоў хлопец, можа гадоў на пяць старэйшы. «Не чапайце бабульку!», — цвёрда гэтак прамовіў ён. Тыя — нуль увагі. А тым часам аўтобус спыніўся. Дзверы адчыніліся, хлопец узяў за каўнер самага нахабнага падлетка і выштурхнуў яго з салона.

Хтосьці скажа, што нетактоўна паставіўся хлопец да дзяцей, што трэба было і далей іх угаворваць. А я лічу, што гэтыя хвіліны ганьбы для выхавання падлеткаў больш эфектыўныя. І цяпер яны, як казаў герой вядомай кінастужкі Мяньшова, будуць ведаць, што на кожную сілу знойдзецца іншая сіла.

Рыма СЕЛЯЗНЁВА, Полацк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter