Базавыя падручнікі і падручнікі-навігатары з’явяцца ў беларускіх школах у 2016/2017 навучальным годзе

Навігатар у свеце ведаў

Мабыць, тэма школьных падручнікаў у адукацыйным асяроддзі — адна з тых, што больш за ўсё абмяркоўваюцца. З года ў год самая важная для школьніка кніга атрымлівае ў свой адрас шмат крытыкі — непрыгожа, ёсць паўторы, а галоўнае, незразумела. У выніку — слёзы школьнікаў, абурэнне бацькоў, якія заглядваюць на антрэсолі ў пошуках старога савецкага падручніка. Тэма школьных падручнікаў — прадмет крытыкі і з боку кіраўніка дзяржавы. «Падручнікі — гэта галоўнае, і грошай на іх шкадаваць не трэба. Гэта найпершае, чым трэба займацца», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням развіцця сістэмы адукацыі.


У чым жа праблема? У адсутнасці ідэй, магчымасцей для іх рэалізацыі, тых, хто ўвасобіць ідэі ў падручніку або яго электронным варыянце? Падобна на тое, што недахоп больш за ўсё тычыцца аўтараў. «Пры правя-дзенні конкурсаў, а зараз аб’яўлены такі конкурс на стварэнне навучальных дапаможнікаў, — раней адзначаў дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік, — мы сутыкнуліся з праблемай адсутнасці канкурэнцыі паміж аўтарскімі калектывамі. З 1 верасня 2015 года праведзена тры этапы конкурсу. Зараз — чацвёрты этап. Дык вось калі ў першым конкурсе па кожным прадмеце прымалі ўдзел ад трох да сямі аўтарскіх калектываў, то на трэцім этапе — ад аднаго да трох калектываў. У наяўнасці таксама ўзроставая і праблема квалі-фікацыі аўтараў. Прызнаныя аўтары старэюць, новыя не заўсёды валодаюць патрэбным вопытам».

Навучальныя праграмы змяняюцца, значыць, ёсць вялікі аб’ём працы для іх удасканалення. У сувязі з пераходам на профільнае навучанне змены закранулі больш за 230 навучальных праграм. У новых праграмах, па словах Сяргея Важніка, гэта ўлічана. Згодна з планам на 2016—2020 гады павінна быць выдадзена амаль 300 падручнікаў, 185 з якіх — абсалютна новыя.

Словам, задача стаіць няпростая. Акрамя таго, і гэта нарэшце ўлічылі аўтары навучальных праграм, павінны быць выкананы міжпрадметныя сувязі і адсутнічаць дубліраванне. «Калектывы адсачылі міжпрадметныя сувязі, — запэўніў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Так, напрыклад, падручнік па матэматыцы звязаны з тым, што вывучаюць па фізіцы або хіміі. Калі тэму не прайшлі па матэматыцы, яе складана прайсці па фізіцы, а значыць, трэба даваць яе пазней. Паступова ўсе няўзгодненасці мы падкарэкціруем».

Але справа, вядома ж, не толькі ў гэтым, а і ў самой падачы. Час не стаіць на месцы, у наша жыццё ўсё глыбей укліньваюцца сучасныя тэхналогіі. Ці можна гэта забываць, кажучы пра падручнік? «Сутнасць новага падручніка, — кажа Сяргей Важнік, — у інтэграцыі трох складнікаў — вучэбнай інфармацыі, дыдактычных інавацый і новых інфармацыйных тэхналогій». Гэта значыць, гаворка не ідзе проста пра копіі кніг у электронным варыянце. Такі вопыт у Беларусі ўжо быў, і большасць цяперашніх школьных падручнікаў мае электронныя аналагі. Праўда, без творчага складніка. Яны пакуль не вучаць самастойнай працы з матэрыялам і самакантролю.

Усё ж задача, якая сёння стаіць перад адукацыяй, нашмат глыбей. Дык якім усё ж павінен быць новы падручнік? Магчыма, такім, як створаны ў мінулым годзе падручнік-навігатар па хіміі, які праходзіць апрабацыю ў ліцэі БДУ? Электроннай кнігай з інтэграванымі інтэрактыўнымі элементамі?

Зрэшты, мы не адзіныя, хто звярнуў сваю ўвагу на дадзеную форму падручніка. У Расіі яе апрабаванне ідзе не першы год, і тэрмін «падручнік-навігатар», дарэчы,  быў уведзены аўтарам падручнікаў па біялогіі, кандыдатам педагагічных навук У.І. Сіваглазавым, які стаў першым распрацоўшчыкам дадзенага тыпу навучальных дапаможнікаў, атрымаў добрую адзнаку. Напрыклад, з 2010 па 2012 год падручнік-навігатар па біялогіі праходзіў апрабацыю на базе 6—7-га класаў горада Сочы. Высветлілася: навігатар можа расказаць і падказаць усё, аж да перапынку ў занятках, які варта зрабіць дзіцяці. Не кажучы ўжо пра тое, што падручнік дае свабоду творчасці настаўнікам, магчымасць будаваць урок у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкi вучняў, складанасці тэмы, ён не перагружаны інфармацыяй, лёгкі для ўспрымання, а галоўнае — цікавы. Што ж, магчыма, гэта якраз тое, улічваючы сучасны ўзровень развіцця камп’ютарных тэхналогій, чаго так не хапае школьнікам. Эксперты сцвярджаюць: падобныя навучальныя дапаможнікі будуць спрыяць лепшаму засваенню прадметаў. А беларускія распрацоўшчыкі падрыхтавалі рэкамендацыі па стварэнні такой літаратуры і па іншых вучэбных прадметах.

Базавыя падручнікі і падручнікі-навігатары з’явяцца ў беларускіх школах у 2016/2017 навучальным годзе, расказаў Міхаіл Жураўкоў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Што ж, хочацца верыць, што у найбліжэйшай будучыні вучоба стане цікавым і займальным заняткам.

veraart14@mail.ru

Фото "СБ"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter