Нацыя, якая чытае.

Дзякуючы “Белсаюздруку” набыць цікавую кніжную навінку зможа нават чалавек з глыбінкі.

Учора ў Мінску адкрылася кніжная крама РУП “Белсаюздрук”. А жыхары гарадоў краіны змогуць цяпер купіць твор любімага аўтара праз інтэрнэт.

Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі (на фота зправа), які прысутнічаў на адкрыцці кнігарні РУП “Белсаюздрук”, выказаў упэўненасць, што Год кнігі дапаможа яшчэ больш прыцягнуць увагу беларусаў, асабліва моладзі, да кнігі.
— Хацелася б, каб маладое пакаленне ставілася да кнігі гэтак жа ўважліва, як і старэйшае, — сказаў міністр, адзначыўшы, што беларусы застаюцца адной з самых чытаючых нацый на постсавецкай прасторы і ў Еўропе. — У краіне на кожнага жыхара выдаецца ў сярэднім 4—4,5 кнігі. Для параўнання: ва Украіне гэты паказчык складае ўсяго адно выданне на чалавека.
У апошні час Міністэрства інфармацыі шмат зрабіла для падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання. Распрацаваны праект закона “Аб выдавецкай справе”, зацверджаны мінімальныя стаўкі аўтарскага ўзнагароджання пісьменнікам, складальнікам, перакладчыкам, мастакам, фатографам — тым, хто непасрэдна займаецца стварэннем кнігі. Падрыхтаваны праект указа “Аб дзяржаўнай падтрымцы кнігавыдання ў Рэспубліцы Беларусь”. Штогод беларуская скарбонка папаўняецца свежымі кніжнымі навінкамі. Але ці ўсе беларусы могуць пазнаёміцца з імі?
Міністр інфармацыі звярнуў увагу на тое, што калі ў жыхароў беларускай сталіцы ёсць магчымасць набываць кнігі ў крамах для сябе і сваёй сям’і, то ў малых гарадах краіны такіх спецыялізаваных крам не хапае. Аднак дырэктар РУП “Белсаюздрук” Ігар Дудзіч запэўніў, што жыхары рэгіёнаў кнігай абдзелены не будуць. Нядаўна ў віртуальнай прасторы з’явілася інтэрнэт-крама www.bspechat.by, якая дае магчымасць кожнаму беларусу заказаць любое цікавае выданне ў інтэрнэце і забраць яго ў кіёску “Белсаюздруку”, які знаходзіцца бліжэй за ўсё да яго дома.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter