Нанава нарадзіўся

У новым годзе прадпрымальнiкi Смаленскага рынку будуць працаваць у камфортных умовах

У новым годзе прадпрымальнiкi Смаленскага рынку будуць працаваць у камфортных умовах

Кiраўнiк Вiцебскай вобласцi Аляксандр Косiнец асабiста кантралюе ход рэканструкцыi прамтаварнай зоны Смаленскага рынку ў абласным цэнтры. Губернатар паставiў задачу: да 20 снежня гэтага года завяршыць будаўнiцтва першай чаргi, а да пачатку «Славянскага базара-2010» — увесь мiкрараён вакол рынка плошчай 100 гектараў прывесцi ва ўзорны еўрапейскi выгляд.

Праект хоць i грандыёзны, аднак адпавядае як фiнансавым, так i тэхналагiчным магчымасцям яго ўвасаблення. На рэканструкцыю старога Смаленскага рынку выдаткавана 9,5 мiльярда рублёў iнвестыцый. З iх на сённяшнi дзень асвоена больш за 8 мiльярдаў. Можна сцвярджаць, што першы этап рэканструкцыi наблiжаецца да фiнiшу. Прамысловая зона з ралетнымi канструкцыямi на 320 гандлёвых павiльёнаў гатова прыняць прадпрымальнiкаў ужо 20 снежня. Зараз пад гiганцкiм арачным дахам падключаецца ацяпленне. Завяршаюцца ўнутраныя аддзелачныя работы. У сярэдзiне снежня строгая камiсiя зробiць папярэднюю прыёмку аб’екта. Прасцей кажучы, ён уступiць у эксплуатацыю на паўгода раней вызначаных тэрмiнаў.

Давялося пачуць i скептычныя рэплiкi. Маўляў, навошта такая гарачка? Цi не лепш усё гэта рабiць вясной i летам?

Можна выбраць i такi варыянт. Аднак тыя, хто такое гавораць, самi будуць сустракаць Новы год i Каляды ў камфортным iнтэр’еры. Як кажуць, пад пырскi шампанскага. А чаму тады пакупнiкi i прадпрымальнiкi павiнны мёрзнуць i псаваць сабе настрой?

Губернатар прама выказаўся на гэты конт:

— Надакучыла назiраць, як народ месiць бруд на рынку! Ненармальна, што прадаўцы мёрзнуць у палатках. Далей такое цярпець нельга!

Дарэчы, вiцебскiя прадпрымальнiкi з нецярплiвасцю жадаюць перабрацца ў павiльёны. Па словах старшынi аблспажыўсаюза Аляксандра Шынкарэнкi, паступiла ўжо звыш 600 заявак на iх арэнду. Конкурс амаль два чалавекi на гандлёвае месца. Першачаргова задаволяць тых, хто меў рабочыя месцы пад адкрытым небам. Iншыя таксама не будуць у крыўдзе. Не ўсе ж гандлююць прамысловымi таварамi. Сучасная рэканструкцыя чакае i зону харчовых тавараў. Як адзначалася вышэй, да пачатку «Славянскага базара» увесь Смаленскi рынак стане непазнавальным.

Дарэчы, i жылы комплекс пабудоў з чырвонай цэглы яшчэ ХVIII—ХIХ стагоддзяў вакол рынка таксама чакае амаладжэннне. Пры гэтым стыль рэтра будзе захаваны. У асноўным «касметыка» ўпрыгожыць прыватны жылы сектар з боку вулiцы Гараўца. Так званы патрыярхальны мiкрараён Песка­вацiк старога Вiцебска неўзабаве разбагацее на сучасныя кафэ, гасцiнiцу, рэстаран, абменныя пункты валюты… Прыемнае добраўпарадкаванне пройдзе ў грамад­скiм i прыватным жылых сектарах.

Варта адзначыць, што стары Смаленскi рынак, якi знаходзiцца ў падпарадкаваннi Вiцебскага абл­спажыўсаюза, састарэў фiзiчна i маральна. А ён жа знаходзiцца ўсяго ў некалькiх сотнях метраў ад Летняга амфiтэатра – эпiцэнтра Мiжнароднага свята мастацтваў з эмблемай блакiтнага васiлька. Што нi кажыце, а шматлiкiя госцi не толькi з нашай краiны – з усёй планеты заглядваюць у вольныя хвiлiны i на рынак. I што iм было паказаць да нядаўняга часу?

Вось чаму кiраўнiцтва вобласцi, горада i аблспажыўсаюза палiчылi неадкладна правесцi рэканструкцыю Смаленскага рынку. Асаблiва эфектыўная падтрымка губернатара вобласцi Аляксандра Косiнца. Ён не толькi сам бывае на аб’екце, але i патрабуе штодзённай справаздачы аб выкананнi графiка будаўнiча-мантажных работ.

Чакаецца прыемная навiна i для дробных гандляроў. Кiраўнiк вобласцi лiчыць, што для пен­сiянераў, дачнiкаў, вясковых жыхароў, якiя вырасцiлi сельгаспрадукцыю ўласнымi рукамi, таксама трэба прадаставiць гандлёвыя месцы ў межах рынку. Больш таго — прадаставiць бясплатна! Тым самым зменшыцца так званы несанкцыяваны вулiчны гандаль «з зямлi».

Будуць i розныя iншыя прыемныя перамены. А пакуль лепшым навагоднiм падарункам можна лiчыць засяленне старога Смаленскага рынку пад цёплы i ўтульны дах. Верагодна, што аднымi з першых пакупнiкоў у ззяючых пластыкам i нержавейкай па­вiльёнах стануць вясёлыя Дзед Мароз i Снягурка. А гэта добры знак для працягу добрых спраў у наступаючым новым годзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter