сли верить синоптикам, то в режиме нон-стоп дорожникам придется работать еще долго

Надвор’я снежныя парывы

Если верить синоптикам, то в режиме нон-стоп дорожникам придется работать еще долго
З-за непагадзі вадзіцелям прыйшлося зменшыць хуткасць, таму ў першай палове дня рух транспарту ад Нямігі да праспекта Пераможцаў значна замарудзіўся. Стаялі машыны на плошчы Багушэвіча, вуліцы Клары Цэткін. «Пакуль даехала да працы, бачыла дзве аварыі. Людзі, на шчасце, не пацярпелі, але аўтамабілі пашкоджаны, — апісвае пачатак снежнага дня Таццяна Харлінская, кіраўнік прэс-службы ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. – Увогуле, па горадзе аварыйная сітуацыя спакойная. Без усплёскаў». 


Але Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае вадзіцелям быць асцярожнымі: «Вытрымлівайце дыстанцыю з папярэдняй машынай і бакавы інтэрвал. Не ганіце, з-за дрэннай бачнасці і слізкай паверхні хуткасць на некаторых участках трасы можа зніжацца да 20 км/г».

Дарэчы, каб прасцей арыентавацца на зімніх дарогах, аўтааматары могуць карыстацца картай дарожных умоў на сайце Мінтранса. Тут у рэжыме рэальнага часу паказваецца, якія шляхі і наколькі заснежыла. 

Не менш асцярожнымі трэба быць і пешаходам, а то атрымаецца, як у фільме: «Ішоў, паслізнуўся — гіпс». 

«У першай палове дня пацыенты з галалёднымі траўмамі не паступалі, — супакойвае Ігар Шыманскі, намеснік галоўнага ўрача па хірургіі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. – Увогуле, пачатак гэтага года можна назваць спакойным. Пакуль з пераломамі рук і ног да нас звярнулася 15 чалавек».

А вось камунальшчыкам зараз не да хвароб: працы ў іх хоць адбаўляй. Учора дарогі сталіцы ад снегу чысцілі каля 800 чалавек. Дапамагала ім 350 снегаачышчальнікаў і пескаразмеркавальнікаў. 

«Раніцай у пятніцу, калі завеі толькі пачыналіся, на ачыстку дарог у краіне выйшла 305 адзінак тэхнікі. Для параўнання: у чацвер іх было 37. Праз некалькі гадзін гэтая лічба ў разы павялічылася, бо толькі Міншчыну апоўдні прыбірала 190 машын», — кажа Аляксей Пякун, начальнік інфармацыйна-аналітычнай групы Беларускага дарожнага навукова-даследчага інстытута.

Дарэчы, дапамагчы камунальшчыкам могуць і самі вадзіцелі. Другі год у краіне працуе адзіны нумар 125, патэлефанаваўшы па якім можна паведаміць дыспетчару пра заснежаны ўчастак трасы. 

Калі верыць сіноптыкам, у рэжыме нон-стоп дарожнікам прыйдзецца працаваць яшчэ не адзін дзень. Ужо ў нядзелю спецыялісты прагназуюць другую хвалю заснежанасці. «У сувязі з цыклонам, што ідзе з поўдня Нарвегіі на Фінскі заліў, у краіне чака-ецца моцны парывісты вецер – 15—20 м/с, а па паўночным захадзе — да 21—25 м/с. Дождж, мокры снег. Сярэдняя тэмпература складзе мінус 3 – плюс 4», — расказвае, чаго нам чакаць ад надвор’я, Святлана Рыбакова, галоўны сіноптык гідраметэаралагічных прагнозаў. 

Бадай, адзіныя, хто задаволены тым, што краіну заснежыла, — прадстаўнікі Беларускага лыжнага саюза. 17 студзеня яны плануюць адзначыць Сусветны дзень снегу. У Мінску ў гарналыжным цэнтры «Сонечная даліна» ў гэты дзень пройдуць спаборніцтвы па гарналыжным спорце, сноўбордзе, майстар-класы для дзяцей. 17—18 студзеня амаль ва ўсіх райцэнтрах Віцебшчыны плануюцца лыжныя эстафеты, снежныя баі, конкурсы снежных фігур і малюнкаў на снезе. 

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter