На поўначы зямлі беларускай

Сумесны праект “Народнай газеты”, Віцебскага аблвыканкама, Верхнядзвінскага райвыканкама і рэдакцыі верхнядзвінскай раённай газеты “Дзвінская праўда” Верхнядзвінскі раён — тут робяць смачны сыр, які можна набыць у краме пад гандлёвай маркай “Ян Сырадзел”, тут на самай поўначы Беларусі вырошчваюць хлеб і будуюць прывабныя аграгарадкі. Верхнядзвіншчына, апаленая полымем асвейскай трагедыі, ганарыцца сваім мінулым і сённяшнім днём.

Сумесны праект “Народнай газеты”, Віцебскага аблвыканкама, Верхнядзвінскага райвыканкама і рэдакцыі верхнядзвінскай раённай газеты “Дзвінская праўда”

Верхнядзвінскі раён — тут робяць смачны сыр, які можна набыць у краме пад гандлёвай маркай “Ян Сырадзел”, тут на самай поўначы Беларусі вырошчваюць хлеб і будуюць прывабныя аграгарадкі. Верхнядзвіншчына, апаленая полымем асвейскай трагедыі, ганарыцца сваім мінулым і сённяшнім днём.

Паўночная жамчужына

У самым паўночным куточку краіны раскінулася другое па велічыні возера Беларусі — Асвейскае. Яго воднае люстэрка мае плошчу 53 квадратныя кіламетры. Азёрная катлавіна стварылася каля дзесяці тысяч гадоў назад. Неглыбокае і багатае “кармавой базай” возера вельмі папулярнае ў рыбакоў: тут водзяцца ляшчы, судакі, галаўні, сазаны, таўсталобікі. У аграгарадку Асвея прапаноўваюць цэлы комплекс забаў: ёсць конна-спартыўная школа, сучасныя бар і кафэ, ствараецца сацыяльна-культурны турыстычны цэнтр.
Навокол возера раскінуўся рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Асвейскі” з унікальнай фаунай. Але самым дзівосным стварэннем прыроды з’яўляецца востраў, які размешчаны бліжэй да заходняга берага і мае плошчу 5 квадратных кіламетраў. Выглядае востраў надзвычай унікальна — гэта цэлы міні-мацярык з узгоркамі, лясамі, балотамі, лугамі. Востраў-велікан здаўна быў заселены людзьмі, пра што сведчаць два знойдзеныя гарадзішчы. Да 1970 года тут размяшчаўся цэлы калгас. Жыла вялікая вёска, працавала школа. Затым астраўляне перабраліся на “вялікую зямлю”.

Сар’янскі храм: гісторыя кахання

Будаваўся касцёл  з рэдкай па сваіх уласцівасцях асвейскай пурпуровай цэглы, якую навакольныя сяляне перадавалі з рук у рукі па ланцужку, што выцягнуўся на дзесяткі кіламетраў.
Хто ўпершыню бачыць гэты агромністы і разам з тым лёгкі, нібы сплецены з чырвоных цагляных карункаў храм, той абавязкова замірае на імгненне. Ёсць у Сар’янскім касцёле нейкая патаемная загадка, нявыказаныя веліч і сум. Як мог сярод лясных вёсачак і дзікаватых празрыстых рачулак узнесціся ў неба гэты стройны гмах, дастойны сабораў буйнейшых гарадоў Еўропы?
Паданне сцвярджае, што дзівосны касцёл у Сар’і гаспадар маёнтка пан Ігнат Лапацінскі пабудаваў у 1852 годзе ў памяць горача любімай жонкі Марыі. Рамантычнае каханне Лапацінскіх абарвала заўчасная смерць пані-прыгажуні. У адчаі Ігнат пахаваў жонку ў вялікім магільным склепе. А затым узвёў над ім незвычайнай прыгажосці храм.
Сёння Сар’янскім касцёлам валодае праваслаўны прыход. Тут вядзецца рамонт, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.

Дубы-волаты

400-гадовы Сахонаўскі дуб-волат расце не далей як за кіламетр ад Вышнарава. Помнік прыроды выглядае велічна і магутна.
Другі волат — Юсціянаўскі дуб таксама збірае нямала турыстаў, якія, падышоўшы бліжэй, бачаць глыбокія “маршчыны” на грубай кары, учэпістае карэнне ды разгалістыя таўшчэзныя сукі.

Віктар Піляўскі: гэта не проста хобі!

Яго сядзіба адна з прыгажэйшых у Бігосаве. Больш за ўсё вабяць вока вінаградныя лозы, якія закрылі багатым зялёным дываном фасад дома.
— У мяне іх 40 відаў, — з гонарам паведамляе гаспадар, выкладчык фізкультуры мясцовай школы Віктар Іванавіч Піляўскі. — І яшчэ дзевяць чакаюць свайго часу, каб перасяліцца з вазонніц у грунт. За выключэннем дзвюх раскідзістых лоз “Ізабэлы”, усе астатнія — элітныя сарты сусветнай селекцыі, прызначаныя для дэсертнага спажывання.
Жонка Валянціна Цярэнцьеўна і тры дачкі жартуюць, што кожную галінку муж песціць, як дзяцей. А ён адказвае, што больш удзячнай расліны, чым вінаград, няма. Пачынае пладаносіць па-сапраўднаму на шосты год, а жыве — да 80. Віктар Піляўскі мае шмат літаратуры, вядзе журнал назіранняў за сваімі гадаванцамі, вырошчвае да 400 чаранкоў і шчодра дзеліцца імі з усімі жадаючымі.

Хараброўскі  камень

Вялікі камень ляжыць на дне Заходняй Дзвіны насупраць былой вёскі Хараброва.
Існуе думка, што Вялікі камень — гэта адзін са славутых Барысавых камянёў. На тэрыторыі раёна ў рэчышчы Дзвіны іх было чатыры. Адзін з іх вывезлі ў Маскву, два — у Полацк.

Даследчык Сібіры са Свольна

Хто з нас яшчэ са школы не памятае імя вядомага географа-даследчыка Сібіры Івана Дзяменцьевіча Чэрскага?! На картах свету яно сустракаецца дзесяць разоў. А нарадзіўся будучы сусветна вядомы вучоны ў 1845 годзе ў маёнтку Свольна, што на Верхнядзвіншчыне, у заможнай шляхецкай сям’і.
За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага юнак быў сасланы ў Сібір. Там ён піша першыя даследчыя работы.
Зацікаўлены ў асваенні Сібіры, царскі ўрад дазваляе яму вывучэнне неабсяжных зямель. Менавіта Чэрскі склаў геолага-геамарфалагічную карту Байкала, якой карыстаюцца і сёння. Вучоны правёў шырокамаштабнае абследаванне Сібірскага тракта, па выніках якога ствараліся  Транссібірская магістраль і Кругабайкальская чыгунка.
Землякі вучонага захоўваюць памяць аб ім: на  радзіме дзейнічае музей імя Чэрскага, дзе сабраны багацейшы матэрыял пра жыццё і дзейнасць вядомага даследчыка Сібіры.

Як свечка на алтары

Росіца. Падзеі, што адбыліся тут у гады Другой сусветнай вайны, надалі ёй і трагічную, і велічную славу.
Падчас карнай экспедыцыі, што праводзілася ў гэтых мясцінах у лютым 1943 года, навакольныя вёскі запалалі пажарамі. Раніцай 17 лютага фашысты пачалі зганяць жыхароў у мясцовы касцёл. Двое сутак паліцаі запіхвалі ў вялікі  халодны будынак старых, жанчын, дзяцей. Святары касцёла айцы-марыяне Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч былі разам са сваімі вернікамі, яны маліліся, спавядалі, хрысцілі, суцяшалі. Немцы прапанавалі святарам пакінуць натоўп і пайсці куды хочуць, нават настойвалі, каб ксяндзы ўратаваліся. Але Юрый і Антоній загінулі разам з жыхарамі Росіцы ў полымі.
У жніўні 1999 года росіцкія святары Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч далучаны Рымскім прастолам да ліку святых. А росіцкі касцёл Святой Тройцы стаў месцам паломніцтва. Лічыцца, што заступніцтва росіцкіх святароў вельмі моцнае, таму памаліцца і папрасіць аб уласных патрэбах і аздараўленні сюды прыязджаюць тысячы людзей.

 Выбіраем разам Дарагі чытач!

Выбраць упадабаныя вамі цуды проста: запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння дзівосаў Верхнядзвінскага раёна. Анкету адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць таксама на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Ваш голас вельмі важны! 7 цудаў Верхнядзвінскага раёна          Ваша адзнака

Асвейскае возера
Касцёл у Сар’і
Векавыя дубы
Даследчык Сібіры Іван Чэрскі
Вінаградная плантацыя
Віктара Піляўскага
Росіцкі касцёл і святыя
Хараброўскі камень

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter