На будучыню грошай не шкадуй

У вёсцы Пагост-Загародскі адкрыецца реканструяваная школа

У вёсцы Пагост-Загародскі вучняў у Дзень ведаў сустрэне реканструяваная школа

З пачаткам новага навучальнага года на Брэстчыне пасля рэканструкцыі адкрыюцца сем адукацыйных устаноў. У адной з іх — Пагост-Загародскай СШ імя славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія ў Пінскім раёне — вядуцца апошнія прыгатаванні перад тым, як 1 верасня яна сустрэне сваіх вучняў. Аб тым, што было зроблена тут апошнім часам, карэспандэнту «Р» расказала дырэктар школы Святлана Ерш.

Сёлета абласны бюджэт плануе выдаткаваць на рамонт устаноў адукацыі Брэстчыны 263 млрд. рублёў, 116 з якіх ужо знайшлі сваіх атрымальнікаў. Адным з гэтых шчасліўцаў стала вёска Камень у Пінскім раёне, дзе і размяшчаецца Пагост-Загародская сярэдняя школа.

Невялічкая блытаніна з назвамі — вынік 140-гадовай гісторыі адукацыйнай установы. З 1873 года яна дзейнічала ў вёсцы Пагост-Загародскі ў якасці народнага вучылішча, а ў савецкі час ператварылася ў школу. Паколькі з цягам часу будынак станавіўся ўсё больш непрыдатным для вучобы, было вырашана пабудаваць новы — менавіта ў Камені, але без змены назвы.

З кастрычніка 1966 года тут вяліся бесперапынныя заняткі, а значыць, часу на капітальны рамонт папросту не было. Сітуацыя змянілася ў 2010-м, калі Прыпяцкае Палессе было ўключана ў адмысловую дзяржаўную праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця, разлічаную да 2015 года. Менавіта ў рамках яе толькі ў 2013 годзе школа атрымала 2,6 млрд. рублёў (сродкі выдаткоўваліся і раней), дзякуючы чаму будынак мог быць рэканструяваны.

Здаецца, што звонку ў Пагост-Загародскай школе амаль нічога не змянілася. Але пільнае вока заўважыць: вось новыя пластыкавыя вокны, вось навюткія белыя дзверы. Тэрыторыя вакол школы добраўпарадкаваная, як і раней, але відаць, як уздоўж будынка працягнулася новая асфальтавая дарожка, якая хуткім часам набудзе выгляд кола, і яе можна будзе выкарыстоўваць як бегавую ў час заняткаў фізічнай культуры.

Галоўныя навінкі, канешне, чакаюць вучняў унутры ўстановы адукацыі. Гэта відаць з першых крокаў па школьным файе: новая падлога, прыгожа атынкаваныя сцены спакойнага фіялетавага колеру. Дарэчы, падлога ва ўсёй школе перакладзена наноў, а ў кабінетах фізікі, хіміі і некаторых калідорах дрэва замянілі на плітку.

— Гэта зроблена згодна з патрабаваннямі санітарнай і пажарнай бяспекі, — расказвае дырэктар Святлана Міхайлаўна Ерш. — Афарбоўка сцен замест паклейкі шпалераў таксама вельмі зручная: дастаткова зрабіць калероўку — і можна фарбаваць іх хоць штогод. Спадзяюся, што праблемы са шпалерамі і кіраўніцтва, і настаўнікі хутка забудуць.

І хоць некаторыя з 15 вучэбных кабінетаў былі адрамантаваныя раней, выглядаюць яны не горш за тыя, што прайшлі праз рэканструкцыю сёлета. Дарэчы, за бацькоўскія сродкі — а гэта больш за 14 млн. рублёў — школа набыла жалюзі для кожнага кабінета. Цікава, што ў кожным з іх яны маюць свой колер, ён ні разу не паўтараецца. Паводле слоў дырэктара, адценні спецыяльна падбіралі пад пакрыццё сцен і мэблі, таму ва ўсіх кабінетаў уласнае аблічча.

Тое ж можна сказаць і пра калідоры ў школьным крыле, адведзеным пад пачатковыя класы. Яны не проста нанова атынкаваныя і пафарбаваныя — у гэтым годзе на сценах з’явіўся цікавы арнамент, а таксама сімпатычныя рамонкі і вялікае сонейка з дрэва. Сцены ў кабінетах для дзетак пакрыты яркімі фарбамі са шматлікімі малюнкамі, а вясёлы настрой і ўтульнасць ствараюць каляровыя жалюзі.

— Яшчэ нядаўна нас турбавала тэмпература ў зімні перыяд, а цяпер, калі сцены ўцяплілі і дадалі батарэй, дзеці могуць без праблем займацца фізкультурай у памяшканні нават у самую лютую сцюжу, — гаворыць Святлана Міхайлаўна.

Рэканструкцыя закранула і санвузлы школы: тут усталявана ўся неабходная сантэхніка, вядома, новая, а пасля заняткаў фізкультуры вучням можна нават прыняць душ.

Ёсць у Пагост-Загародскай СШ і добры камп’ютарны клас, якім можа ганарыцца далёка не кожная сельская школа. Вядома, машыны тут не апошніх мадэляў, але для школьнага курса інфарматыкі іх цалкам дастаткова. Сёлета абласны бюджет плануе направіць 67 млрд. рублёў на паляпшэнне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Вядома ж, частка іх будзе накіравана і ў Пінскі раён.

Зрэшты, найбольш цікавым аб’ектам, які з’явіцца ў Пагост-Загародскай школе пасля рэканструцыі, сапраўды можна назваць уласны школьны музей. Можа, па памерах да паўнавартаснага музея ён і не дацягвае, а вось па колькасці экспанатаў дакладна пераўзыдзе аналагічныя.

— Абавязковай умовай фінансавання рэканструкцыі была «разынка», якая хутка з’явіцца ў нашай школе, — дзеліцца планамі дырэктар. — Паколькі з 1992 года наша ўстанова носіць імя славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, то і музей мы вырашылі прысвяціць пісьменству і развіццю адукацыі. Такім чынам, з’явілася назва «Рэгіянальны музей развіцця адукацыі Пінскага раёна і славянскага пісьменства».

Пакуль што пакой, адведзены пад экспазіцыю, пустуе, але ў хуткім часе тут з’явіцца неабходнае музейнае абсталяванне: шафы, тумбы, шкляныя стэнды. На адной са сцен будзе ўсталяваны вялікі партрэт выдатных балгарскіх асветнікаў.

На невялікай плошчы музея кіраўніцтва школы плануе размясціць больш за 100 унікальных экспанатаў. Усе яны будуць размеркаваны па некалькіх тэматычных экспазіцыях: асвета на Піншчыне ў новы час, у XIX—XX стагоддзях, у Вялікую Айчынную і ў пасляваенны перыяд.

Калі пра адукацыю на Піншчыне ў XVII—XVIII стагоддзях сказаць амаль няма што, то экспанатаў XIX і XX стагоддзяў больш за ўсё. Паводле слоў Святланы Міхайлаўны, дапамагалі збіраць іх і вучні, і выпускнікі школы, і дырэктары іншых устаноў раёна.

— Напрыклад, школа вёскі Жытча перадала нам ажно 16 экспанатаў — гэта больш за ўсе астатнія, — гаворыць яна. — Яшчэ пяць дасталіся ад Бобрыкаўскай СШ.

Хутка сваё месца на стэндах зоймуць падручнікі па гісторыі, выдадзеныя ў канцы XIX стагоддзя, літаратурныя зборнікі гэтай жа эпохі, геаграфічныя і гістарычныя атласы, пасведчанні аб заканчэнні Пагост-Загародскай школы 1917 года і польскага часу.

— У адной з настаўніц нашай школы нават захаваўся сшытак па чыстапісанні 1917 года! Ёсць шмат дакументаў, у тым ліку архіўных, дзе Пагост-Загародская школа яшчэ пазначана як народнае вучылішча. Маем у сваіх зборах і вучнёўскую форму 70-х гадоў мінулага стагоддзя, і спартыўную футболку гэтага ж часу, — дырэктар яшчэ доўга пералічвае экспанаты і паказвае тое, што ўдалося адшукаць.

— Школа стала больш сучасная і камфортная, прыгажэйшая, — адзначае Святлана Міхайлаўна. — І што вельмі важна, больш цікавая за кошт стварэння тут музея. Спадзяюся, што 1 верасня, калі 186 нашых вучняў зноў пераступяць парог школы, гэта адзначаць і яны, і іх бацькі. У Камені вучацца не толькі мясцовыя, але i таксама дзеці з вёсак Пагост-Загародскi, Вяз і Боркi. І вельмі цешыць, што ўсім ім цяпер будзе камфортна не толькі дабірацца да школы на спецыяльным аўтобусе, але і вучыцца ў абноўленым будынку.

Дарэчы, абнаўленне ў Камені дайшло і да дзіцячага садка, які размясціўся побач са школай. 1 верасня тут чакаюць 48 дзетак. Будынак установы з’явіўся ў вёсцы ў 1992 годзе, але з таго часу, на жаль, не зазнаў капітальнага рамонту.

— Вяліся толькі бягучыя работы, каб падтрымаць добры стан установы. А сёлета ўжо ўзяліся за садок сур’ёзна. Раённы бюджет выдзяліў 1,5 мільярда рублёў, і пакуль рамонт працягваецца, гэту лічбу нельга назваць канчатковай, — расказвае загадчыца сада Таццяна Хоміч.

На гэтыя сродкі цалкам была перароблена лесвіца: цяпер яе пакрывае плітка, а сцены на пляцоўках пафарбаваныя, што цалкам адпавядае патрабаванням пажарнай бяспекі. Абноўлены калідоры, пакоі ўсіх груп, закуплены новая мэбля, абсталяванне і цацкі для дзетак. Шмат што на тэрыторыі ўстановы, гаворыць загадчыца, зрабілі самі працаўнікі дзічага садка, дый і цяпер яны дапамагаюць будаўнікам у іх няпростай, але вельмі важнай працы. Бо 1 верасня ўжо хутка, а работы яшчэ шмат.

Да пачатку новага навучальнага года застаецца меньш за два тыдні. Безумоўна, гэтага часу хопіць, каб завяршыць пачатую працу і ў школе, і ў садку вёскі Камень. Хутка адкрые дзверы школьны музей, куды пачнуць прыязджаць на экскурсію школьнікі з усяго Пінскага раёна. Захаванне памяці пра сваю малую радзіму і навучальную ўстанову — гэта, безумоўна, важна. Але куды важней, каб дзеці маглі прыходзіць на заняткі ў чыстыя, светлыя і адрамантаваныя памяшканні. Каб матэрыяльная база не саступала гарадскім адукацыйным установам. І школа з садком у Камені — добры прыклад клопату пра дзяцей і разам з тым пра будучыню краіны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter