Мёртвага сезона не бывае

Свае асаблiвасцi ў вясковага жыцця. Гэта ў поўнай меры адчуваюць прадаўцы магазiна № 161 Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства

Свае асаблiвасцi ў вясковага жыцця. Гэта ў поўнай меры адчуваюць прадаўцы вялiкага сельскага магазiна № 161 Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства ў Рубяжэвiчах. Зiмою жыццё як бы замiрае, зарплаты ў сельгаскааператыве меншыя, чым у час работ на полi. Перазiмоўваюць гэты час разам з вяскоўцамi i прадаўцы, не спадзеючыся выйсцi на высокiя паказчыкi па тавараабароце, хоць i стараюцца.

А вось у летнiя месяцы жыццё кiпiць-бурлiць. Прыязджаюць дачнiкi, студэнты на канiкулы, гарадскiя школьнiкi на лета да бабуль, грыбнiкi i ягаднiкi што-дзень наведваюцца краму. А тут i самi вяскоўцы рупяцца паднавiць дамы, пабудовы – заказваюць актыўна будматэрыялы, а потым у адрамантаваную хату купляюць i новую мэблю, i бытавую тэхнiку. Iдзе актыўна гандаль па заяўках. У такiя месяцы летась нагандлёўвалi больш за 120 мiльёнаў рублёў. У летнi час ажыўляецца i нарыхтоўчая дзейнасць – вяскоўцы нясуць i вязуць у магазiн грыбы, ягады, яблыкi, агароднiну i садавiну. У краме для гэтай дзейнасцi выдатныя ўмовы – ёсць зручныя складскiя памяшканнi. У асаблiвым рэжыме працуе ў гэты час магазiн – с 9 да 22 гадзiн i без выхадных.

Прадаўцы з веданнем справы расказваюць пра асаблiвасцi сваёй работы. I не дзiва: усе трое працуюць у Рубяжэвiцкiм участку райспажыўтаварыства больш за 20 гадоў. Гэта той выпадак, калi ведамства можа ганарыцца кадрамi, ды яшчэ ў такой складанай сiтуацыi з прадаўцамi ў сельскай мясцовасцi. Загадчыца Тэрэза Рыдлiнская мае працоўны стаж 25 гадоў – як прыехала па размеркаваннi, так i засталася тут назаўсёды. Такiя ж старажылы ў мясцовым гандлi ды i наогул у райспажыўтаварыстве Алена Курневiч i Марына Каразей.

Магазiн № 161 у Рубяжэвiчах – першы сярод сельскiх у раёне, дзе работа арганiзавана па прынцыпе самаабслугоўвання. Для гэтага летась быў праведзены вялiкi рамонт, устаноўлена новае гандлёвае абсталяванне. Перамены адчулi не толькi пакупнiкi, але i самi прадаўцы. Заменены вокны, дзверы, што падняло тэмпературу ў гандлёвай зале, ды яшчэ грэюць i сучасныя вiтрыны. Так што ёсць усе падставы выглядаць вось так эфектна, у фiрменным адзеннi, як ветлiвыя прадаўцы рубяжэвiцкага магазiна. Iх стараннi па забеспячэннi багатага асартыменту як прадуктовых, так i прамысловых тавараў  ацэнiць кожны з пакупнiкоў, хто зойдзе ў гэту сельскую краму. I не бяда, што ў кагосьцi з вяскоўцаў на гэты момант у кашальку няма грошай. Тут прапануюць прадукты ў беспрацэнт-ны крэдыт на суму 50 тысяч рублёў у месяц. Пакупнiкi з задавальненнем карыстаюцца гэтай паслугай. Салiдны тавар можна купiць у крэдыт на больш працяглы тэрмiн пад працэнты. Так што ў прадаўцоў i пакупнiкоў поўнае ўзаемапаразуменне, што i адбiваецца на настроi, якi дэманструюць Тэрэза РыдлiнскаЯ, Алена Курневiч i Марына Каразей (на здымку).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter