Прадпрыемства у Смалявiцкiм тэхнапарку будзе перапрацоўваць да 100 тон батарэек у год

Мяняем мiнус на плюс

Дыстанцыйныя пульты кіравання і фотаапараты, дзіцячыя цацкі і ліхтарыкі, гадзіннікі і радыёпрыборы, мабільныя і радыётэлефоны... Спектр выкарыстання батарэек вельмі шырокі, а таму ў адходы трапляюць дзясяткі тон гэтых элементаў сілкавання. Карэспандэнт «Р» высвятляла, чаму батарэйкі небходна належным чынам утылізаваць і якую другасную сыравіну прапануе вытворчасці новая ўнікальная лінія. 

Ярка-зялёныя кантэйнеры з выявай папараці чакаюць адходаў, якія лічацца шкоднымі

— Сама па сабе батарэйка не прадстаўляе пагрозы, пакуль не парушана цэласнасць яе корпуса, — гаворыць Ігар Гарбачоў, намеснік галоўнага інжынера «БелВТІ». — Але пры пашкоджанні іх змесціва выцякае, і хімічныя элементы прычыняюць шкоду глебе, грунтовым водам. 

Арганізацыя «БелВТІ», якая спецыялізуецца на зборы і перапрацоўцы электрычнага і электроннага абсталявання, наладзіла збор элементаў сілкавання. Пачыналі са звычайных кардонных каробак у магазінах, затым перайшлі да ўрнаў у выглядзе батарэек. Аднак ад іх вымушаны былі адмовіцца: людзі кідалі туды звычайнае смецце. Тады распрацавалі спецыяльныя кантэйнеры ярка-зялёнага колеру з выявамі папараці. На сённяшні дзень у гандлёвых аб’ектах краіны ўсталявана каля тысячы кантэйнераў для батарэек, невялікіх электронных прылад, энергазберагаючых лямпаў, якія утрымліваюць ртуць, і люмінесцэнтных лямпаў.

— За мінулы год толькі ў Мінску было сабрана 41,5 тоны батарэек, а ўсяго па краіне — 70 тон, — працягвае Ігар Гарбачоў. — Зразумела, што з гэтымі адходамі неабходна нешта рабіць. Мы сталі шукаць перапрацоўшчыка за мяжой. Выязджалі, аналізавалі, вывучалі ўмовы і абсталяванне. Вынікам стала падпісанне папярэдняга дагавора з польскім перапрацоўшчыкам. Планавалася, што вывезем за год 40 тон батарэек. У адпаведнасці з Базельскай канвенцыяй мы падрыхтавалі пакет дакументаў для перамяшчэння за мяжу небяспечных адходаў, але польскі бок адмовіўся іх прапускаць.



Міністэрства ЖКГ сумесна з Мінпрыроды вырашылі будаваць уласную ўстаноўку. Яе тэхнічныя асаблівасці ў «БелВТІ» ўжо ведалі. Амаль усе складаючыя часткі заказалі ў беларускіх вытворцаў, только шрэдар (прасцей кажучы, драбілку) давялося везці з Аўстрыі.

Найбольш запатрабаваныя — салявыя і шчолачныя батарэйкі. Яны складаюць 80 працэнтаў ад агульнага збору. На іх і арыентавана перапрацоўчая лінія. Астатнія віды элементаў сілкавання, якія ўтрымліваюць свінец, ртуць, кадмій, усё ж паедуць за мяжу.

— Пробную партыю батарэек мы перепрацавалі, — кажа Ігар Сяргеевіч. — Лінію запускалі ў нашым эксперыментальным цэху. Разумееце, абсталяванне закуплялася ў розных вытворцаў, і каб спалучыць яго ў 

адзіны арганізм, трэба было наладзіць агульную хуткасць і рэжым працы. У гэтым нам дапамаглі супрацоўнікі БНТУ. У выніку пробнага запуску атрымалі сыравіну і разгледзелі рынкі яе збыту.

Лінія па перапрацоўцы батарэек і акумулятараў зусім невялікая, яна займае памяшканне памерам не больш за 40 квадратных метраў. Абслугоўваць яе можа адзін чалавек — аператар, які загружае батарэйкі ў шрэдар, або драбілку. Але перш іх трэба рассартаваць па памеры і змесціву. Гэтым займаюцца двое рабочых.

— Драбілка раскрые або нават разарве корпус батарэйкі, іншымі словамі, парушыць яго цэласнасць, — раскрывае прынцып дзеяння Ігар Гарбачоў. — Пасля гэтага батарэйкі трапяць у так званы грохат. Там у выніку моцнай вібрацыі апараж-ніцца змесціва элемента сілкавання. Далей сепаратары з дапамогай магнітаў раздзеляць чорныя і каляровыя металы.

У выніку перапрацоўкі батарэек атрымліваецца тры віды сыравіны. Гэта, па-першае, чорныя металы, з якіх быў выраблены корпус. Па-другое, сумесь з утрыманнем каляровых металаў, пераважна цынку. Трэці кампанент, вугальна-марганцавая сумесь, пакуль што не знайшоў прымянення. Але нешта падобнае выкарыстоўваецца ў металургічнай вытворчасці, і навукоўцы з БНТУ спадзяюцца, што там спатрэбіцца і гэта сумесь. А пакуль што яна захоўваецца ў спецыяльных герметычных бочках.

Перапрацоўчая лінія: невялікая, але даволі магутная.
Фота прадастаўлена «БелВТI»

Магутнасць перапрацоўчай лініі — 100 тон у год. Ігар Гарбачоў працягвае:

— На бліжэйшыя дванаццаць месяцаў работай яна забяспечана. Пры неабходнасці можна зрабіць невялікія ўкладанні і павялічыць магутнасць у некалькі разоў. Мы плануем падвоіць колькасць кантэйнераў і прыцягнуць да збору батарэек навучальныя ўстановы. Пакуль апошнія адносяцца да нашай прапановы асцярожна — хвалююцца за бяспеку вучняў. Але дарэмна: санстанцыя праверыла кантэйнеры і ўстанавіла, што яны бяспечныя ў выкарыстанні, а Рэспубліканскі цэнтр эпідэміялогіі і гігіены запэўніў, што збор элементаў сілкавання ў школах не пашкодзіць здороўю дзяцей. Затое павысіцца іх экалагічная свядомасць. Да таго ж плануем выплачваць навучальнай установе грошы, скажам, за кожны кілаграм батарэек. Іх можна будзе выкарыстаць для заахвочвання вучняў або для афармлення экалагічнага стэнда…

Падрыхтоўчыя работы праведзены, засталося толь-кі дачакацца, пакуль лінія пачне працаваць на ўсю магутнасць. Ігар Гарбачоў спа-дзяецца, што здарыцца гэта ў лютым:

— Для ажыццяўлення такога роду дзейнасці неабходна ліцэнзія. Каб яе атрымаць, патрэбна быць зарэгістраваным у рэестры аб’ектаў па выкарастанні адходаў. А для рэгістрацыі трэба мець праект і прайсці экалагічную экспертызу. У гэтым напрамку вядзецца актыўная работа.

nevmer@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter