Імя ў спадчыну.

Вельмі хацелася б даведацца пра прозвішчы Гурковіч (маё дзявочае прозвішча па бацькоўскай лініі), а таксама Левашкевіч (па лініі маці). Часта спрачаемся з роднымі пра іх паходжанне. Адны сцвярджаюць, што яны маюць яўрэйскія карані, іншыя кажуць пра польскія. А як ёсць насамрэч?

Вельмі хацелася б даведацца пра прозвішчы Гурковіч (маё дзявочае прозвішча па бацькоўскай лініі), а таксама Левашкевіч (па лініі маці). Часта спрачаемся з роднымі пра іх паходжанне. Адны сцвярджаюць, што яны маюць яўрэйскія карані, іншыя кажуць пра польскія.
А як ёсць насамрэч?
З павагай Тамара Шаўцова, Віцебск

Прозвішча Гурковіч утворана ад мужчынскага імя Гурко, якое з’яўляецца памяншальнай формай ад імя Гур (указвае на сына, нашчадка Гура). У сваю чаргу абедзве формы імён — Гур і Гурко з’яўляюцца размоўнымі варыянтамі афіцыйнага хрысціянскага мужчынскага імя Гурый, якое паходзіць са старажытнаяўрэйскай мовы і літаральна абазначае “звераня, львяня”. Паходжанне прозвішча яшчэ не азначае, што вашы родныя маюць яўрэйскія карані. У беларускую іменаслоўную сістэму з прыняццем хрысціянства ў канцы X стагоддзя трапіла вялікая колькасць яўрэйскіх імёнаў, якія трывала замацаваліся за прадстаўнікамі розных этнасаў (беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, чэхаў і іншых): Іван, Адам, Гаўрыіл, Ганна, Данііл, Ілья, Марыя і іншыя.
Прозвішча Гурковіч аформлена пры дапомозе фінальнай часткі -іч, якую спецыялісты ў галіне анамастыкі кваліфікуюць як суфікс. Суфікс
-іч у складзе прозвішчаў мае даволі цікавую гісторыю. Спачатку гэты суфікс ужываўся для абазначэння роднасных сувязяў, а затым для ўказання нашчадкаў па мужчынскай лініі. Так, полацкія князі, якія вялі свой род ад Яраслава, называліся Яраслававічамі, ад Ізяслава — Ізяслававічамі. Паступова функцыя суфікса -іч была зведзена да абазначэння сына па бацьку. Імёны па бацьку на -іч былі надзвычай шырока распаўсюджаны на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага: Іван Хведаравіч, Сямён Нічыпаравіч і іншыя. У XV—XVI стагоддзях імёны па бацьку на -іч у спадчыну не перадаваліся. А пазней, прыкладна з XVII стагоддзя, ужыванне імені па бацьку стала трывалай кніжнай традыцыяй, якая пазней аказала ўплыў на станаўленне беларускай мадэлі прозвішчаў на -іч. Прозвішчы на -іч на тэрыторыі Расіі не атрымалі такога распаўсюджання, як на нашых землях. Імёны на -іч у Маскоўскай Русі лічыліся прэстыжнымі: права называцца так рэгламентавалася спецыяльнымі ўказамі. Суфікс -іч маглі мець у сваіх прозвішчах толькі прадстаўнікі вышэйшых слаёў грамадства: князі і баяры.
У адрозненне ад Расіі, для Беларусі прозвішчы на -іч з’яўляюцца тыповымі. Але канцэнтрацыя гэтага тыпу прозвішчаў на розных тэрыторыях нашай краіны розная. Найбольш шырока прозвішчы на -іч ужываюцца ў паўночнай і цэнтральнай частцы Мінскай вобласці, заходняй частцы Віцебскай і ў Брэсцкай абласцях.
Другое прозвішча, пра якое вы пытаецеся, Левашкевіч утворана ад мужчынскага імя Лявошка, якое з’яўляецца размоўным варыянтам кананічнага праваслаўнага імя Леонт, каталіцкага Леон. Імя Лявон паходзіць з грэчаскай мовы, дзе мела значэнне “леў”. На тэрыторыі Беларусі прозвішча Левашкевіч сустракаецца ў Браслаўскім і Мёрскім раёнах Віцебскай вобласці, Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. Ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны сустракаюцца роднасныя прозвішчы Левановіч, Левашоў, Левашэнка, Левашэня, Леванцоў, Леваноўскі, Леваненка, Леванкевіч, Лявоненка, Леванёнак, Леванчук, Леаненя, Леванюк і іншыя.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter