«Мы за мір і дружбу, за дабро»

Беларускія міратворцы: Ад вела- і аўтапрабегаў да мастацкіх выстаў

Гэтыя гуманістычныя ідэалы вызначаюць усю шматгранную дзейнасць беларускіх міратворцаў

Міратворства ў наш час, скажам шчыра, тэма рэдкая на газетных старонках. Няўжо сёння яна неактуальная, страціла і не вабіць больш людзей сваімі высакароднымі ідэаламі, у аснове якіх — прапаганда міру і дружбы, партнёрства і міласэрнасці, чалавечая дабрыня і спагада... Ды не, усё гэта вельмі важна ў адносінах паміж людзьмі ў наш няпросты час.

У нашай рэспубліцы такія высокія і адказныя абавязкі ўсклаў на сябе Беларускі фонд міру (БФМ) — адна са старэйшых і вельмі аўтарытэтных грамадскіх арганізацый патрыятычнага накірунку. Нядаўна адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя БФМ. Старшыня яго праўлення Аляксандр ПАСЮКЕВІЧ (на здымку) у гутарцы з карэспандэнтам «Р» дзеліцца сваімі думкамі наконт міратворства, расказвае, чым займаецца фонд.

— Аляксандр Іванавіч, ужо сама назва фонду да многага абавязвае. Што, на ваш погляд, значыць міратворства сёння?

— Барацьба за захаванне міру як натуральнай умовы жыцця была і застаецца асноўным фактарам у рабоце фонду, вядома, па меры нашых магчымасцей.

Масавы міратворчы рух у Беларусі заснаваны на высакародным прынцыпе «Ад сэрца да сэрца». Шматлікія актывісты БФМ — людзі з глыбокімі гуманістычнымі перакананнямі. Гарачыя патрыёты плённа працягваюць слаўныя традыцыі, прапагандуючы ідэалы міру і справядлівасці, узаемаразумення і дабрыні, спачування і міласэрнасці, маральна і матэрыяльна падтрымліваюць тых людзей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах. У гэтым плане можна расказваць шмат, бо ёсць пра што. Але спынюся толькі на галоўных, найбольш важных накірунках нашай дзейнасці, у аснове якіх менавіта міратворства.

Маршы міру па роднай краіне. Вела- і аўтапрабегі разам з расійскімі калегамі па месцах баявой славы, прысвечаныя гадавінам Перамогі і вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ушанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай і воінаў-інтэрнацыяналістаў. Шматлікія і вельмі цікавыя конкурсы і фестывалі — гэта далёка не поўны пералік міратворчых акцый, якія праводзіць наш актыў.

— Мне давялося бачыць мастацкія выставы «Я малюю мір» і «Вайна вачыма дзяцей». Прызнаюся, надзвычай хвалююча.

— Выставы гэтыя ладзіліся з нагоды 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад фашызму, арганічна ўваходзілі ў «Зоркавую эстафету міру». Маштабная ўсенародная акцыя праходзіла пад дэвізам: «Вы мір заваявалі, мы яго абаронім».

Вынікі «Зоркавай эстафеты» падводзілі ў гісторыка-культурным комплексе «Лінія Сталіна». Быў прыняты зварот да ААН, кіраўнікоў дзяржаў і ўлад, людзей усіх краін з заклікам працягваць змагацца і адстойваць мір і жыццё на Зямлі.

Заключны этап гэтай эстафеты адбыўся ў Оршы на міжнароднай сустрэчы «Садружнасць». Удзельнікі мерапрыемства заклікалі ўсе міратворчыя арганізацыi мацаваць мір, актыўна прапагандуючы яго ідэалы сярод насельніцтва. А яшчэ па ініцыятыве Еўрапейскага форуму міру адбыўся чарговы міжнародны міратворчы велапрабег па маршруце: Парыж—Берлін—Варшава—Мінск—Масква, прысвечаны 65-годдзю перамогі над фашызмам. Для яго ўдзельнікаў была наладжана сустрэча ў Мінску, да помніка на плошчы Перамогі ўсклалі вянкі і кветкі. Наш фонд сумесна з ірландскай дабрачыннай арганізацый правёў велапрабег Мінск—Баранавічы—Бяроза—вёска Малеч.

— Аляксандр Іванавіч, цяпер нярэдка можна пачуць нараканні ў адрас нашай моладзі. Маўляў, значная частка яе не надта актыўная, у першую чаргу захоплена меркантыльнымі інтарэсамі. Няўжо нашы юнакі і дзяўчаты абыякавыя да ідэалаў міратворчасці?

— Зусім не, і кажу так, зыходзячы з канкрэтнай практыкі. Проста трэба праводзіць такія акцыі і мерапрыемствы, якія хвалююць і кранаюць душы маладых людзей, знаходзяць у іх эмацыянальны водгук. Канешне, тут надта важна, каб гэтая работа БФМ мела падтрымку сярод насельніцтва, адабрэнне мясцовых улад.

Спашлюся на канкрэтны прыклад. Па ініцыятыве Гомельскага абласнога аддзялення нашага фонду, якое ўзначальвае вельмі няўрымслівы чалавек Цімафей Глушакоў, у шэрагу раёнаў праведзена акцыя «Добрае слова маме». Абласное аддзяленне і мясцовы Саюз БРСМ звярнуліся да кіраўнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў Гомельшчыны з просьбай падтрымаць гэтую акцыю. Бо мэта яе высакародная: прапаганда сярод моладзі статусу жанчыны-маці, фарміраванне ў маладых людзей агульначалавечых каштоўнасцей і высокіх духоўна-маральных арыенціраў.

Для ўдзелу ў акцыі, акрамя моладзі і актывістаў фонду, запрасілі шматдзетных маці і маці, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей. А яшчэ жанчын, чые сыны загінулі або засталіся інвалідамі вайны ў Афганістане. Канешне, прысутнічалі студэнты. Мерапрыемства прайшло хвалююча і эмацыянальна, з цікавымі выступленнямі, канцэртамі, уручаліся сувеніры, набытыя за сродкі, сабраныя актывістамі БРСМ. Безумоўна, такая акцыя — добры прыклад для пераймання, рэальная магчымасць прапаганды сярод моладзі ідэй міру, павышэння святога статусу жанчыны-маці.

У апошні час актывісты нашага фонду, асабліва Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей, усё часцей ладзяць разам з БРСМ дабрачынныя акцыі, якія станоўча ацэньваюць мясцовыя ўлады. Так, па ініцыятыве БРСМ і пры ўдзеле БФМ праведзены два этапы «Зоркавай эстафеты міру» і два Міжнародных маладзёжных фестывалі «Агонь танца». Іх заключныя мерапрыемствы адбыліся ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску», а гэта ўжо гаворыць пра многае.

БФМ таксама ўдзельнічаў у VI рэспубліканскім свяце мастацтваў «У будучыню з надзеяй», прымеркаваным да Міжнароднага дня міру.

Хачу асабліва падкрэсліць, што прыцягненне моладзі ў міратворчую дзейнасць з удзелам актывістаў БРСМ, і ў першую чаргу студэнтаў, мы разглядаем як адну з нашых найважнейшых задач. Яшчэ адзін красамоўны прыклад. Член нашага праўлення, былы старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення фонду Антон Райко ў 2003 годзе пачаў прысуджаць стыпендыі БФМ навучэнцам школ, ліцэяў, каледжаў, студэнтам ВНУ, якія дабіліся высокіх вынікаў у вучобе і добра праявілі сябе ў грамадскай дзейнасці. За мінулы перыяд такімі стыпендыятамі сталі 855 чалавек.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter