Мы такія

Нашу Беларусь часта наведваюць рознага кшталту спадары-іншаземцы
Нашу Беларусь часта наведваюць рознага кшталту спадары-іншаземцы, адсюль яны вязуць свае ўражанні пра нас і рассейваюць іх па зямным шары, як насенне-парашуты. Што яны сеюць, якімі бачаць нас? Мы ж сваіх усюды пазнаем, як рыбак рыбака. А тыя, за мяжой,  ці могуць нас распазнаць сярод плямёнаў усходніх славян? На асабістым вопыце пераканалася: могуць.

Гучная песня пад гітару, шумная кампанія, летняя ноч у богам забытым мястэчку Расіі. Я таксама падпяваю на ўсё горла, і гэтыя мае падвыванні-высілкі заўважаюць маладыя людзі: «А вы часам не з Беларусі?» Адказваю амаль словамі класіка: «Адтуль, вядома. Адкуль даведаліся?» Кажуць, адразу чутна, не мясцовая. Справа не ў тым, што горла дзерла гучней за ўсіх, хоць па гэтай частцы ва ўласнай ваннай ды каля пліты ў мяне кожны дзень трэніроўкі. І нават не ў тым, што мае словы «Зараз спяю» (памятаеце ваўка з культавага мульціка?) гучаць часцей як пагроза, а не запрашэнне прыціхнуць і атрымліваць асалоду ад дзівоснага вакалу. Усё прасцей. Справа ў невынішчальным нашым «гэканні». Хлопцы ж аказаліся з КВЗ, якія не аднойчы прыязджалі выступаць у Мінск. Пасмейваюцца над нашымі «Ганна», «гэта», на зямлю кладуцца ад смеху, калі даведаюцца, што іх «пузо» — гэта наша «бруха», па якому яшчэ «трапкай» можна са злосці прайсціся. Але вельмі паважаюць нашых хлопцаў і дзяўчат за творчыя парывы, таленты, пачуццё гумару. І дзівяцца, што амаль кожны то мастацкую, то музычную школу скончыў. Ну, у маёй біяграфіі наведванне такіх школ таксама ёсць, але ж навошта без дай-прычыны высоўвацца. «Не, не ўсе мы, вядома, такія з сябе разумныя, тут усё як у людзей, —сціпла так кажу, — але ў цэлым мы адораная і таленавітая нацыя, самі ж заўважылі». Між іншым, аказалася цяжка вось так, за ўсю нацыю, адказ трымаць. Добра, што не спыталі яшчэ, ці не страляю я лепш за Домрачаву і ці не мацнейшыя мае падачы, чым у Азаранкі. Расчаравала б.

У мінулым годзе краіну наведалі 137 444 замежнікі. І гэта толькі арганізаваныя турысты. Спартыўныя чэмпіянаты сталі нагодай прыехаць да нас гасцям з блізкіх і далёкіх, знаёмых і дзесьці нават экзатычных краін. Лідары — Расія, Літва, Латвія, Украіна, Германія, Польшча, Італія, Турцыя, Вялікабрытанія і Ізраіль. Набалеліся за сваіх, на нас паглядзелі, сябе паказалі. Шмат чаму навучыліся не толькі дзяржаўныя органы і арганізацыі, але і грамадзяне. Напэўна, няма ніводнага жыхара сталіцы, які б краем вока не бачыў чужаземцаў на мінскіх вуліцах і не кантактаваў з імі. Ды і я часцяком чула ад сяброў: успамінаў, як мог, школьныя англійскую і нямецкую мовы.

Зразумела, што не толькі ў час спартыўных спаборніцтваў нас наведваюць госці. Спрабуем і экспарт адукацыйных паслуг павялічыць — іншаземных студэнтаў у нас нямала, і прыцягнуць больш замежных інвестараў. Так павольна, але верна падымаецца культура дзелавых камунікацый, якая на постсавецкай прасторы пакуль на этапе станаўлення. Зараз вырысоўваюцца штрыхі, узнікаюць накіды да нашага калектыўнага партрэта. Што ў ім, якімі мы здаёмся чужым людзям?

Дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Таццяна Мальцэвіч параіла прачытаць англійскага даследчыка Рычарда Льюіса. У яго працы аб нацыянальных дзелавых культурах ёсць наступныя характарыстыкі ўсходніх славян: схільнасць да калектывізму, самаахвяраванне, цярпенне, упартасць, здольнасць у крытычны момант мабілізавацца, напружыць усе сілы. У цэлым, адказвае вучоны, усходнія славяне душэўныя, адкрытыя і спагадлівыя. Але толькі да таго часу, пакуль не адчуюць, што іх падманваюць.

Вось і знаёмая студэнтка БДУ з кітайскага горада Чанчунь пацвярджае: людзі мы адкрытыя. Ва ўніверсітэце яна здзіўляецца: калі меркаванне студэнта не сыходзіцца з пунктам гледжання выкладчыка, то гэта можна абмеркаваць. У Кітаі ж меркаванне кіраўніка бясспрэчна. 

З замежнай мовай у нас справы не вельмі добрыя, але знаёмыя італьянскія бізнесмены запэўніваюць мяне, што моладзь у нас ведае англійскую мову, а калі і ёсць праблемы, то жэстамі ўсё роўна пакажуць або правядуць да месца. Дарэчы, Джузэпэ Кастанціна, адзін з гэтых італьянцаў, нават пачаў вучыць беларускую мову ў Мінску. Яму падабаецца наш менталітэт, у людзях імпануюць сур’ёзнасць, канкрэтнасць і акуратнасць. Пры гэтым, лічыць ён, беларусы спагадлівыя і ўмеюць забаўляцца. Што цікава: нашы дзяўчаты — гэта для іх асобная тэма. Джузэпэ скардзіцца на італьянак, якія носам круцяць перад сваімі мужчынамі. Самі не імкнуцца выглядаць добра, але выбіраюць мужчын толькі дагледжаных. Беларускі ж, кажа, ніколі не выйдуць у краму ў піжаме, а на дзелавую сустрэчу не прыйдуць без манікюру або касметыкі.

Што тычыцца бізнесу, то толькі калі ты зарэкамендуеш сябе, нашы людзі будуць спагаднымі, даверлівымі і будуць казаць усю праўду-матку, сцвярджае знаёмы бізнесмен з Расіі Дзмітрый Краснікаў. «Ваша шчырасць часта крыўдзіць. Я часам упадаю ў ступар: чаму мне такое ў твар кажуць?» Тым не менш Дзмітрый вылучае беларускую нацыю сярод другіх як унікальную: здольныя, адказныя і старанныя працаўнікі. Асабліва яго дзівіць павага да кіраўніка. Калі менеджары з Мінска тэлефануюць, то першае, што кажуць: «Вы можаце размаўляць?» — ад гэтага ён проста ў захапленні. Таму калі Дзмітрыя прымаюць за беларуса, то для яго гэта велізарны камплімент.

Я вось таксама хачу спытаць: а для каго гэта не камп-лімент?

Аліна КАСЕЛЬ

alinakasel@gmail.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter