«Мы не проста слухалі і глядзелі...»

Беларускія дэпутаты за адзін дзень наведалі музей, Дом кіно, філармонію і будоўлю Нацыянальнай бібліятэкі

Беларускія дэпутаты за адзін дзень наведалі музей, Дом кіно, філармонію і будоўлю Нацыянальнай бібліятэкі

Аб галоўных напрамках дзяржаўнай культурнай палітыкі расказаў дэпутатам міністр культуры нашай краіны Леанід Гуляка. Асобна разглядаліся пытанні стварэння і выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у справе вывучэння і папулярызацыі дасягненняў айчыннай культуры, а таксама праблемы, звязаныя з захаваннем, рэстаўрацыяй і выкарыстаннем гісторыка-культурных помнікаў. Завяршыла “тэарэтычную” частку знаёмства з экспазіцыяй музея.

Працягам вучобы стала наведванне яшчэ трох знакавых для галіны культурных аб’ектаў. Дэпутаты пабывалі ў новым Доме кіно, які адкрыўся сёлета на базе былога кінатэатра “Партызан” пасля яго рэканструкцыі. Пазнаёміліся з будаўніцтвам новай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе падчас візіту дабраліся аж да самага апошняга,

22-га, паверха “дыямента”. Завіталі ў адноўленую пасля капітальнага рамонту Белдзяржфілармонію, дзе пачулі знакаміты голас адрэстаўрыраванага аргана, сталі наведвальнікамі новага музея імя Уладзіміра Мулявіна і новастворанай камернай залы імя Р.Шырмы, праслухалі канцэрт юных талентаў — навучэнцаў Рэспубліканскага музычнага каледжа.

У падобным шырокамаштабным культурным фармаце вучоба для дэпутатаў праводзілася ўпершыню. Якія ўражанні ад культурнага дня? На пытанне “Р” адказаў адзін з удзельнікаў семінара, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Канаплёў:

— Сустрэчы з культурай заўсёды прыемныя. Яна невычарпальная, як і талент беларускага народа. Таму ўсюды, дзе мы пабывалі на працягу дня вучобы, было вельмі цікава. Але дэпутаты не проста слухалі і глядзелі. Яны пастаянна задавалі мноства пытанняў кіраўнікам устаноў і галіны, якія датычыліся самых розных аспектаў развіцця культуры. І цікавасць наша невыпадковая. У гэтым сэнсе падобная вучоба вельмі карысная, бо мы на практыцы можам убачыць і высветліць для сябе ўсё тое, што пасля будзе спрыяць нашай працы па стварэнні законаў. Гэта галоўная мэта вучобы дэпутатаў. Канешне, у час яе мы звяртаем увагу не толькі на дасягненні, але і на існуючыя праблемы. Іх заўсёды хапае, але галоўнае, як яны вырашаюцца. І калі вырашаюцца, значыць, дзяржава працуе: і заканадаўчая, і выканаўчая ўлады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter