Музыка ў iнтэр’еры

23 чэрвеня ў Белдзяржфiлармонii пройдзе «Ноч музыкi»

Упершыню ў Белдзяржфiлармонii амаль усю ноч будуць гучаць творы сучасных аўтараў i класiкаў

23 чэрвеня ў Мiнску пройдзе «Ноч музыкi». На жаль, пакуль яна абмяжуецца адной канцэртнай пляцоўкай – Вялiкай залай Белдзяржфiлармонii. Але як паведамiў начальнiк Упраўлення мастацтваў Мiнiстэрства культуры Беларусi Мiхаiл Казловiч, не выключана, што гэты фэст стане штогадовым i ў наступны раз, магчыма, ахопiць i iншыя ўстановы.

Iдэя правядзення «Ночы музыкi» належыць Ларысе Сiмаковiч. Яе музычна-тэатралiзаваныя прадстаўленнi заўсёды выклiкаюць цiкавасць у прыхiльнiкаў сучаснага мастацтва. Галоўнай асаблiвасцю яе спектакляў з’яўляецца спалучэнне жанраў. Так будзе i на гэты раз. Фэст мае дзве часткi. Першая – iнтэр’ерная. Яна ўключае экспазiцыю сучаснага жывапiсу i графiкi, прэзентацыю новых твораў мастакоў Беларусi, а таксама выставу серыi акварэльных работ народнага артыста Расii Уладзiмiра Васiльева. Карцiны знакамiтага танцоўшчыка аб’ехалi ўжо амаль дваццаць краiн, але ў Беларусi яны будуць упершыню.

Уладзiмiр Васiльеў стане ўдзельнiкам i другой часткi «Ночы...» – музычнай. Ён разам з салiсткай Вялiкага тэатра Расii Дар’яй Хахловай у суправаджэннi беларускай пiянiсткi Кацярыны Матох выканае харэаграфiчную мiнiяцюру «Балада», прысвечаную памяцi Кацярыны Максiмавай. Кампазiцыя пастаўлена на музыку Фрэдэрыка Шапэна. Дарэчы, увесь фэст пройдзе пад знакам гэтага вядомага кампазiтара. I гэта не выпадкова: сёлета адзначаецца двухсотгоддзе з дня яго нараджэння.

Самай яркай падзеяй абяцае стаць сумесны iмправiзаваны твор-прэм’ера «Калыханка да Шапэна», складзены з мiнiяцюр сучасных беларускiх кам-пазiтараў, сярод якiх Сяргей Картэс, Вiктар Капыцько, Вячаслаў Кузняцоў i iншыя. Выконваць будзе Дзяржаўны камерны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам заслужанага артыста Расii Яўгена Бушкова.

Таксама ў праграме свята сольныя выступленнi беларускiх i замежных музыкантаў-iнструменталiстаў, шапэнаўскiя мазуркi ў выкананнi на народных аўтэнтычных iнструментах, канцэртная праграма гурта з Варшавы «Zespol Polski» i iншае. Завершыць «Ноч музыкi» музычны спектакль «Жорж Санд, мазурка i Шапэн», роль Кансуэлы ў якiм выканае актрыса Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Я. Купалы Святлана Зелянкоўская. Яна ж разам з нейкiм мiстэрам Х будзе вядучай фэста. Дарэчы, гэта не адзiны сюрпрыз, якi падрыхтавалi арганiзатары: ноч жа будзе самай кароткай у годзе, а значыць, таямнiчай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter