Мой дом — Беларусь

У Мінску абмеркавалі развіццё этнаканфесіянальнай сітуацыі

Прадстаўнікі нацыянальна-культурных і рэлігійных аб’яднанняў, органаў улады і дзяржкіравання абмеркавалі пытанні развіцця этнаканфесіянальнай сітуацыі ў краіне

У мінскім офісе апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей адбылося пасяджэнне калегіі ведамства, на якім быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў: аб выніках працы дзяржаўных органаў па справах рэлігій і нацыянальнасцей у 2012 годзе, задачах на 2013-ы і ходзе выканання мерапрыемстваў Праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2011—2015 гады.

У зале пасяджэнняў у гэты дзень сабраліся прадстаўнікі нацыянальна-культурных і рэлігійных аб’яднанняў, органаў улады і дзяржаўнага кіравання з розных куткоў Беларусі. У прыватнасці, у мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты з Адміністрацыі Прэзідэнта, Апарату Савета Міністраў, міністэрстваў унутраных і замежных спраў, аховы здароўя, інфармацыі, культуры і адукацыі, начальнікі аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, намеснікі кіраўнікоў раённых выканаўчых камітэтаў рэспублікі.

Паводле слоў дакладчыка, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі, «Беларусь, з’яўляючыся шматканфесійнай і шматнацыянальнай дзяржавай, не мае рэлігійных канфліктаў і міжэтнічных сутыкненняў, у краіне створаны ўсе прававыя ўмовы для забеспячэння правоў грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання, дзейнасці рэлігійных арганізацый і нацыянальных аб’яднанняў». Праца апарату ўпаўнаважанага ў галіне міжнацыянальных адносін вядзецца згодна з заканадаўствам Беларусі, даручэннямі кіраўніка дзяржавы, урада, міжурадавымі і міжведамаснымі пагадненнямі, галіновай Праграмай развіцця канфесійнай сферы.

Існуючая практыка прымянення нацыянальнага заканадаўства ў этнаканфесійнай галіне, у прыватнасці Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», паказвае, што ва ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у дзеючае заканадаўства цяпер няма патрэбы. Аб чым на пасяджэнні Кансультатыўнага міжканфесійнага савета, створанага пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, заявілі ўсе кіраўнікі рэлігійных канфесій рэспублікі. Гэта сведчыць аб якасці беларускага заканадаўства.

На 1 студзеня бягучага года ў нашай краіне зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і накірункаў, агульная колькасць арганізацый налічвае 3416. Па сваіх статутах дзейнічаюць 165 рэлі-гійных арганізацый, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне. З іх — 45 рэлігійных аб’яднанняў, 37 місій, 43 манастыры, 15 брацтваў, 10 сястрыцтваў, 15 духоўных навучальных устаноў.

Дынаміка развіцця сучаснай канфесійнай структуры грамадства адлюстроўвае, як і раней, узрастаючую ролю традыцыйных канфесій. Летась вядучыя пазіцыі ў рэлігійным жыцці Беларусі займала Беларуская праваслаўная царква. Яна ўключае 11 епархій, у прыходах БПЦ праводзяць набажэнствы 1562 святары, дзейнічае 1407 праваслаўных храмаў, яшчэ 162 будуюцца. Нагадаем, што амаль дзесяць гадоў таму (чэрвень 2003 года. — Заўв. «Р») паміж Беларускай праваслаўнай царквой і дзяржавай было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Згодна з дакументам Беларускім Экзархатам БПЦ і зацікаўленымі органамі дзяржкіравання рэалізуецца шэраг сумесных праграм, у тым ліку на рэгіянальным узроўні, з удзелам мясцовых органаў улады. Ход рэалізацыі мерапрыемстваў разглядаецца на пася-джэннях Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і БПЦ. Нагадаю, што савет узначальвае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Дзяржава і царква падтрым-ліваюць асноўныя чалавечыя каштоўнасці — захаванне і развіццё інстытута сям’і, духоўнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Усё гэта вымагае весці ў грамадстве пастаянны дыялог па самым шырокім дыяпазоне тэм.

Згодна з планам 2012 года адбылася сустрэча Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі з Апостальскім нунцыем Клаўдыё Гуджэроці (паслом Ватыкана). У час перамоў абмяркоўваліся актуальныя пытанні ўзаемадзеяння беларускай дзяржавы і Рымска-каталіцкай царквы. Размова, у прыватнасці, вялася аб запрашэнні на працу ў краіну замежных святароў, сумеснай працы з МЗС Беларусі па падрыхтоўцы пагаднення аб супрацоўніцтве Беларусі і Святога Прастола.

У Рымска-каталіцкай царкве на сёння з 439 ксяндзоў, якія вядуць службы ў нашай рэспубліцы, 146 — грамадзяне замежных краін, у асноўным Польшчы. Застаецца злабадзённай тэма забеспячэння прыходаў святарамі з ліку грамадзян Беларусі. Тым больш што семінарыстам беларускіх каталіцкіх вучэбных устаноў прадастаўляецца вызваленне ад вайсковай службы на час вучобы.

Паводле інфармацыі Леаніда Гулякі, дзяржава аказвае значную фінансавую падтрымку рэстаўрацыі каталіцкіх храмаў, шэраг іх уключаны ў інвестыцыйныя праграмы рэспублікі і рэгіёнаў.

Асобна ў дакладзе прадстаўлена праца Экспертнага савета пры ўпаўнаважаным. За мінулы год яго члены прынялі на экспертызу шэсць матэрыялаў аб стварэнні і дзейнасці рэлігійных арганізацый, іх адпаведнасці беларускаму заканадаўству. Па запытах органаў дзяржкіравання саветам разгледжана 65 аўдыёвідэаматэрыялаў аб дзейнасці арганізацый і груп па выяўленні іх рэлігійнага характару альбо экстрэмісцкай накіраванасці, 90 адзінак рэлігійных друкаваных выданняў. Як стала вядома, быў забаронены да распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі часопіс «Сторожевая башня возвещает царство Иеговы» за 1 мая 2012 года, які ўтрымліваў ананімныя публікацыі рэлігійна-палітычнага зместу.

Значную ролю ў пытаннях дзейнасці і развіцця этнаканфесійнай галіны ў Беларусі адыгрывае Кансультатыўны міжэтнічны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У яго склад уваходзяць кіраўнікі большасці нацыянальна-культурных аб’яднанняў краіны. На працягу 2012-га членамі савета абмяркоўваліся пытанні статутнай дзейнасці аб’яднанняў, разам з апаратам упаўнаважанага праводзіліся сумесныя мерапрыемствы, размяркоўваліся фінансавыя сродкі на падтрымку праектаў з удзелам нацыянальных суполак.

Не менш важнай для апарату ўпаўнаважанага з’яўляецца дзейнасць па ўмацаванні сувязей з беларускай дыяспарай і яе арганізацыямі за мяжой.

За апошнія гады ў дадзеным накірунку зроблена нямала. Ведамствам былі набыты для беларускіх грамадскіх арганізацый замежжа нацыянальныя касцюмы, музычныя інструменты, аўдыё- і відэатэхніка, вучэбная літаратура, кнігі беларускіх аўтараў, нацыянальная сімволіка… Сярод краін-атрымальнікаў — Расія, Украіна, Малдова, Літва, Эстонія, Бельгія, Польшча, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Арменія, Уругвай. Апаратам упаўнаважанага пастаянна праводзяцца сустрэчы з кіраўнікамі і актывістамі гэтых арганізацый, рэалізуюцца пагадненні з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі Украіны, Малдовы, Грузіі, Літвы і Расіі. Упаўнаважаным вядзецца падрыхтоўка падобнага двухбаковага дакумента паміж урадамі Беларусі і Арменіі, абвешчаны конкурс-фестываль журналістаў і СМІ суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой.

Вялікая ўвага надаецца су-працоўніцтву рэгіёнаў нашай краіны з беларускай дыяспарай, рэалізацыі праекта «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой», абвешчанага ўпаўнаважаным. Так, па выніках 2012 года каштоўнымі прызамі, дыпломамі і ганаровымі граматамі былі заахвочаны 23 беларускія грамадскія арганізацыі замежжа і ад-міністрацыйныя раёны рэспублікі. Праект працягвае сваё жыццё.

У спрэчках па дакладзе ўпаўнаважанага прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў улады, аддзелаў па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, навучальных устаноў. Іх прапановы знайшлі адлюстраванне ў праекце рашэння калегіі і Плане працы апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў на 2013 год.

На здымку: пасяджэнне калегіі адкрывае Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід ГУЛЯКА.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter