Мост у будучыню

Заходні абход Брэста зробіць горад яшчэ больш камфортным

Заходні абход Брэста дазволіць зрабіць горад сучасным, з камфортнай дарожна-транспартнай інфраструктурай

Не сакрэт, што сённяшні стан дарожнай сеткі вялікіх гарадоў далёкі ад дасканалага. У час пік, як вядома, вельмі складана своечасова даехаць з адной часткі мегаполіса ў другую. Гэта найперш за ўсё звязана з многімі фактарамі, у тым ліку са значным ростам у апошнія гады колькасці аўтамабіляў. Таму маё знаёмства з перспектывамі развіцця дарожнай інфраструктуры самага заходняга пункта краіны — Брэста пачалося з размовы з кіраўніком гарадской «вертыкалі» ўлады Аляксандрам Палышэнкавым.

Па словах Аляксандра Сяргеевіча, з 2007 года вядзецца інтэнсіўная забудова шматкватэрным і індывідуальным жыллём паўднёва-заходняй часткі Брэста, якая размяшчаецца на левым беразе ракі Мухавец. Сёння тут пражывае каля 60 тысяч гараджан, а з улікам далейшых перспектыў у бліжэйшыя пяць гадоў іх колькасць павялічыцца да 100 тысяч. А гэта ўжо трэць ад усіх брэстаўчан.

Зараз транспартная сувязь паўднёва-заходніх і паўночна-ўсходніх раёнаў горада над Бугам ажыццяўляецца па бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, вуліцах Арджанікідзе, Брэсцкіх Дывізій, пуцеправодзе на вуліцы Леніна. Найбольш праблемнымі па пропуску транспартных сродкаў на паўднёва-заходняй ускраіне Брэста з’яўляюцца вуліцы Смірнова, Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, Зубачова, Чырвонагвардзейская і Лейтэнанта Рабцава. Гэтыя транспартныя артэрыі бяруць на сябе асноўную нагрузку па арганізацыі дарожнага руху ў цэнтральную і паўднёвую часткі горада. Для вырашэння праблем існуючых аўтамабільных патокаў кіраўніцтвам Брэстчыны быў дэталёва прааналізаваны генеральны план развіцця абласнога цэнтра і сфарміравана канцэпцыя аб тэрміновай неабходнасці рэканструкцыі дарожна-транспартнай інфраструктуры, стварэнні Заходняга абходу Брэста. Згодна з даручэннем Прэзідэнта Беларусі, дадзеным у час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць 29—30 кастрычніка 2010 года, была распрацавана схема гэтага сацыяльна значнага праекта.

Паводле прэзідэнцкага Указа № 11 ад 5 студзеня 2012 года «Аб будаўніцтве Заходняга абходу г. Брэста» яго плануецца ажыццявіць у 2012—2015 гадах. Першую чаргу здаць да канца бягучага года, другую — у 2015-м.

Адзіным заказчыкам выступае КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Брэсцкай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі», генпадраднай арганізацыяй — ААТ «Будаўнічы трэст № 8», генеральным праекціроўшчыкам — ААТ «Брэстпраект».

Такім чынам, у выніку адбудзецца аптымізацыя транспартных патокаў паміж левым і правым берагамі Мухаўца, памежных пераходаў «Варшаўскі мост» і «Казловічы». Заходні абход уключае ў сябе будаўніцтва аўтамабільнага маста праз Мухавец у створы вуліцы Зубачова з эстакадай ад дарогі Р-17, пуцеправода праз чыгунку, уладкаванне з’езда з аўтамагістралі М-1/Е30 у створы вуліцы Смірнова і рэканструкцыю вуліц Зубачова, Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, Смірнова.

На думку спецыялістаў, з пачаткам рэалізацыі праекта значна ўзрасла інвестыцыйная прыцягальнасць згаданых навакольных тэрыторый у цэнтры: адзін за адным на конкурснай аснове ўзнікаюць разнастайныя праекты. Безумоўна, Брэст мае багатае мінулае. І гэта ў тым ліку не толькі вяртанне да гістарычных вытокаў, але і погляд у перспектыву, будучае.

Паводле слоў Міхаіла Бажко, дырэктара КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Брэсцкай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі», летась на Заходні абход Брэста з усіх крыніц накіравана 111,4 мільярда рублёў. Нагадаем, што згодна з указам фінансаванне вядзецца ў наступных суадносінах: 75 працэнтаў з рэспубліканскага бюджэту, 25 % — ад Брэсцкай вобласці (у цэнах 2006 года). Агульны кошт праекта складзе 120 млн. долараў (у эквіваленце).

Будаўніцтва першай чаргі абходу зараз у самым разгары. Праца ідзе напружана і з асаблівым натхненнем: хуткімі тэмпамі ўзводзіцца аўтамабільны мост, выкарыстоўваюцца самыя сучасныя тэхналогіі. Неўзабаве з Варшаўскай шашы можна будзе трапіць у гістарычны цэнтр Брэста — Брэсцкую крэпасць, накіравацца на аўтамабілі па новай аўтадарозе на поўдзень — ва Украіну і ў адваротным накірунку — праз горад на поўнач. Калі захаваецца неабходны аб’ём фінансавання, будаўнікі гатовы з апярэджаннем графіка, да 28 ліпеня (Дня горада), увесці новы мост на Мухаўцы ў эксплуатацыю.

На думку брэстаўчан, каб згаданага аб’екта і не было, яго трэба было б прыдумаць… Паколькі менавіта стык старога і новага горада — справядлівае аднаўленне існуючых шмат стагоддзяў старадаўніх шляхоў і традыцыйных сувязей людзей, народаў розных краін.

Нагадаем, што будаўніцтва Заходняга абходу — шасціпалоснай брэсцкай магістралі, аўтамабільнага маста, які неафіцыйна названы «Кіеўскі», звязана яшчэ з адным даручэннем кіраўніка беларускай дзяржавы — стварэннем гісторыка-культурнага комплексу «Брэст» на тэрыторыі і ў межах цяперашняй Брэсцкай крэпасці (праца над ім таксама вядзецца. — Заўв. «Р»).

Несумненна, усё гэта ў комплексе значна паўплывае на развіццё сучаснага Брэста, турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і дазволіць зрабіць самы заходні горад Беларусі, па сутнасці, унікальным, зручным для жыцця і яшчэ больш прыцягальным для запамінальных вандровак нашых гасцей.

На здымку: кіраўнік Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр ПАЛЫШЭНКАЎ (справа) і дырэктар КУП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Брэсцкай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі» Міхаіл БАЖКО ў час абмеркавання праекта.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter